Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прызнаньняў Вольгі Сьцяпанавай, якую асудзілі за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў


Вольга Сьцяпанава
Вольга Сьцяпанава

19-га лютага яна нарадзіла ў хатніх умовах дзяўчынку, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і дзіця ўратаваць не змаглі.

Працэс над хатняй парадзіхай праходзіў у судзе Чыгуначнага раёну ў закрытым рэжыме. 31-гадовую Вольгу Сьцяпанаву прызналі вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу ёй прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня. Жанчыну вызвалілі ў залі суду — пад падпіску аб нявыезьдзе на час абскарджаньня прысуду. Яна падала апэляцыю ў абласны суд і падзялілася са Свабодай сваімі думкамі пра ўсё, што здарылася.

Пра ўмовы ўтрыманьня ў віцебскім СІЗА: «Уяўляю, як яны сьмяяліся, калі я папрасіла дыванок для ёгі»

Вольга Сьцяпанава на лаве падсудных
Вольга Сьцяпанава на лаве падсудных

​Калі мяне адпусьцілі дадому пасьля суду, то першыя двое сутак я спала. Нарэшце ў цемры, упершыню за 4 месяцы, бо ў СІЗА сьвятло не выключаюць. 4 месяцы пры штучным асьвятленьні, у вельмі цеснай камэры, дзе ўтрымліваецца 10 чалавек, і зь іх амаль усе кураць. Атрымліваецца газавая камэра, бо я не палю.

Людзі ўвесь час мяняліся, але канфліктаў амаль не было. Было вельмі шмат вольнага часу, і я папрасіла, каб мне перадалі алоўкі — я пачала маляваць. Бо ўсе кніжкі перачытаныя, бібліятэка працуе паводле раскладу. Я папрасіла ў лісьце, каб мне перадалі дыванок для ёгі. Уяўляю, як сьмяялася кіраўніцтва СІЗА! Вядома, мне адмовілі, бо гэта не па правілах. Увогуле любая фізычная актыўнасьць там расцэньваецца як падрыхтоўка да ўцёкаў. Таму фізычныя практыкаваньні ў камэры забароненыя. Я трохі разьміналася падчас шпацыру — ён таксама ў закрытым памяшканьні, але з вокнамі — як парнік. Але толькі там відаць сонца і дзённае сьвятло.

Увогуле ў СІЗА людзі вельмі шмат хварэюць. Тут нездаровае харчаваньне: на першы погляд дыетычнае, супы-кашы, але насамрэч усё гэта цяжкае, бо з маргарынам і мукой. Амаль усім лекары прыпісваюць пігулкі, і іх прымаюць літаральна прыгаршчамі. Амаль няма ў рацыёне гародніны, і таму людзям вельмі цяжка, калі іх ніхто не падтрымлівае перадачамі.

Пра пераацэнку сямейных каштоўнасьцяў: «Муж зруйнаваў сваю кар’еру, каб падтрымліваць мяне»

Муж Вольгі Сьцяпанавай Алег у залі суду
Муж Вольгі Сьцяпанавай Алег у залі суду

​Мяне чарговы раз зьдзівіў мой муж. Я і раней ведала, што ён незвычайны чалавек. Але цяпер я зноў ацаніла ўсе ягоныя выдатныя якасьці. Калі мяне затрымалі, я прасіла праз адвакатаў, каб ён замяніў мяне для нашай дачкі Насьці. І ён гэта зрабіў літаральна. Звольніўся з працы і ўзяў на сябе ўвесь клопат, увесь догляд, усё тое, што звычайна робіць маці. Ён казаў: «Маё жыцьцё дэмантаванае цалкам. Але я не шкадую».

Цяпер муж беспрацоўны. І дабрабыт нашай сям’і істотна пахіснуўся: паслугі адвакатаў каштуюць столькі, што гэта не адзін сярэдні беларускі гадавы заробак! Але ня гэта самае істотнае. Нават у СІЗА мяне мала хвалявалі побытавыя праблемы. Хоць яны, вядома ж, былі. Напрыклад, душ раз на тыдзень па 15 хвілін — гэта вельмі мала. І ты ня менш гэта ня быў той дыскамфорт, які замінаў жыць. Хвалявала расстаньне з дачкой, каштоўнасьць зносінаў зь сям’ёй, зь дзіцем, з бацькамі вельмі ўзрасла. У мяне адбылася ня тое каб пераацэнка каштоўнасьцяў — зьмянілася разуменьне таго, што ёсьць самым важным у жыцьці.

Дачцэ толькі два гады, яна не магла зразумець, што здарылася. Таму атрымала моцную псыхалягічнаю траўму. Цяпер ейны эмацыйны стан вымагае карэкцыі, яна ноччу прачынаецца і плача. Не давала расчэсваць валасы, цяжка да мяне прывыкала: пазнаць пазнала, гуляла са мной, але не дазваляла да сябе дакранацца, абдымацца. Раней яна размаўляла сказамі, а цяпер ня хоча гаварыць увогуле. Усё разумее, але слова ня выцягнеш... Я садзіла яе перад кампутарам і паказвала здымкі з суду. Казала: «Глядзі, мама сядзела ў клетцы, маму да цябе не пускалі». Спадзяюся, яна нешта зразумела.

Я не хачу, каб маё дзіцё гадавалася ў Віцебску. Бо маці тэлефанавалі невядомыя, пагражалі, каб не сустракалася з журналістамі. Бо, маўляў, калі нейкія зьвесткі з закрытага судовага працэсу трапяць у СМІ, то пракурор запросіць самае строгае пакараньне... Я расказала б журналістам усё. Але гэта забараніў суд, прызначыўшы закрытае пасяджэньне.

Мне дужа хочацца як мага хутчэй зьехаць зь Беларусі. Таму я доўга вагалася, ці падаваць апэляцыю. Гэта зацягваньне часу — чакаць перагляду у абласным судзе, потым, верагодна, у Вярхоўным... магчыма, мне прасьцей было б адбыць астатнія два месяцы ў калёніі. Але з другога боку, не падаваць апэляцыю — гэта прызнаць сваю вінаватасьць. Тут я ня згодная.

Пра фатальнае рашэньне: «Калі б можна было нешта зьмяніць у мінулым, я ніколі б не паехала нараджаць у Беларусь»

Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву
Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву

​Я бы хацела ўсё вярнуць назад — да таго моманту, як прыехала нараджаць у Беларусь. Трэба было прыслухацца да мужа, які раіў нараджаць у Санкт-Пецярбурзе, дзе ў нас нарадзілася першая дачка Насьця. Там ёсьць знаёмыя лекары, там лепшая мэдычная база... Я хацела зрабіць трошкі лягчэйшым сваё жыцьцё, разьлічвала на дапамогу мамы ў доглядзе дачкі, пакуль была цяжарная...

Мяне ўразіла, што ў Беларусі няма разуменьне паняцьця «прыватнае жыцьцё», калі да цяжарных прыходзяць дахаты інспэктаваць умовы пражываньня. Можа, калі сям’я асацыяльная, гэта і слушна. Але з усімі запар — гэта ўжо перабор. Уразіла неразуменьне з боку лекараў. Я ж паведаміла ім пра жаданьне нарадзіць дома не таму, што хацела пахваліцца. А для таго, каб яны ўважліва сачылі за маім станам і своечасова выявілі паталёгію, калі яна была.

У маім выпадку зь дзіцем падчас цяжарнасьці ўсё было выдатна. Гэта мяне лекары залічылі ў групу рызыкі, бо маю нізкі гемаглябін. Таму яны казалі пра магчымыя праблемы, калі раптам пачнецца крывацёк. Але ўзровень гемаглябіну тут не галоўнае, трэба яшчэ ўлічваць колькасьць трамбацытаў, згусальнасьць крыві.

Увогуле цяжарная жанчына мусіць глядзець сваё здароўе вельмі ўважліва! Не зашкодзіць нават «перавыканаць» тое, што раяць мэдыкі. У Беларусі, прыкладам, не прызначаюць аналіз крыві на колькасьць вітамінаў і мінэралаў, а гэта вельмі важна. Узяць аналіз на фоліевую кіслату. Калі яе зашмат, то пачынаецца дэфіцыт вітаміну В12, які часта прымаюць за жалезадэфіцытную анэмію і прызначаюць прэпараты жалеза, якія маюць мноства супрацьпаказанняў. Я вывучала ўсё гэта не для таго, каб займацца самалячэньнем, а каб разумець, што адбываецца са мной і маімі дзецьмі. І ў мяне не было задачы нарадзіць менавіта дома. У мяне стаяла задача нарадзіць здаровае дзіця. І даць яму максымум.

Пра падрыхтоўку да хатніх родаў: «Я не сэктантка. Хатнія роды — гэта ўсясьветная практыка»

Вольга Сьцяпанава падчас суду
Вольга Сьцяпанава падчас суду

​Я чытала ў інтэрнэце, што мяне «залічылі» ў нейкую «сэкту». Гэта няпраўда. Я ўвогуле вельмі спакойна стаўлюся да веры і шчырай верніцай нейкай канфэсіі не зьяўляюся. Мы з мужам адказна ставімся да нараджэньня і выхаваньня дзяцей. І мой інтарэс да хатніх родаў абудзіўся тады, калі я зацяжарала. Мы пачалі шукаць кваліфікаваных мэдыкаў, выбіраць радзільню ў Санкт-Пецярбурзе. Я зацікавілася літаратурай пра тое, што адбываецца з арганізмам падчас цяжарнасьці і родаў. Не на тое, каб кантраляваць лекараў! Каб разумець усе працэсы ўнутры сябе.

Тады я пераканалася, што нараджаць дзіця жанчына павінна ў камфортных для сябе ўмовах. Яна не павінна цярпець боль, баяцца. Бо за роды адказвае цэлы гарманальны кактэйль, і найважнейшы складнік — гармон аксытацын, гармон любові. Яго «зьбівае» адрэналін, які выпрацоўваецца ў стрэсавых сытуацыях. Таму зь цяжарнай жанчынай мусіць працаваць псыхоляг, бо пераважная частка ідзе нараджаць са страхам болю, страхам нейкіх стратаў. А гэта ўплывае на працэс: любое неасьцярожнае слова — і нармальныя роды стануць ненармальнымі.

Таму Усясветная арганізацыя аховы здароўя пагаджаецца, што пры нізкай рызыцы для парадзіхі і дзіцяці можна выбіраць варыянт хатніх родаў. Калі няма паказьнікаў па здароўі да шпіталізацыі — а радзільня таксама мэдустанова, — то жанчына можа выбіраць, дзе ёй больш камфортна. Калі яе супакойвае наяўнасьць людзей у белых халатах, то калі ласка! А калі ёй спакайней дома, то чаму не? У Санкт-Пецярбурзе пры адной з радзільняў ёсьць цэнтар «Вясёлка», там умовы набліжаныя да хатніх. Але мэдыкі побач.

Калі ж жанчына хоча нарадзіць дома, то мусіць мець адпаведную падрыхтоўку. І дакладна ведаць, што ўсё ў парадку са здароўем. Падчас хатніх родаў заўжды побач мусіць быць памочнік. Калі нешта пойдзе ня так, другі чалавек заўважыць і пасьпее выклікаць хуткую дапамогу. А ў Беларусі — яшчэ й адсачыць, каб своечасова прыехала.

Пра няспраўджаныя мары і далёкія пэрспэктывы: «Ня ўпэўнена, што змагу яшчэ раз зацяжараць»

Пасьля вызваленьня
Пасьля вызваленьня

​Мы з мужам плянавалі вялікую сям’ю. Каб было ня менш за трое дзетак. Сваіх. А калі яны падрастуць, думала, мы змаглі б узяць прыёмных... Я шмат працавала валянтэркай — і ў дзіцячых дамах, дзе ўтрымліваюцца «асаблівыя» дзеці, і ў дамах для састарэлых... Я ведаю, як ім бракуе простай чалавечай увагі.

Але я ня ведаю, калі змагу наважыцца на наступную цяжарнасьць. Трэба павучыцца больш спакойна рэагаваць на цяжарных жанчын, на немаўлятаў. Каб гэта было бяз болю, бяз горычы, без адчаю. Магчыма, так будзе, але ня ведаю, калі.

Раней, калі я бачыла цяжарную жанчыну, у мяне было сьветлае пачуцьцё. Бо гэта вельмі арганічны стан для жанчыны — быць цяжарнай. Я ў думках зычыла шчасьця кожнай будучай маці! А цяпер у мяне пачуцьцё горычы, балюча ўспамінаць Лізу — немаўля, якое адышло... І я ўсьведамляю, што мой цяперашні псыхалягічны стан не падыходзіць для таго, каб вынасіць і нарадзіць дзіця. Калі я зразумею, што гэты стан скончыўся, я, верагодна, адважуся на яшчэ адно дзіця. Але не цяпер.

Цяпер, калі я бачу цяжарную жанчыну, то мне хочацца так шмат пра што яе папярэдзіць! Магчыма, я распачну адмысловыя курсы, якія будуць накіраваныя не на месца нараджэньня дзіцяці, а на падрыхтоўку маці да родаў. Але пакуль гэта толькі думкі, пляны, намеры. А магчыма, я напішу пра ўсё гэта кнігу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG