Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт ацаніў, ці сапраўды беларускіх мэдыкаў рыхтуюць да вайны

Сэмінар «Асаблівасьці лячэньня пацыентаў з агнястрэльнай траўмай» у Віцебскім абласным шпіталі. 19 траўня 2026
Сэмінар «Асаблівасьці лячэньня пацыентаў з агнястрэльнай траўмай» у Віцебскім абласным шпіталі. 19 траўня 2026

19 траўня ў Віцебскім абласным шпіталі прайшоў навучальны сэмінар «Асаблівасьці лячэньня пацыентаў з агнястрэльнай траўмай» з удзелам спэцыялістаў Рэспубліканскага цэнтра па лячэньні агнястрэльных раненьняў на базе Галоўнага ваеннага клінічнага мэдцэнтру Ўзброеных Сіл Беларусі.

Як паведамляў раней тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя Беларусі, рашэньне аб правядзеньні падобных заняткаў у мэдычных установах прынялі сумесна міністар аховы здароўя і міністар абароны Беларусі.

У сэмінарах часта бяруць удзел і расейскія ваенныя мэдыкі. Адметна, што навучаюць ня толькі хірургаў і траўматолягаў, але і анколягаў, нэўролягаў ды іншых мэдычных спэцыялістаў.

На сэмінары ў Віцебскім шпіталі кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра па лячэньні агнястрэльных раненьняў, галоўны пазаштатны спэцыяліст Міністэрства аховы здароўя па агнястрэльных траўмах Аляксей Трухан прадставіў даклады «Памылкі пры выкананьні хірургічнай апрацоўкі агнястрэльных ран» і «Шматэтапнае хірургічнае лячэньне пры агнястрэльных траўмах жывата».

Галоўны пазаштатны траўматоляг Узброеных Сіл Беларусі Канстанцін Фёдараў зрабіў акцэнт на асаблівасьцях лячэньня агнястрэльных траўмаў верхніх і ніжніх канечнасьцяў.

У лютым 2026 году такі самы сэмінар прайшоў у Магілёўскім абласным шпіталі, на якім ваенныя хірургі вучылі цывільных лекараў працаваць з агнястрэльнымі траўмамі. Пазьней выязныя сэмінары правялі ва ўстановах аховы здароўя ў Бабруйску, Барысаве, Менску, Маладзечне і Салігорску. «Такая мэтодыка выбрана для максымальнага ахопу аўдыторыі навучэнцаў», — зазначала Міністэрства аховы здароўя.

Навучаньне вайсковых мэдыкаў праходзіць на фоне поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.

Мэтай сэмінараў можа быць як падрыхтоўка да вайны, пра што неаднаразова заяўляў Аляксандар Лукашэнка, так і лячэньне раненых расейскіх вайскоўцаў у беларускіх шпіталях.

Што мяркуе экспэрт

Як лічыць намесьнік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, доктар Станіслаў Салавей, тое, што агнястрэльныя раны зьяўляюцца асаблівай групай траўмаў і патрабуюць навучаньня хірургаў і анэстэзіёлягаў працы зь ёй, гэта безумоўна.

Станіслаў Салавей, архіўнае фота
Станіслаў Салавей, архіўнае фота

Экспэрт кажа, што такія траўмы адбываюцца практычна ў любой краіне, і працу з траўмай на базавым узроўні павінен ведаць кожны мэдык:

«Так што само па сабе навучаньне працы з такімі траўмамі не выклікае пытаньняў. А навошта тэрапэўтычныя спэцыяльнасьці таксама слухаюць такія даклады, мне зразумець цяжка.

Ці лічу я гэта сымптомам падрыхтоўкі да вайны? Не, не лічу, таму што правесьці для галачкі навучаньне (як да жалю праводзяцца большасьць навучаньняў у нашай краіне) ня роўна падрыхтоўцы да вайны.

Адзіны вельмі ўскосны паказчык у мэдыцыне які я лічу валідным у якасьці маркеру такой падрыхтоўкі — гэта нарошчваньне запасаў крыві ў вялікім аб’ёме. А проста навучаньне мэдыкаў — не».

Зьвесткі аб шпіталізацыях расейскіх вайскоўцаў у беларускія цывільныя лякарні абмяжоўваюцца толькі сакавіком 2022 году. У гэты месяц у Хойніках, Мазыры і Гомлі прайшлі лячэньне ня менш як 800 расейскіх вайскоўцаў.

  • Рэспубліканскі цэнтар па лячэньні агнястрэльных раненьняў і мінна-выбухных траўмаў у Беларусі быў створаны на базе 432-й галоўнага ваеннага клінічнага мэдычнага цэнтру Ўзброеных Сіл Беларусь у 2016 годзе неўзабаве пасьля анэксіі Крыма і пачатку вайны Расеі супраць Украіны на Данбасе.
  • 22 студзеня 2026 году Аляксандр Лукашэнка пахваліў ваенных мэдыкаў і зьвярнуў увагу на працу беларускіх урачоў, якія аказвалі дапамогу параненым падчас абменаў ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай: «Калі пачаліся гэтыя абмены, асабліва мы накіроўвалі на поўдзень краіны — у раённыя бальніцы і гомельскую бальніцу. Я тады патрабаваў ад міністра аховы здароўя, каб больш нашы ўрачы бачылі, што адбываецца».
  • 2 кастрычніка 2025 года паведамлялася, што ўлады Ленінградзкай вобласьці Расеі і Беларусі дамовіліся аб стварэньні «пастаяннай праграмы рэабілітацыі байцоў СВА».
  • 30 верасьня 2025 года аб’яднаньне BelPol паведаміла, што санаторый «Беларусь» у Сочы(РФ), які належыць Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, «даўно і рэгулярна» абслугоўвае расейскіх вайскоўцаў якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны.
  • У 2025 годзе ваенныя мэдыкі з Беларусі абмяркоўвалі палявую тэрапію і хірургію ў кітайскім Сіяне на сэмінары па ваеннай мэдыцыне для дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
  • У 2023 годзе ля мяжы з Польшчай і Літвой прайшлі вучэньні беларускіх вайсковых мэдыкаў. Адной з асноўных задач тактыка-спэцыяльных заняткаў «Дапамога-2023» назвалі навучаньне «аказаньню першай дапамогі ў зоне агнявога кантакту». Такі ж трэнінг праводзіўся ў кастрычніку 2022 году на базе 432-га галоўнага вайсковага клінічнага мэдцэнтру ў Менску.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG