«Зь зьместу гэтага ліста бачна, што такія патрабаваньні-прэтэнзіі фінансавага характару да Беларускай чыгункі (БЧ) — ня разавае непаразуменьне, якое перарасло ў прэтэнзію. У дакумэнце згадваюцца 44 асобныя выпадкі, што мелі месца цягам 2025 і ў пачатку 2026 году», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.
Паводле Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў, гэта стандартныя апэрацыйна-тэхналягічныя выдаткі, абумоўленыя спэцыфікай чыгуначнага транспарту — затрымкі вагонаў, манэўровая праца, дадатковыя зборы на чыгуначнай інфраструктуры іншых краін, падвышаныя тарыфы. Але адказнасьць за гэта павінна разьмяркоўвацца паміж удзельнікамі перавозак згодна зь іхнымі зонамі абслугоўваньня.
«Значная частка выдаткаў на перавозку фармуецца па-за тэрыторыяй Беларусі. У іх уваходзяць, у тым ліку, рашэньні мясцовых адміністрацыяў, найперш расейскага і казахстанскага бакоў, тарыфная палітыка гэтых краін, дзейныя там нарматыўныя абмежаваньні, забароны і санкцыйныя меры», — адзначылі ў арганізацыі.
Такім чынам, Беларуская чыгунка вымушана аплочваць наступствы кіроўных рашэньняў удзельнікаў перавозак зь іншых краін, на якія яна ня мае ўплыву.
«Беларуская чыгунка ўсё хутчэй і больш відавочна рухаецца ў „абдымкі“ ААТ „Российские железные дороги“», — мяркуюць у Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў.
Форум