Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Астраўная мэдыцына», высокая сьмяротнасьць, недаступныя лекі, няроўны доступ. Галоўныя высновы незалежнага аналізу беларускай мэдыцыны

Ілюстрацыйны каляж.
Ілюстрацыйны каляж.

Сьцісла

  • Беларусь мае адну з найвышэйшых у рэгіёне сьмяротнасьцяў ад сэрцава-судзінных хваробаў.
  • Доступ да якаснай мэдычнай дапамогі ў Менску і рэгіёнах істотна адрозьніваецца.
  • Беларусы губляюць доступ да многіх сучасных замежных лекаў.
  • Выдаткі на ахову здароўя ў Беларусі ніжэйшыя, чым у суседніх краінах ЭЗ і Расеі.
  • Нізкія заробкі мэдсёстраў паскараюць адток кадраў з мэдыцыны.
  • Сыстэма эканоміць на лячэньні часткі рэдкіх захворваньняў і раньняй дыягностыцы.
  • Экспэрты называюць беларускую ахову здароўя «астраўной мэдыцынай», дзе сучасны ўзровень даступны толькі ў асобных цэнтрах.

Чаму сыстэму аховы здароўя Беларусі можна назваць астраўной мэдыцынай? Чаму ў Беларусі найвышэйшая ў рэгіёне сьмяротнасьць ад сэрцава-судзінных хваробаў? Чаму сучасныя лекі не пастаўляюць у Беларусь? І чаму пабудова новых шпіталёў не паляпшае якасьць мэдыцыны?

Пра гэта пагаварылі з аўтарамі незалежнага аналізу беларускай сыстэмы аховы здароўя — прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) доктарам Станіславам Салаўём і былым кіраўніком аддзяленьня абласнога шпіталю доктарам Мікалаем C., які пажадаў захаваць ананімнасьць дзеля бясьпекі.


Дзяржаўныя СМІ і прадстаўнікі ўлады апісваюць беларускую сыстэму аховы здароўя як стабільную і ўстойлівую: у краіне адкрываюцца новыя мэдычныя цэнтры, разьвіваюцца высокатэхналягічныя кірункі, расьце экспарт паслугаў, умацоўваецца кадравая база і паступова ўкараняюцца лічбавыя рашэньні. Што насамрэч стаіць за прыгожымі словамі і лічбамі?

Група актывістаў незалежнага прафсаюзу мэдыкаў пад кіраўніцтвам намесьніка прадстаўніцы АПК у сацыяльнай палітыцы Станіслава Салаўя пры спрыяньні Фонду мэдычнай салідарнасьці ByMedSol, мэдыяпраекту «Белыя халаты», пры дапамозе ініцыятывы BelPol падрыхтавалі незалежны аналіз беларускай сыстэмы аховы здароўя. Дасьледаваньне заняло некалькі гадоў. Прапануем вам галоўныя высновы з камэнтарамі і тлумачэньнямі экспэртаў.

Найвышэйшая ў рэгіёне сьмяротнасьць ад сэрцава-судзінных хваробаў. У чым прычына?

Выснова з аналізу: «Узростава-стандартызаваная сьмяротнасьць ад сэрцава-судзінных захворваньняў у Беларусі — 467 на 100 тысяч чалавек у 2021 годзе — у 3,5 раза вышэйшая, чым у Нямеччыне, у 2,1 раза вышэйшая, чым у Польшчы, і ў 1,2 раза вышэйшая, чым у Расеі. Аб’ём першаснага празскурнага каранарнага ўмяшаньня пры STEMI — інфаркце міякарду з пад’ёмам сэгмэнту ST — дасягае 68%, у той час як у краінах ЭЗ за стандарт прынятыя 90–95%».

Доктар Станіслаў Салавей тлумачыць гэтыя паказьнікі ня толькі якасьцю мэдычнай дапамогі ў Беларусі:

«Мэдыцына адказвае толькі прыкладна за 10% працягласьці жыцьця. Усё астатняе — гэта лад жыцьця: злоўжываньне алькаголем, курэньне, дрэннае харчаваньне, брак фізычнай актыўнасьці, экалягічная сытуацыя і генэтыка. Калі дзяржава стварае ўмовы, пры якіх насельніцтва шмат п’е і курыць, гэта непазьбежна будзе ўплываць на сьмяротнасьць. Калі ж казаць пра сучасную мэдыцыну, то ў Беларусі ў параўнаньні зь Нямеччынай ці Польшчай каля 30% пацыентаў не атрымліваюць своечасовай дапамогі пры інфаркце».

Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

Былы загадчык аддзяленьня доктар Мікалай акцэнтуе ўвагу на розным узроўні мэдычнай дапамогі ў сталіцы і рэгіёнах.

«Размова ідзе пра дзясяткі тысяч пацыентаў. Адна рэч, калі ты схапіў інфаркт ці інсульт у Менску, дзе мора сучасных цэнтраў і ёсьць лекі. І другая, калі ты ў раённым цэнтры. Гэта вялізарная розьніца. Кіраўніцтва купляе ў раённыя шпіталі новае абсталяваньне — МРТ, КТ, ангіёграф (высокадакладны рэнтгенаўскі апарат для візуалізацыі крывяносных судзінаў і сэрца, ужываецца для дыягностыкі і малаінвазіўных апэрацыяў. — РС). А яны патрабуюць расходнікаў, на якія раёну проста не вылучаюць грошай. Гэтае абсталяваньне мае тэрміны дзеяньня, праз пэўны час яго трэба мяняць, рамантаваць, усталёўваць новае. На гэта таксама грошай няма. Адсюль праблема хранічнага адставаньня ад сучаснага ўзроўню аказаньня мэдычнай дапамогі».

Як сучасныя замежныя лекі перасталі быць даступнымі для беларусаў

Выснова з аналізу: «Зь беларускага рынку пайшлі некалькі вядучых вытворцаў сучасных лекавых сродкаў — Eli Lilly, Johnson&Johnson/Janssen, Bristol-Myers Squibb, Merck/MSD, NovoNordisk. Іншыя рэзка скарацілі асартымэнт сучасных прэпаратаў — Novartis, GlaxoSmithKline/GSK, Sanofi. Гэта не заўсёды азначае поўнае спыненьне паставак, але зьніжае ўстойлівасьць доступу да сучасных прэпаратаў і сэрвіснай падтрымкі».

Экспэрты, зь якімі мы пагутарылі, падкрэсьліваюць, што фармальна санкцыі ЭЗ і ЗША, як правіла, не накіраваныя проста на лекі і мэдычныя вырабы, аднак на практыцы мэдычны сэктар быў закрануты банкаўскімі абмежаваньнямі, лягістычнымі праблемамі, рэпутацыйнымі рызыкамі, сыходам або скарачэньнем актыўнасьці асобных пастаўнікоў і зьменаю мадэляў дыстрыбуцыі.

Доктар Мікалай канстатуе, што лекавае забесьпячэньне беларускай мэдыцыны моцна адстае ад сучаснага.

«Усе гэтыя фірмы працавалі калісьці ў Беларусі. Каб увезьці лекі ў Беларусь, яны павінны прайсьці ўсе этапы рэгістрацыі. Гэта дорага, сам рынак невялікі, да таго ж існуюць рэпутацыйныя рызыкі супрацы зь Беларусьсю. У выніку многія перадавыя фармацэўтычныя фірмы проста вырашаюць: „Ды ну вас, ня будзем мы гэтым займацца“. У выніку беларусы пазбаўляюцца доступу да многіх сучасных прэпаратаў. Зараз жа ў сьвеце вялізарны прарыў у анкалёгіі, у гематалёгіі. Вялізарныя дасягненьні, якія рэальна падаўжаюць жыцьцё, паляпшаюць якасьць лячэньня, і шмат што з гэтага ў Беларусь проста не трапляе».

Беларусь — краіна зь мінімальнай доляй выдаткаў на ахову здароўя

Выснова з аналізу: «Беларусь траціць на ахову здароўя каля 6,6% валавога ўнутранага прадукту (ВУП), або прыблізна 2200 даляраў з улікам парытэту пакупніцкай здольнасьці на чалавека ў год. Гэта істотна ніжэй за сярэдні ўзровень ЭЗ — 10,5% ВУП і каля 6700 даляраў на чалавека — ніжэй, чым ува ўсіх суседніх краінах ЭЗ, а таксама ў Расеі. Латвія траціць на аднаго жыхара ў 1,4 раза больш, Літва і Польшча — у 1,8–1,9 раза, Нямеччына — у 4 разы больш».

Паводле Станіслава Салаўя, да недастатковага фінансаваньня дадаецца яшчэ праблема неэфэктыўнага выдаткаваньня грошай на мэдыцыну. Беларуская сыстэма аховы здароўя траціць вялізарныя сродкі на неэфэктыўных выдатках, уважае экспэрт.

«У Беларусі кардыялягічных ложкаў больш, чым у Польшчы, але вынікі горшыя. Магчыма, рэч ня ў колькасьці месцаў у шпіталі, куды пакласьці пацыента... Шмат пацыентаў шпіталізуюць тады, калі яны маглі б лячыцца дома. Іх затрымліваюць у стацыянары даўжэй, чым гэта неабходна. Усё гэта дадатковыя выдаткі. Ёсьць раённыя шпіталі ў вельмі малых гарадах, дзе не хапае ні абсталяваньня, ні дасьведчанага пэрсаналу. Калі хірург не апэруе штодня, ён траціць кваліфікацыю. Але такія ўстановы надалей фінансуюцца і выконваюць хутчэй сацыяльную, а не мэдычную функцыю. Мы трацім вялізарныя грошы на рэчы, якія не ўплываюць на якасьць мэдычнай дапамогі. Напрыклад, хуткая дапамога прыяжджае да чалавека толькі таму, што ў яго падняўся ціск або тэмпэратура ў дзіцяці 37,5°. Менавіта праз гэта ў нас няма санітарнай авіяцыі, няма мэдычных верталётаў, якія ёсьць ува ўсіх эўрапейскіх краінах. Хуткая дапамога павінна выконваць адну задачу: стабілізаваць чалавека, які знаходзіцца паміж жыцьцём і сьмерцю, і даставіць яго ў шпіталь. А не займацца тым, што фактычна ператвараецца ў ролю сацыяльнага таксі».

Салавей падкрэсьлівае іншую праблему: дзяржава нібыта зарабляе на продажы алькаголю і тытуню, але фактычна траціць больш, бо потым вымушана лячыць хваробы, выкліканыя гэтымі залежнасьцямі.

Паводле доктара Мікалая, праблема палягае таксама ў непрапарцыйным разьмеркаваньні сродкаў.

«Улады заяўляюць, што ў нас сацыяльная дзяржава, што Канстытуцыя гарантуе ўсім якасную, даступную і роўную мэдычную дапамогу. Але пры такім узроўні фінансаваньня гэта немагчыма. Дзяржава вызначае і закладае ў заканадаўства аб’ём мэдычнай дапамогі, які яна можа даць чалавеку. Але вызначаецца ня тое, што чалавеку сапраўды патрэбна, а тое, што дзяржава можа сабе дазволіць. Ня тое, якія лекі неабходныя, якія дасьледаваньні трэба зрабіць і як хутка іх правесьці, а тое, што можна прафінансаваць. А калі грошай мала, яны канцэнтруюцца там, дзе знаходзіцца кіраўніцтва. Таму ўзровень мэдычнай дапамогі ў Менску і ў раённым цэнтры — гэта зусім розныя гісторыі».

Пры гэтым улады ня маюць стратэгічнага бачаньня на пяць ці дзесяць гадоў наперад, кажа доктар Станіслаў Салавей:

«Будуюцца новыя шпіталі, і гэта добра. Але ці ёсьць аналіз патрэбы ў такой колькасьці ложкаў? Часта гэта выглядае так, што будуюць дзеля самога будаўніцтва. Закупляецца дарагое абсталяваньне, але спэцыялісты не навучаныя працаваць на ім. Купіць добрую машыну — але калі не мяняць аліву і не абслугоўваць яе, яна перастане езьдзіць. Тое самае адбываецца і ў мэдыцыне. Апаратура ёсьць, але часта бракуе матэрыялаў для яе працы. У справаздачах усё выглядае прыгожа: стаяць пятнаццаць ангіёграфаў. Але калі расходных матэрыялаў хапае толькі на працу пяці зь іх, то карысьць ад такой статыстыкі вельмі ўмоўная».

Заробкі мэдыкаў. Чаму сыходзяць мэдсёстры

Выснова з аналізу: «Сярэдні заробак беларускага лекара ў 2025 годзе склаў 1207 даляраў да адлічэньня падаткаў — ён у 2–3 разы ніжэйшы, чым у Латвіі і Літве, у 3–4 разы ніжэйшы, чым у Польшчы, і ў 5–7 разоў ніжэйшы, чым у Нямеччыне. Заробак сярэдняга мэдычнага пэрсаналу складае 76,1% ад сярэдняга заробку ў краіне, што ўзмацняе адток спэцыялістаў з галіны нават унутры краіны».

Доктар Мікалай канстатуе, што ў Беларусі сапраўды павышаць заробкі мэдыкам, але ёсьць нюансы.

«Заробкі дактароў у Беларусі ўсё роўна саступаюць заробкам іхных калег у суседніх краінах. Але пры гэтым яны вышэйшыя за сярэднія ў Беларусі. А вось заробкі мэдсёстраў катастрафічна адстаюць ад суседзяў, і яны ніжэйшыя за сярэднія заробкі па Беларусі. Калі мы лічым, што мэдсястра — гэта высокакваліфікаваны спэцыяліст, які хоць і ня мае вышэйшай адукацыі, але валодае вельмі высокімі кампэтэнцыямі, то такая праца павінна аплачвацца адпаведна. Гэтыя кампэтэнцыі высока цэняцца ўва ўсім сьвеце. Больш за тое, у сьвеце існуе вялікі дэфіцыт мэдсёстраў. Таму амаль паўсюль іхныя заробкі вышэйшыя за сярэднія ў краіне. У Беларусі — ніжэйшыя. У выніку адбываецца вялікі адток з прафэсіі. Мэдычныя каледжы рыхтуюць шмат спэцыялістаў, яны прыходзяць працаваць, сутыкаюцца з рэальнасьцю, зь нізкімі заробкамі і ня вельмі высокім сацыяльным статусам сваёй прафэсіі. І значная частка сыходзіць. Гэта вялікая праблема».

Для параўнаньня: у краінах ЭЗ шпітальныя мэдсёстры ў сярэднім атрымліваюць прыблізна на 20% больш за сярэдні заробак усіх працаўнікоў у сваёй краіне, што відаць зь міжнародных супастаўленьняў.

Рэдкія захворваньні з высокай сьмяротнасьцю і наяўным лячэньнем. Чаму няма скрынінгу і лячэньня СМА

Выснова з аналізу: «Беларусь не ўвяла нацыянальны скрынінг нованароджаных на сьпінальную мускульную атрафію (СМА), у той час як у Польшчы, Літве і Расеі ён ужо праводзіцца. Прэпараты для лячэньня СМА пералічаныя ў клінічным пратаколе, але ня ўключаныя ў Рэспубліканскі фармуляр. Дзяржава не забясьпечвае лячэньне, яно залежыць ад дабрачынных збораў».

Доктар Мікалай згадвае, як Аляксандар Лукашэнка ў сьнежні 2025 году заяўляў, што дзяржава прыкладае максымум намаганьняў для выратаваньня дзяцей з самымі цяжкімі дыягназамі.

«Але перад намі прыклад сьпінальнай мускульнай атрафіі. Гэта рэдкае, але добра вядомае захворваньне. У Беларусі няма ўсеагульнага скрынінгу нованароджаных на гэтае захворваньне. У Літве, Польшчы і нават у Расеі такі скрынінг ужо існуе. Гэта дазваляе выявіць праблему на раньняй стадыі і пачаць лячэньне своечасова, калі яно найбольш эфэктыўнае. У Беларусі гэтага няма. І галоўная прычына, на наш погляд, у тым, што пасьля дыягностыкі дзяржаве давядзецца аплачваць дарагое лячэньне. Мы бачым супярэчнасьць паміж словамі і рэальнымі дзеяньнямі. Фактычна дзяржава эканоміць на такіх дзецях. Падобных захворваньняў некалькі. Саміх дзяцей няшмат, але іх лячэньне патрабуе значных сродкаў. І менавіта стаўленьне да такіх выпадкаў паказвае ўзровень сучаснасьці сыстэмы аховы здароўя».

Платныя паслугі ў дзяржустановах павялічваюць няроўнасьць у доступе да якаснай мэдыцыны

Выснова з аналізу: «Дзяржаўныя ўстановы афіцыйна аказваюць платныя дыягнастычныя і хірургічныя паслугі ў выходныя і сьвяточныя дні — 130 тыс. паслуг у 108 установах за год. Гэта стварае канкурэнтную матывацыю ўнутры дзяржаўнай сыстэмы і не разьвязвае праблему чэргаў паводле мэдычных паказаньняў, павялічваючы няроўнасьць у доступе да паслуг».

З 2023 году быў пашыраны пералік платных паслуг у дзяржаўных шппіталях і паліклініках, у тым ліку ў выходныя і сьвяточныя дні. У 2025 годзе ў яго ўжо ўваходзілі ня толькі «камфортныя» паслугі, але і дыягностыка, апэрацыі, анэстэзіялягічнае забесьпячэньне, іншыя важныя мэдычныя ўмяшаньні. Экспэрты канстатуюць, што фармальна бясплатная дапамога захоўваецца, але фактычна ўзьнікае двухузроўневая сыстэма: той, хто можа заплаціць, атрымлівае дапамогу хутчэй. У выніку людзі спачатку фінансуюць мэдыцыну праз падаткі, а потым часта вымушаныя плаціць яшчэ раз, каб не чакаць у чарзе.

Паводле экспэртаў, зь якімі мы пагутарылі, экспарт мэдычных паслуг і прыём замежных пацыентаў самі па сабе ня ёсьць праблемай. Аднак узьнікае пытаньне, чаму дзяржаўная сыстэма здольная знаходзіць рэсурсы для платных пацыентаў і іншаземцаў, але не можа забясьпечыць такую ж хуткасьць і даступнасьць дапамогі грамадзянам у межах гарантаванай бясплатнай мэдыцыны.

Што ня так з падрыхтоўкай мэдычных спэцыялістаў

Высновы з аналізу. «Беларускі выпускнік дапускаецца да самастойнай працы пасьля 11-месячнай інтэрнатуры, у той час як у Польшчы, Літве і Латвіі рэзыдэнтура займае 3–6 гадоў. Кароткатэрміновая перападрыхтоўка дазваляе зьмяніць спэцыяльнасьць за некалькі месяцаў. Кароткі тэрмін падрыхтоўкі прыводзіць да зьніжэньня якасьці дапамогі і павышэньня рызык для пацыентаў».

Доктар Мікалай адзначае, што ўзровень базавай падрыхтоўкі беларускіх мэдыкаў даволі высокі, і гэта добра відаць па тых спэцыялістах, якія зьехалі за мяжу і пасьпяхова працуюць там. Але ёсьць сур’ёзная праблема з пасьлядыплёмнай падрыхтоўкай, кажа экспэрт:

«Нашы лекары атрымліваюць доступ да самастойнай працы значна раней, чым іх заходнія калегі. Калі ў Беларусі дастаткова году падрыхтоўкі, то на Захадзе гэта тры-пяць гадоў пад наглядам больш дасьведчаных спэцыялістаў. Яшчэ адна праблема — даступнасьць спэцыялістаў. Калі ў Польшчы чалавек доўга чакае прыёму ў нэўроляга, то ў выніку ён трапляе да сапраўднага нэўроляга. А ў беларускім раённым цэнтры гэта можа быць тэрапэўт, якога нядаўна перавялі на такую пасаду пасьля кароткіх курсаў. Гэта зусім іншы ўзровень якасьці дапамогі».


Доктар Станіслаў Салавей згадвае нядаўні выпадак у Дуброўне, калі малады чалавек праз мэдычную памылку страціў руку.

«Лекар прызнаў сваю памылку. Але ён быў абдамінальным хірургам, а не траўматолягам. У шпіталі проста не было траўматоляга. Акрамя таго, ён працаваў пасьля заканчэньня зьмены. У выніку пакаралі толькі лекара. А тое, што ў шпіталі няма патрэбнага спэцыяліста і што людзі працуюць на зьнясіленьне, сыстэма праблемаю ня лічыць. Сёньня паводле закону можна за месяц перакваліфікаваць тэрапэўта ў эндакрыноляга. Чалавек пачынае працаваць адразу, а на курсы можа паехаць толькі празь некалькі месяцаў. Пра якую якасьць дапамогі тут можна гаварыць? Праблема ня ў лекарах. Яны стараюцца зрабіць усё магчымае. Але калі няма паўнавартаснай адукацыі, няма сучасных матэрыялаў, няма практыкі і няма нармальных умоваў працы, вынік будзе адпаведны».

Кадравая палітыка і зваротная сувязь: «Сыстэма зарыентаваная на аднаго чалавека — Лукашэнку»


Высновы з аналізу: «Утрыманьне мэдычных кадраў забясьпечваецца разьмеркаваньнем, пяцігадовай адпрацоўкай «мэтавікаў», ростам колькасьці пенсіянэраў, якія працуюць, — на 10,8% за 2025 год сярод лекараў — і сумяшчэньнем на ўзроўні 1,25. Пасьля 2020 году зьліквідаваныя незалежныя прафсаюзы і больш за 2000 некамэрцыйных арганізацыяў, што пазбавіла сыстэму публічных каналаў прафэсійнай зваротнай сувязі.

Доктар Мікалай спасылаецца і на ўласны досьвед кантактаў з начальствам, калі ён працаваў у Беларусі загадчыкам аддзяленьня абласнога шпіталю.

«Высокія мэдычныя начальнікі, калі прыяжджаюць у рэгіёны з праверкамі, часта шчыра зьдзіўляюцца ўбачанаму, бо ня маюць сапраўднай зваротнай сувязі. Арганізацыі пацыентаў фактычна зьліквідаваныя, мэдыкі пазбаўленыя магчымасьці адкрыта гаварыць аб праблемах. Уверх ідзе толькі прыгожая справаздачнасьць. Мы калісьці выкарыстоўвалі тэрмін „фасадная мэдыцына“. Але падчас працы над дакладам зьявіўся яшчэ адзін тэрмін — „астраўная мэдыцына“. Гэта азначае, што ў краіне існуюць асобныя цэнтры вельмі высокага ўзроўню. Пераважна ў Менску, часткова ў абласных цэнтрах, а часам і ў раёнах. Там могуць аказваць дапамогу паводле сучасных стандартаў. Але гэта толькі асобныя астравы. Распаўсюдзіць такі ўзровень на ўсю краіну не хапае ні сродкаў, ні рэсурсаў. Што датычыць „фасаднай мэдыцыны“, то гэта імкненьне кіраўніцтва трансьляваць наверх дэманстрацыю выключна прыгожай карціны. Уся сыстэма зарыентаваная на аднаго чалавека — Лукашэнку. Менавіта яму паказваюць, што ўсё добра. Калі ён у Горадні заявіў, што мэдыкаў хапае, то, магчыма, яму сапраўды хапае. Але астатнім людзям — не».

Некалькі гадоў таму экспэрты падлічылі, што Беларусь траціць каля чатырох зь дзесяці падрыхтаваных лекараў. Дзяржава замест таго, каб разьбірацца з прычынамі, проста павялічвае тэрмін абавязковай адпрацоўкі, кажа доктар Салавей. Паводле экспэрта, зваротныя сувязі ў сыстэме аховы здароўя разбураныя.

«Міністэрства аховы здароўя ня ведае, што адбываецца ў канкрэтным шпіталі, часам нават у канкрэтнай вобласьці. Калі зьверху спускаецца плян і патрэбныя паказьнікі, людзі пачынаюць падганяць справаздачнасьць пад патрэбны вынік. У выніку ў нас нібыта няма ўскладненьняў, няма праблемаў. Але гэта сьведчыць толькі пра тое, што сыстэма не бачыць рэальнай карціны. Напрыклад, як можна растлумачыць, што паказьнікі сэрцава-судзінных захворваньняў у Гомельскай і Берасьцейскай вобласьцях адрозьніваюцца ў чатыры разы? Гэта практычна немагчыма. Значыць, дзесьці пішуць больш, а дзесьці менш. Якое можа быць кіраваньне, калі няма дакладнай статыстыкі?»

Доктар Салавей канстатуе яшчэ адну праблему — брак сыстэмнага аналізу памылак.

«Калі нешта адбываецца, вінаватым заўсёды прызнаюць канкрэтнага выканаўцу. Сыстэмных праблемаў нібыта не існуе. Калі глядзець на тое, што адбываецца сёньня, то галоўная лёгіка — проста ўтрымацца і перажыць яшчэ год-два».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG