Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праграма для галоўнага пацыента краіны»: што ня так з «Здароўем нацыі»

Архіўнае ілюстрацыйнае фота.
Архіўнае ілюстрацыйнае фота.

Што зьменіцца для пацыентаў і мэдыкаў у адпаведнасьці зь дзяржаўнай праграмай «Здароўе нацыі»? Што акрамя абмежаваньня абортаў прадугледжвае новы Кодэкс аб ахове здароўя? 98 мільярдаў рублёў на мэдыцыну на пяць гадоў — гэта шмат ці мала?

У «ПіКу Свабоды» абмяркоўваем з прадстаўнікамі Аб’яднага пераходнага кабінэту доктарам Станіславам Салаўём і эканамісткай Алісай Рыжычэнкай, а таксама з анколягам Надзеяй Пятроўскай.


1:30
У чым сутнасьць дзяржаўнай праграмы «Здароўе нацыі»?
7:16 Ці рэалістычная задачы і мэты, пастаўленыя ў пяцігадовай праграме разьвіцьця мэдыцыны?
13:03 За кошт якіх канкрэтных хваробаў улады разьлічваюць зьнізіць сьмяротнасьць?
14:15 Як фінансавалася мэдычная сфэра пасьля 2020 году і як гэты бюджэт выглядае ў параўнаньні з суседнімі краінамі?
18:50 Як у Беларусі будзе разьвівацца «лічбавая мэдыцына»?
23:30 Як выдаткоўваецца мэдычны бюджэт у Беларусі і краінах Эўразьвязу?
26:42 Што з прыняцьцем новага Кодэксу аб ахове здароўя зьменіцца для пацыентаў і мэдыкаў у Беларусі?
29:02 Ці здольная дзяржаўная праграма зьменшыць разрыў паміж сталіцай і рэгіёнамі ў якасьці мэдычнай дапамогі?
35:17 Як суадносяцца бюджэты на сыстэму аховы здароўя і на сілавыя структуры ў Беларусі?
37:09 Як новы Кодэкс можа зьмяніць статус мэдыкаў і правы пацыентаў?
41:17 Ці змогуць Кодэкс аб ахове здароўя і дзяржпраграма «Здароўе нацыі» паўплываць на адток кадраў з краіны і на іншыя праблемы ў сфэры аховы здароўя?
42:33 Ці рэальна і ці трэба правесьці мэдычную рэформу ў Беларусі?

Тут фрагмэнты гутаркі з намесьнікам прадстаўніцы Аб’яднанага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, доктарам гінеколягам-анколягам Станіславам Салаўём.

— Беларускі ўрад прыняў дзяржаўную праграму «Здароўе нацыі» на 2026–2030 гады. Сярод асноўных мэтаў праграмы павелічэньне чаканай працягласьці жыцьця да 76,5 гадоў да 2030 году, а таксама скарачэньне агульнага каэфіцыента сьмяротнасьці. Гэта вялікі праграмны дакумэнт, давайце паспрабуем дасьціпна патлумачыць нашай аўдыторыі яго сутнасьць. На што вы найперш зьвяраеце ўвагу ў гэтым дакумэнце?

— На жаль, гэта дэкляраваныя пляны. Казаць, што мы жадаем павялічыць працягласьць жыцьця, вельмі добра, але што мы для гэтага будзем рабіць? У дакумэнце пазначаецца, што звычкі, якія фарміруюцца вельмі рана, напрыклад, паленьне тытуню, ужываньне алькаголю, маюць вялікі ўплыў. Гэта сапраўды так. Што з гэтым будзе дзяржава рабіць? На жаль, вытворчасьць алькаголю і тытунёвых вырабаў — гэта дзяржаўны бізнэс.

Калі мы кажам пра тое, на што можам паўплываць, то гэта скрынінг дзеля выяўленьня каларэктальнага рака, праца з дыябэтам, ракам прадсталёвай залозы... Трэба толькі спадзявацца на тое, што грамадзтва будзе больш асэнсавана ставіцца да свайго здароўя, бо на самой справе мэдыцына мае толькі 10% уплыву на працягласьць жыцьця. Астатняе — гэта звычкі, харчаваньне, экалягічны фактар ды іншае.

Гэтая нацыянальная праграма, у якую з аднаго боку ўпісваюцца пункты пры вылучэньне грошай на пабудову новых шпіталяў, і тут жа грошы на рамонт даху ў дзіцячым рэабілітацыйным корпусе. Атрымліваецца, што ў дакумэнце «склеілі» стратэгічныя мэты і мікрамэнэджмэнт.

Таксама гаворыцца пра новыя тэхналёгіі і іх уплыў, пра тое, што мы павялічым колькасьць установаў, якія будуць ужываць штучны інтэлект. Калі я ўсталюю бясплатную вэрсію ChatGPT, ці гэта будзе лічыцца выкананьнем? То бок ёсьць паказьнікі, якія ўнесеныя проста, каб зрабіць і адсправаздачыцца.

У праграме ёсьць добрыя моманты — міжрэгіянальныя мэдычныя цэнтры. Гэта сапраўды вельмі важна, што іх ствараюць. Што да інфармацыйных тэхналёгій, то можна запытацца, а колькі ў нас шпіталёў працуюць на ліцэнзійным ліцэнзійным софце?

У праграме ёсьць пункт пра дыспансэрызацыю. Калі яны хочуць ахапіць якасна дыспансэрызацыяй 95% насельніцтва, калі гэта сапраўды зрабіць, то гэта можа мець уплыў. Але пры цяперашнім дэфіцыце кадраў, пры пяці хвілінах на пацыента і пры шалёным патоку немагчыма зрабіць якасную дыспансарызацыю. Ідэя харошая, але на яе рэалізацыю няма рэсурсаў, няма кадраў. Гэта будзе як з вакцынамі — будзе зьліў вакцыну ў ракавіну і назавуць добрыя лічбы вакцынацыі.

У Беларусі існуе шмат шпіталяў, у якіх проста шпіталізуюць пацыентаў, таму што ў мінздароўя ў пляне колькасьць коечных пацыентаў, але гэта не якасная мэдычная дапамога. Калі ў нас лекары ходзяць да гэтага часу на прыём дадому, калі тэмпэратура 37,5 у дзіцяці, то гэта не якасная мэдычная дапамога. Калі ты можаш заўтра трапіць да нэўролягу на тры хвіліны, то гэта не азначае кансультацыі нэўроляга.

Казаць, што ў Беларусі дрэнная сыстэма аховы здароўя, ні ў якім разе нельга. Трэба заўсёды падкрэсьліваць, што сыстэма працуе, у нас людзі атрымліваюць дапамогу. Тое, за што баліць душа ў мяне і ў маіх калег, гэта тое, што вылучаныя рэсурсы павінны выкарыстоўвацца па-іншаму і тады будуць лепшыя вынікі.

  • Дзяржаўная праграма «Здароўе нацыі» зацьверджаная Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 798 ад 30.12.2025 году і дзейная ў пэрыяд 2026–2030 гадоў. Агульны бюджэт — прыкладна 98 млрд беларускіх рублёў на пяцігодку. Тры ключавыя накірункі праграмы: «Прафіляктыка, дыягностыка, лячэньне» — разьвіцьцё прафіляктыкі і раньняй дыягностыкі захворваньняў, паляпшэньне доступу да якаснай мэдыцынскай дапамогі, у тым ліку ў рэгіёнах; «Цыфрызацыя і высокатэхналягічная мэдыцына» — укараненьне сучасных інфармацыйных сыстэм, тэлемэдыцыны, высокатэхналягічных мэтадаў лячэньня; «Інфраструктура аховы здароўя» — мадэрнізацыя і разьвіцьцё мэдыцынскіх арганізацый, кадравага патэнцыялу, стварэньне цэнтраў у рэгіёнах.
  • У Беларусі маецца намер падрыхтаваць і ўнесьці ў парлямэнт праект новага Кодэкса аб ахове здароўя да траўня 2026 году і падаць у Палату прадстаўнікоў у ліпені 2026 году. Пакуль не апублікаваны тэкст канчатковага праекта, таму дакладныя зьмены, якія будуць уключаны ў Кодэкс, у адкрытых афіцыйных крыніцах яшчэ не даступныя. Аднак у агульным кантэксьце такі Кодэкс, калі ён будзе прыняты, стаіць на мэце сыстэматызаваць і абнавіць існуючае заканадаўства па мэдыцынскай сфэры, можа ўключаць нормы аб правах пацыентаў, абавязках мэдыцынскіх арганізацый, мэханізмах фінансаваньня, рэгуляваньні фармацэўтычнага рынку, заменіць або дапоўніць дзеючыя разрозьненыя заканадаўчыя акты ў адзін кадыфікаваны акт.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG