Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што лепей — прыход доктара дадому ці бясплатныя лекі? Разьбіраем з экспэрткай бюджэт на ахову здароўя

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле дзяржаўнай праграмы «Здароўе нацыі», на сыстэму аховы здароўя прадугледжаны агульны бюджэт — прыкладна 98 мільярдаў беларускіх рублёў на пяцігодку.

У «ПіКу Свабоды» прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справах эканомікі Аліса Рыжычэнка ацаніла гэтыя лічбы і параўнала іх з тым, як фінансавалася мэдычная сфэра пасьля 2020 году, а таксама як гэты бюджэт выглядае ў параўнаньні з суседнімі краінамі.

— Калі мы глядзім на выдаткі бюджэту на ахову здароўя ў Беларусі з 2020 году, то істотных зьменаў не назіраем. У сярэднім штогод траціцца каля 18, 19, 20 мільярдаў беларускіх рублёў. Калі ж паглядзець на праграму новай пяцігодкі, то там лічбы вельмі падобныя — каля 98 мільярдаў на пяць гадоў, фактычна тыя ж 20 мільярдаў у год і выходзяць. Праблема ў тым, што рост выдаткаў на ахову здароўя ўлічвае толькі рост інфляцыі за папярэдні пэрыяд. Выдаткі крыху павялічваюцца ў намінальным выражэньні, але фактычна росту няма, бо гэты намінальны рост «зьядаецца» інфляцыяй. Параўноўваць з краінамі Эўрапейскага Зьвязу вельмі складана, бо розная структура бюджэтаў.

Аліса Рыжычэнка
Аліса Рыжычэнка

У Беларусі на ахову здароўя выдзяляюцца сродкі з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў — выключна з падатковых паступленьняў. У той жа час у эўрапейскіх краінах фінансаваньне аховы здароўя складаецца ня толькі з дзяржаўных укладаньняў, але і з прыватных унёскаў, у тым ліку аплаты паслугаў прыватных лекараў. Акрамя таго, існуюць абавязковыя ўзносы на мэдычнае страхаваньне, калі чалавек працуе як найманы работнік ці як індывідуальны прадпрымальнік. У Беларусі гэтага няма. Гэты артыкул бюджэту — абавязковыя страхавыя ўзносы — у іншых краінах даволі істотны. Таму параўноўваць не зусім карэктна, бо структуры бюджэтаў абсалютна розныя. Але калі глядзець на «голыя» лічбы, то, напрыклад, у Беларусі гэта каля 6 мільярдаў даляраў. Калі параўнаць з Польшчай, то там штогод на ахову здароўя выдаткоўваецца каля 50 мільярдаў даляраў, а ў Нямеччыне — каля 450 мільярдаў. Натуральна, мы ня можам наўпрост параўноўваць гэтыя краіны з прычыны абсалютна розных аб’ёмаў ВУП і колькасьці насельніцтва.

Іншае пытаньне, што ў цэлым у Беларусі на ахову здароўя выдаткоўваецца малы адсотак ад ВУП. І другое важнае пытаньне — як гэтыя сродкі расходуюцца. Калі паглядзець на новую праграму пяцігодкі, то там нібы ёсьць праграмы, якія гучаць вельмі прывабна, напрыклад, стварэньне цэнтралізаванай інфармацыйнай сыстэмы аховы здароўя. Здавалася б, усё правільна: такая сыстэма ўжо даўно павінна была запрацаваць у Беларусі. Чаму дактары дагэтуль пішуць усё на паперках? Няма ніякай цэнтралізаванай сыстэмы. Але калі паглядзець на практыку, то можна, напрыклад, працытаваць справаздачу выканкаму за мінулы год па паліклініках адносна ўкараненьня гэтай цэнтралізаванай інфармацыйнай сыстэмы.

Там даслоўна напісана: «Праблема: няма поўнага разуменьня на месцах ролі і функцый цэнтралізаванай інфармацыйнай сыстэмы аховы здароўя, тэхнічных парамэтраў, якія павінны быць забясьпечаныя кожнай арганізацыяй аховы здароўя — пачынаючы ад колькасьці аўтаматызаваных працоўных месцаў, стану лякальных вылічальных сетак і неабходнай колькасьці пэрсанальных кампутараў для рэалізацыі гэтых магчымасьцяў».

Калі перакласьці на зразумелую мову: у паліклініках пакуль нават не падлічылі, колькі ім трэба кампутараў, каб укараняць гэтую цэнтралізаваную сыстэму. Не кажучы ўжо пра навучаньне людзей і мэдычнага пэрсаналу — як уносіць туды зьвесткі і як усё гэта павінна функцыянаваць. Таму, на жаль, у мяне ёсьць вялікія асцярогі, што рэалізацыя гэтых праграм застанецца толькі на паперы, як гэта часта бывае ў Беларусі.

За прыгожымі словамі можа не стаяць ніякай эфэктыўнай рэалізацыі праграмы, якая сапраўды магла б палегчыць працу мэдыкам і зрабіць яе больш эфэктыўнай. Акрамя таго, трэба глядзець на структуру бюджэтных выдаткаў. На жаль, у нас няма дэталізацыі, бо ўсе гэтыя зьвесткі схаваныя. Але мы можам хаця б павярхоўна параўноўваць, на што трацяцца грошы ў Беларусі, з краінамі Эўрапейскага Зьвязу.

Напрыклад, у любой эўрапейскай краіне, калі вы захварэлі, вы ня зможаце выклікаць лекара дадому, які будзе прыходзіць да вас кожны дзень, калі ў вас проста тэмпэратура 37,5 ці 38, у адрозьненьне ад Беларусі. Пры гэтым вы можаце атрымаць лекі бясплатна або за мінімальную плату, калі ў вас ёсьць звычайнае дзяржаўнае страхаваньне.

Калі вы пэнсіянэр і лекар выпісвае вам лекі, вы атрымліваеце іх абсалютна бясплатна практычна ў любой эўрапейскай краіне, або за нейкую мінімальную суму. У адрозьненьне ад Беларусі, дзе пэнсіянэры вымушаныя траціць уласныя грошы на лекі. Таму гэтыя артыкулы выдаткаў вельмі важныя: куды і на што ідуць сродкі і як у выніку аказваецца мэдычная дапамога.

— Давайце параўнаем, колькі грошай дзяржава выдаткоўвае з бюджэту на сілавыя структуры і на ахову здароўя. Як гэта выглядала за апошнія пяць гадоў і на сёньняшні дзень?

— Калі разглядаць поўны бюджэт з улікам рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, то гаворка ідзе прыкладна пра штогадовыя выдаткі: на ахову здароўя — каля 20 мільярдаў, на сілавыя структуры і абарону — каля 10 мільярдаў. Але тут важна глядзець на дынаміку за пэрыяд.

За апошнія пяць гадоў сытуацыя істотна зьмянілася. Калі ў 2020 годзе выдаткі на абарону складалі каля 1,5% ад ВУП, то ў 2025 годзе гэта ўжо амаль 2,4% ад ВУП. Ваенныя выдаткі пастаянна павялічваюцца. Толькі за мінулы год рост выдаткаў на абарону і сілавыя структуры склаў плюс 26%. У адрозьненьне ад аховы здароўя, дзе рост склаў каля 13%, але з улікам інфляцыі ў 7% фактычны рост — менш за 7%.

Гэтая мілітарызацыя бюджэту адбываецца ўжо на працягу некалькіх апошніх гадоў. Разрыў паміж аб’ёмам выдаткаў дзяржаўнага бюджэту на ахову здароўя і на абарону паступова скарачаецца: выдаткі на абарону растуць, а ахова здароўя не павялічваецца такімі ж тэмпамі.

І гэта, на жаль, вельмі дрэнная тэндэнцыя, бо фокус увагі і фокус выдаткаў дзяржаўнага бюджэту рушыцца ў бок мілітарызацыі Беларусі, а ня ў бок сацыяльнай дзяржавы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG