Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, так Лукашэнка, уручаючы навукоўцам дыплёмы дактароў навук і атэстаты прафэсараў, адрэагаваў на словы аднаго з удзельнікаў цырымоніі пра тое, што дзейнасьць вайсковых хірургаў не абмяжоўваецца вайсковымі лякарнямі, а лячэньне агнястрэльных раненьняў перастае быць кампэтэнцыяй толькі вайсковых лекараў.
«Жыцьцё настолькі зьмянілася, што гэтыя мінна-выбуховыя траўмы і раненьні людзей — гэта ня толькі ваенныя, але і цывільныя. Скажу шчыра: калі пачалася спэцыяльная ваенная апэрацыя, я быў прыхільнікам таго, каб нашых лекараў (і ня толькі вайсковых) акунуць у тую рэальнасьць, якая там адбываецца. А рэальнасьць часам жахлівая», — сказаў Лукашэнка.
Цяпер, паводле яго, беларускія лекары дапамагаюць параненым палонным у межах абменаў паміж Расеяй і Ўкраінай, якія адбываюцца на беларускай тэрыторыі.
«Калі пачаліся гэтыя абмены, асабліва мы накіроўвалі на поўдзень краіны — у раённыя лякарні і гомельскую лякарню. Я тады патрабаваў ад міністра аховы здароўя, каб больш нашы лекары бачылі, што адбываецца», — паведаміў ён.
Лукашэнка мяркуе, што беларускія дактары добра сябе паказалі ў лекаваньні самых складаных пацыентаў.
«Нашы лекары малайцы, яны ўсіх выратавалі. Пагатоў у некаторых заражэньні былі ўжо вельмі сур’ёзныя, бяз рук, бяз ног людзі», — сказаў Лукашэнка.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі супраць Украіны 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум