Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму памерлі парадзіха і немаўля ў Койданаўскім шпіталі? Ці сапраўды небясьпечны антыбіётык цэфтрыаксон? Запыталіся ў экспэртаў

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Шырокі розгалас у Беларусі выклікала сьмерць парадзіхі і немаўляці ў шпіталі ў Койданаве (Дзяржынску). Міністэрства здароўя стварыла спэцыяльную камісію для высьвятленьня абставінаў сьмерці. Адным з прэпаратаў, які ўвялі жанчыне, быў антыбіётык цэфтрыаксон, які мог выклікаць анафіляктычны шок.

Разам з доктарам акушэрам-гінеколягам Станіславам Салаўём і мікрабіёлягам Вікторыяй Даронінай паспрабавалі разабрацца, што магло стаць прычынай сьмерці, што гэта за антыбіётык цэфтрыаксон.

Што адбылося

У сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя аб гібелі маці і немаўляці ў Койданаўскім шпіталі. Пра здарэньне паведаміў сайт Onlíner. Паводле выданьня, 8 сакавіка ў 26-гадовай жанчыны адышлі воды, яе павезьлі ў шпіталь, але ня выратавалі ні парадзіху, ні дзіця. Журналісту Onlíner пацьвердзілі гэтую інфармацыю ў шпіталі. Пра выпадак паінфармавала дзяўчына, якая назвалася калегай загінулай маладой жанчыны: «Анафіляктычны шок, усё вельмі хутка. Тэрмін прыкладна 34 тыдні». З словаў людзей, знаёмых з сытуацыяй, жанчыне ўвялі антыбіётык цэфтрыаксон.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Леанід Недзень паведаміў, што «працуе спэцыяльная камісія ў складзе няштатных спэцыялістаў Міністэрства аховы здароўя. Ацэньваюцца ўсе этапы аказаньня мэдычнай дапамогі. Канчатковы дыягназ будзе ўстаноўлены пасьля атрыманьня вынікаў патолягаанатамічнага разбору і правядзеньня судова-мэдычнай экспэртызы. Прынятае рашэньне аб прыпыненьні рэалізацыі і мэдычнага выкарыстаньня лекавага прэпарату».

Выданьне «Люстэрка» правяло ўласнае дасьледаваньне і паведаміла, што гэты антыбіётык ужо раней разглядала спэцыяльная камісія. Праўда, гэтая інфармацыя не была публічнай. Паводле зьвестак камісіі, з 2020 году 62 пацыенты мелі дрэнныя рэакцыі на гэты прэпарат і чатыры чалавекі памерлі.

«Гэта адзін з стандартных антыбіётыкаў, які ёсьць у клінічных пратаколах Беларусі»

Станіслаў Салавей
Станіслаў Салавей

Доктар акушэр-гінеколяг Станіслаў Салавей кажа Свабодзе, што цэфтрыаксон — адзін з стандартных антыбіётыкаў, які ёсьць у клінічных пратаколах Беларусі: «Калі дакладней, гэта цэфаляспарын трэцяга пакаленьня, яго прымяненьне адпаведна паказаньням цалкам лягічнае, ён выкарыстоўваецца ўва ўсім сьвеце. І ён не забаронены для выкарыстаньня — наадварот, гэта прэпарат першай лініі тэрапіі пры шэрагу захворваньняў і, што важна, дапушчальны пры цяжарнасьці».

Як часта пры родах здараюцца такія выпадкі, як у Койданаве? Паводле доктара Салаўя, сьмерць парадзіхі — вельмі рэдкая сытуацыя.

«У цэлым алергічныя рэакцыі на цэфтрыаксон могуць узьнікаць у 2–3% выпадкаў выкарыстаньня. А частата анафіляктычных рэакцыяў, паводле літаратуры, складае 0,0001–0,01%».

Доктар кажа пра вельмі «спэцыфічную» статыстыку ў Беларусі. Паводле яго, мала хто (лічаныя адзінкі) афармляе акты аб разьвіцьці алергічных рэакцыяў, калі сытуацыя не крытычная. Гэта зьвязана зь вялікай бюракратычнай нагрузкай і «палітыкай партыі», тлумачыць Салавей. Што да інфармацыі «Люстэрка» пра 62 выпадкі дрэнных рэакцыяў на антыбіётык, то Салавей ізноў падкрэсьлівае, што гэта зарэгістраваныя рэакцыі, што поўных лічбаў няма і ня ўсе выпадкі непажаданых рэакцыяў падаюць для аналізу. Паводле доктара, гэта сыстэмная праблема, а ня проста «я лянуюся запоўніць паперку».

Празьмернае выкарыстаньне антыбіётыкаў

Вікторыя Дароніна
Вікторыя Дароніна

Мікрабіёляг Вікторыя Дароніна адзначае, што ў Беларусі антыбіётыкі часта прызначаюць нават у сытуацыях, калі гэта неканечне. Паводле яе, гэта вядзе да росту алергічных рэакцыяў, а таксама да разьвіцьця ў бактэрыяў устойлівасьці да антыбіётыкаў. Дароніна кажа, што ў Беларусі асабліва часта выкарыстоўваюць антыбіётыкі бэта-ляктамнага шэрагу.

«Бэта-ляктамы — адна з найстарэйшых і найбольш распаўсюджаных групаў антыбіётыкаў. Гэта, напрыклад, пэніцыліны і цэфаляспарыны, такія як цэфтрыаксон. На іх часьцей за ўсё і ўзьнікаюць алергічныя рэакцыі, у тым ліку анафіляктычны шок. Акрамя таго, калі бактэрыі ўжо сталі ўстойлівымі да гэтых антыбіётыкаў, іх выкарыстаньне ня толькі не дапамагае, але можа пагоршыць сытуацыю».

Што да магчымых прычынаў трагедыі, то, паводле Даронінай, калі ў пацыенткі ўжо была алергія, напрыклад, на ампіцылін, прызначэньне падобнага антыбіётыку магло стаць прычынай цяжкай рэакцыі.

«Калі ж да гэтага дадаецца магчымая недастатковая ачыстка прэпарату або парушэньні ў вытворчасьці, рызыка яшчэ большая. Гэты антыбіётык вырабляюць на Барысаўскім заводзе мэдычных прэпаратаў. Калі ўжо было зафіксавана некалькі падобных выпадкаў, гэта можа сьведчыць пра магчымыя праблемы ў вытворчым працэсе», — разглядае адну з вэрсіяў экспэртка.

Доктар акушэр-гінеколяг Станіслаў Салавей лічыць, што ў Беларусі сапраўды ёсьць тэндэнцыя празьмернага прызначэньня антыбіётыкаў. Аднак у такой сытуацыі на падставе агульнадаступнай інфармацыі некарэктна сьцьвярджаць, што гэта было неабгрунтавана, падкрэсьлівае доктар.

«Напрыклад, паводле амэрыканскіх інструкцыяў пры заўчасным адыходзе каляплодных водаў антыбіётыкі прызначаюць усім. Так, схема іншая, але антыбіётык блізкі і дзеяньнем, і структурай. Прадбачу пытаньне: пры піелянэфрыце (запаленьні ныркі) у цяжарных у ЗША цэфтрыаксон якраз служыць прэпаратам першай лініі тэрапіі».

Што да пашыранасьці анафіляктычных рэакцыяў на цэфтрыаксон, то, як паінфармаваны доктар, сьмяротнасьць пры анафіляктычных рэакцыях на цэфтрыаксон сярод зарэгістраваных выпадкаў анафіляксіі складае прыкладна 1–1,2% (паводле буйных дасьледаваньняў фармаканагляду і рэтраспэктыўных аналізаў).

«У большасьці выпадкаў анафіляксія пасьпяхова спыняецца пры своечасовым аказаньні мэдычнай дапамогі. Аднак апісаныя і сьмяротныя вынікі — як у дарослых, так і ў дзяцей, у тым ліку хуткая сьмерць пасьля першай дозы прэпарату. Адпаведна, на жаль, цалкам ухіліць такую рызыку немагчыма. Можна адмовіцца ад выкарыстаньня цэфтрыаксону (але, на жаль, ня так шмат антыбіётыкаў, якія можам выкарыстоўваць), аднак алергічныя рэакцыі могуць узьнікаць і на іншы антыбіётык», — кажа Станіслаў Салавей.

Доктар падкрэсьлівае, што цэфтрыаксон мае добры профіль бясьпекі і выкарыстоўваецца ўва ўсім сьвеце. Праблема не ў самім цэфтрыаксоне, перакананы Салавей. Яго насьцярожвае, што ўвялі забарону на выкарыстаньне гэтага прэпарату.

«Мы ведаем, як працуе цэфтрыаксон і якія ў яго рызыкі. Калі вы ўпэўненыя ў якасьці вытворчасьці — то чаму забараняеце яго выкарыстаньне? Пакуль што гэта адзінае пытаньне, якое маю да ўсёй гэтай сытуацыі. Але яна выклікае больш пытаньняў. Трэба разумець: на жаль, анафіляксія на лекі была і будзе, таму ніводны лек не прызначаецца „проста так“».

Хто будзе пакараны за сьмерці ў Койданаве?

Намесьнік прадстаўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях, доктар Станіслаў Салавей кажа, што ня памятае разбору сьмяротных выпадкаў, які прыводзіў бы да сыстэмных рашэньняў, а не да пошуку «стрэлачніка» або ахвярнага казла.

«Каму стане лягчэй, калі пакараюць акушэра-гінеколага, які прызначыў лекі адпаведна паказаньням? Нават калі дапамога была аказана правільна, гэта не азначае, што пацыент заўсёды выжыве. Мэдыцына даволі змрочная навука, разбор праблемаў павінен адбывацца не на эмоцыях і жаданьні помсты, а толькі з адной мэтай — разабрацца ў тым, што адбылося, і, калі нешта можна палепшыць, зрабіць гэта, каб такія выпадкі не паўтараліся. А ня проста пакараць чарговага мэдыка за тое, што яму «пашанцавала» сутыкнуцца з такой рэакцыяй, і пасьля зноў наступаць на тыя ж граблі».

Людзі ў камэнтарах у сетках пішуць, што праблема можа быць у тым, што антыбіётык разводзяць лідакаінам. Ці гэта сапраўды так?

Доктар Салавей кажа, што лідакаін таксама можа выклікаць алергію.

«Адпаведна, дадаўшы яшчэ адзін прэпарат, мы павялічваем рызыку алергічнай рэакцыі. Але гэта ня значыць, што яго даданьне ці недаданьне адыгрывае вызначальную ролю. Урэшце, такія сытуацыі могуць адбывацца і пры выкарыстаньні толькі лідакаіну. Але важна падкрэсьліць: цэфтрыаксон уводзяць унутрывенна. Няма ніякага сэнсу ўводзіць яго ў цягліцу — гэта проста дадае болю, павялічвае рызыку мясцовых ускладненьняў і нічога больш. Таму спадзяюся, што нікому ня будуць калоць антыбіётыкі ў цягліцу — гэты архаізм у нас урэшце таксама павінен зьнікнуць».

Думка мікрабіёляга пра рэакцыі на розныя антыбіётыкі

Кандыдат біялягічных навук, мікрабіёляг, супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту Вікторыя Дароніна адзначае для Свабоды, што агулам алергічныя рэакцыі на антыбіётыкі — ня рэдкасьць.

«Чым даўжэй і шырэй выкарыстоўваецца антыбіётык, тым часьцей могуць зьяўляцца алергічныя рэакцыі. Гэта адбываецца, бо арганізм чалавека можа стаць сэнсыбілізаваным да пэўнага рэчыва. Як і пры ўсякай алергіі, спачатку чалавек кантактуе з алергенам, а пасьля, пры наступным кантакце, можа ўзьнікнуць моцная гіпэррэакцыя — анафіляктычны шок. Звычайна пры першым ужываньні рэчыва такая рэакцыя ўзьнікае вельмі рэдка. Часьцей яна зьяўляецца пасьля ранейшых кантактаў з прэпаратам. Цэфтрыаксон — вядомы антыбіётык, які выкарыстоўваецца ўжо больш за сорак гадоў. Таму і магчымасьць алергічных рэакцыяў на яго вядомая».

Мікрабіёляг адзначае, што пры вытворчасьці лекаў трэба вельмі дакладна выконваць усе тэхналягічныя парамэтры.

«Калі прэпарат недастаткова добра ачышчаны і зьмяшчае дамешкі, гэта можа ўзмацніць рэакцыю арганізму на асноўнае дзейнае рэчыва. Акрамя таго, важная дакладная канцэнтрацыя рэчыва ў прэпараце. Калі яна вышэйшая за патрэбную, гэта можа выклікаць рэакцыю нават у тых людзей, у якіх яе раней не было».

Клясыфікацыя антыбіётыкаў. Што варта ведаць

Вікторыя Дароніна падзяліліся з Свабодай асновамі клясыфікацыі антыбіётыкаў:

Антыбіётыкі падзяляюцца на клясы залежна ад іх хімічнай структуры і спосабу ўзьдзеяньня на бактэрыі. Кожная кляса дзейнічае на бактэрыі па-свойму. Лекары прызначаюць антыбіётыкі адпаведна «пакаленьням», кожнае зь якіх распрацавана для барацьбы з бактэрыямі, што сталі ўстойлівымі да ранейшых прэпаратаў.

  • Адна з найбольш вядомых групаў — пэніцыліны. Гэтыя антыбіётыкі адносяцца да большай сям’і бэта-ляктамаў, якія дзейнічаюць, разбураючы клеткавую сьценку бактэрыяў. Бактэрыям патрэбная трывалая клеткавая сьценка для выжываньня; калі антыбіётыкі блякуюць яе ўтварэньне, бактэрыі руйнуюцца і гінуць. Сам пэніцылін, які адкрыў Аляксандар Флемінг у 1928 годзе, дагэтуль шырока выкарыстоўваецца разам з блізкімі прэпаратамі, такімі як амаксыцылін і ампіцылін. Пэніцыліны звычайна прызначаюць пры інфэкцыях горла, скуры, лёгкіх і мачавыводных шляхоў. У некаторых людзей на іх узьнікае алергічная рэакцыя, таму лекары пытаюцца пра алергію на пэніцылін перад прызначэньнем антыбіётыкаў.
  • Цесна зьвязаныя з пеніцылінамі цэфаляспарыны — яшчэ адна група бэта-ляктамаў. Гэтыя антыбіётыкі таксама ўзьдзейнічаюць на сынтэз клеткавай сьценкі бактэрыяў, але звычайна маюць шырэйшы спэктар дзеяньня. Прыклады — цэфалексін, цэфуракcім і цэфтрыаксон. Гэтыя прэпараты выкарыстоўваюць пры розных захворваньнях — ад рэсьпіраторных інфэкцыяў да сур’ёзных унутрышпітальных інфэкцыяў.
  • Яшчэ адна важная кляса — макраліды, да якіх адносяцца такія прэпараты, як эрытраміцын, азытраміцын і клярытраміцын. Замест пашкоджаньня клеткавай сьценкі бактэрыяў макраліды перашкаджаюць працы бактэрыяльнай рыбасомы — малекулярнай машыны, якая вырабляе бялкі. Без магчымасьці сынтэзаваць бялкі бактэрыі ня могуць расьці або размнажацца. Макраліды часта прызначаюць пры рэсьпіраторных інфэкцыях, асабліва калі пацыент ня можа прымаць пэніцылін.
  • Іншая група — амінагліказіды, у якую ўваходзяць такія прэпараты, як гентаміцын і амікацын. Гэтыя антыбіётыкі моцна прыгнятаюць сынтэз бактэрыяльных бялкоў і асабліва эфэктыўныя супраць некаторых цяжкіх інфэкцыяў, выкліканых грамнэгатыўнымі бактэрыямі. Паколькі яны могуць уплываць на слых або функцыю нырак, іх звычайна выкарыстоўваюць у шпіталях пад пільным мэдычным назіраньнем.


Экспэрты настойліва раяць не ўжываць антыбіётыкі без прызначэньня лекара.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG