Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаная за сьмерць дзіцяці пры хатніх родах зьвярнулася да Лукашэнкі


Вольга Сьцяпанава

Жыхарка Віцебску Вольга Сьцяпанава, якую асудзілі за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў, даслала тэлеканалу «Белсат» відэазварот да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Вольга Сьцяпанава сказала, што вырашыла наўпрост зьвярнуцца да Лукашэнкі, бо «іншых варыянтаў не засталося».

«Я зьвяртаюся да вас асабіста, Аляксандар Рыгоравіч, як жанчына і маці, дапамажыце спыніць гэтае бясчынства і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых. Мне балюча, што ў краіне, дзе я нарадзілася і вырасла, спрэс забытыя паняцьці гонару, сумленьня, чалавечнасьці, справядлівасьці і законнасьці».

Жанчына патрабуе спыніць супраць яе крымінальную справу і пакараць мэдыкаў, якіх яна вінаваціць у сьмерці дзіцяці. Яна кажа, што дачка нарадзілася пры «вельмі імклівых родах».

«Гэтую імклівасьць, верагодна, справакавала, як паказала адна з праведзеных экспэртыз, сур’ёзнае ўнутрычэраўнае расстройства жыцьцядзейнасьці плода. Адразу пасьля нараджэньня дзіцяці была выклікана „хуткая“, якая паўтара кілямэтра ехала 22 хвіліны пры магчымасьці даехаць за 5», — сказала жанчына.

«Дыхай, малая, дыхай»

Паводле Сьцяпанавай, лекар выкліканай брыгады паводзіла сябе больш чым дзіўна. Жанчыну зьдзівіла, што мэдыкі адразу ж не забралі дзіця. «Краем вока бачыла, як у калідоры стаіць лекар з маёй дачкой на руках і прыгаворвае: «Дыхай, малая, дыхай».

У рэанімацыі нованароджаную падключылі да апаратаў жыцьцезабесьпячэньня, зрабілі рэнтген, узялі аналіз крыві. Паводле Сьцяпанавай, на судзе лекары сьцьвярджалі, што нібыта ўжо мёртваму дзіцяці рабілі рэнтген, не спыняючы непрамы масаж сэрца, і нібыта ў памерлага дзіцяці каля 21.00 узялі аналіз крыві.

Лекары выклікалі міліцыю і сказалі, што дзіця рэанімаванае і знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, то бок жывое

«А вось экспэрт на судзе сказаў, што такое немагчыма, кроў не пацячэ. Таксама лекары бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі выклікалі міліцыю і сказалі, што дзіця рэанімаванае і знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.То бок жывое. І пра гэта сьведчыць аўдыёзапіс званка і яго расшыфроўка ў справе».

Паводле экспэртызы, зробленай у Віцебску, народжанае дзіця памерла з прычыны асьпірацыі каляплоднымі водамі. Адвакатка запатрабавала правесьці ў Менску дадатковую экспэртызу, якая ўстанавіла зусім іншую прычыну сьмерці дачкі Сьцяпанавай.

«Асьфіксія плоду і нованароджанага, і ўскладненьні, якія ўзьніклі ў выніку гэтага, якія адначасова выявілі шэраг паталёгій разьвіцьця і функцыянальную недаразьвітасьць усіх жыцьцёва важных органаў дзіцяці. Гэта значыць, маючы вагу, рост і ўзрост 40-тыднёвага плоду, па марфалягічных прыкметах дзіця зьяўлялася неданошаным і яго ўнутраныя органы ня здольныя былі часткова ці цалкам выконваць свае функцыі», — кажа ў відэазвароце Вольга Сьцяпанава.

«Сутнасьць абвінавачаньня неправамерная»

Жанчына кажа, што пакуль яна была ў СІЗА, на сваякоў і на адваката чынілі ціск, каб прымусіць яе прызнаць віну.

Вольга Сьцяпанава падчас суду
Вольга Сьцяпанава падчас суду

«Я патрабую спыніць адносна мяне крымінальны перасьлед. Бо сутнасьць абвінавачаньня неправамерная і незаконная як па заканадаўстве Беларусі, так і з пазыцыі міжнароднага права», — заявіла Вольга Сьцяпанава.

31-гадовую Вольгу Сьцяпанаву, якая 19 лютага нарадзіла дома дзяўчынку, прызналі вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. На падставе часткі 1 артыкула 144 Крымінальнага кодэксу ёй прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў у папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG