Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інцыдэнт зь беларускім аўтобусам у Бранскай вобласьці Расеі: новыя дэталі і ацэнкі

Беларускі аўтобус пасьля інцыдэнту ў Бранскай вобласьці, стоп-кадар дзяржаўнага выданьня news.by
Беларускі аўтобус пасьля інцыдэнту ў Бранскай вобласьці, стоп-кадар дзяржаўнага выданьня news.by

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на розную рэакцыю ўладаў Беларусі і Расеі на новы інцыдэнт зь беларускім аўтобусам у Бранскай вобласьці.

Інцыдэнт ня толькі з аўтобусам, але і з фурамі

Расейскія ўлады і дзяржаўныя мэдыя Беларусі паведамілі, што 2 ліпеня на стаянцы памежнага пункту пропуску «Красны Камень» у Бранскай вобласьці Расеі «дрон ударыў» у аўтобус, які ехаў маршрутам Менск — Гомель — Анапа.

У ім былі 12 пасажыраў. Двое кіроўцаў атрымалі лёгкія раненьні.

Позна ўвечары дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны» паведаміў, што ў выніку інцыдэнту пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку адзін пасажыр. Усе атрымалі патрэбную дапамогу, пагрозы жыцьцю няма.

«Апроч аўтобусу, ад удару пацярпелі тры беларускія фуры — адна зь іх згарэла цалкам», — паведаміў тэлеканал.

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч у этэры тэлеканалу АНТ адзначыў, што гэтым разам дрон быццам ударыў у аўтобус ненаўмысна.

«Аўтобус беларускі ня выбраны знарок для, скажам так, цэлі паражэньня. Гэта аўтобус, які выпадкова перасоўваўся па тэрыторыі Бранскай вобласьці, і бесьпілётнік, які выпадкова ўпаў па дарозе паміж дзьвюма трасамі».

Ён нагадаў, што ўлады папярэджвалі грамадзянаў, каб устрымаліся ад паездак у суседнюю Расею.

Расейскія СМІ абвінавацілі Ўкраіну ў наўмысным удары па цывільных аб’ектах, але ўкраінскі бок зьняпраўдзіў абвінавачаньні і назваў іх «сьвядомай і цынічнай правакацыяй».

Інстытут вывучэньня вайны: Расея апраўдвае новыя ўдары па Ўкраіне інцыдэнтамі зь беларускімі аўтобусамі

«Сакратар Савету бясьпекі Беларусі генэрал-лейтэнант Аляксандар Вальфовіч 2 ліпеня заявіў, што беларусам варта ўстрымацца ад паездак у Расею ў цяперашні час, і прызнаў факт удару, але не абмяркоўваў паходжаньня ўдару, у прыватнасьці, устрымаўся ад прыпісваньня ўдару ўкраінскім войскам. Беларускія чыноўнікі працягваюць унікаць прыняцьця крамлёўскіх ілжывых заяваў, якія спрабуюць паказаць Украіну як пагрозу для Беларусі», — сказана ў справаздачы ISW за 2 ліпеня.

Паводле экспэртаў, першы інцыдэнт зь беларускім аўтобусам, які адбыўся на тэрыторыі Бранскай вобласьці 17 чэрвеня, расейскія службоўцы выкарысталі, каб апраўдаць наступныя далёкабойныя ўдары па Ўкраіне, і могуць зрабіць тое ж самае і цяпер.

Гэта ўжо другі інцыдэнт зь беларускім аўтобусам у Расеі за апошні час

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG