Згодна з інфармацыяй супольнасьці, без рухомага складу засталіся «дзьве пары цягнікоў на ўчастку Менск – Берасьце».
«Аднак правядзеньне пазаплянавага тэхнічнага агляду, падобна, не прынесла неабходнага эфэкту — затрымкі цягнікоў з прычыны няспраўнасьці электрацягнікоў ЭПм працягваюцца», — адзначылі ў Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў.
У арганізацыі мяркуюць, што прычына тэхнічнага агляду была дастаткова сур’ёзнай і калі не наўпрост пагражала бясьпецы цягнікоў, то прынамсі стварала патэнцыйную пагрозу істотнага парушэньня графіку іх руху.
«Паломкі рухомага складу такога тыпу ў дарозе, як правіла, заканчваюцца шматгадзіннымі затрымкамі цягнікоў на ўчастку і спадарожнымі недахопамі ў абслугоўваньні пасажыраў з боку Беларускай чыгункі, такімі, як, напрыклад, немагчымасьць або нежаданьне арганізаваць дастаўку пасажыраў, якія спазьніліся на грамадзкі транспарт, да месца жыхарства ў начны час, а таксама дадатковымі рэпутацыйнымі стратамі», — адзначаецца ў паведамленьні.
У Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў мяркуюць, што паломкі швайцарскіх цягнікоў адбыліся ў выніку не вытворчых дэфэктаў, а парушэньня рэжыму іх эксплюатацыі, праз што могуць заблякавацца мікрапрацэсарныя сыстэмы кіраваньня.
Апошнім часам Беларуская чыгунка паведамляла аб спыненьнях і затрымках некалькіх пасажырскіх цягнікоў, а ў пачатку лютага — аб замене складу цягнікоў міжрэгіянальных лініяў бізнэс-клясы, якія курсавалі на маршрутах Менск – Віцебск і Менск – Магілёў. Замест сучасных польскіх дызэль-цягнікоў ДП-6 на маршруты адправілі звычайныя цягнікі зь лякаматывамі.
Форум