Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бясплатна ці за вялікія грошы? Як беларусы застаюцца безь беларускага пашпарта

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што рабіць памілаваным палітвязьням, якіх выправадзілі за мяжу без дакумэнтаў або пашпарты якіх прызнаныя несапраўднымі? Ці лёгка чалавека пазбавіць грамадзянства? Ці могуць ануляваць пшпарты ўсім, хто зьехаў за мяжу? Пагаварылі зь юрыстам-міжнароднікам.

Шматок паперы

Улады Беларусі шукаюць усё новых спосабаў, як ускладніць жыцьцё былым палітвязьням, якіх нібыта памілавалі, але выправадзілі за мяжу без дакумэнтаў. А тыя, каму пашчасьціла выйсьці на волю з пашпартамі, даведваюцца, што іх беларускі дакумэнт ужо несапраўдны.

Замест пашпартоў некаторым палітвязьням далі даведкі аб пацьверджаньні асобы на аркушы фармату А4 з фота, фіялетавай пячаткай і подпісам супрацоўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі. Вядомыя каля трыццаці такіх выпадкаў.

«Выглядае гэты аркуш як пусты шматок паперы — я б марыў паглядзець на вочы і рэакцыю банкаўскага супрацоўніка ці якой іншай установы, калі б меў магчымасьць апынуцца ў Беларусі. Дзякуй Богу, што консульскія работнікі Літвы і Польшчы з разуменьнем ставяцца да нашай сытуацыі і даволі хутка выдаюць нам часовыя гуманітарныя візы і дазволы на жыхарства», — кажа адзін з уладальнікаў такога «пацьверджаньня асобы».

Але і тыя, каму пашпарты вярнулі, даведаліся, што іх асноўны беларускі дакумэнт ужо несапраўдны.

Даведка, якую выдалі падчас вызваленьня праваабаронцу Ўладзю Лабковічу
Даведка, якую выдалі падчас вызваленьня праваабаронцу Ўладзю Лабковічу

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру праваабаронца Алесь Бяляцкі 13 сьнежня 2025 году быў нібыта памілаваны і вывезены ў Літву. Ягоны беларускі пашпарт дзейнічае да 2028 году. Але на пачатку красавіка Бяляцкі даведаўся, што пашпарт ануляваны. Улады параілі яму вярнуцца ў Беларусь і атрымаць новы.

Выпадкова даведаўся пра ануляваньне свайго пашпарта і журналіст Ігар Карней, калі спрабаваў дазнацца ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі пра запазычанасьць у 258 рублёў, якую патрабавалі сплаціць. Яго накіравалі ў асабісты кабінэт на сайт МУС, а там «высьвецілася», што ягоны дакумэнт, які меў дзейнічаць да 2030 году — несапраўдны.

«На сёньня я ня бачу праўных мэханізмаў»

Як такое можа быць? Артыкул 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сьведчыць, што пашпарт ёсьць адною з праяваў сувэрэнітэту дзяржавы і пацьвярджае гарантыю абароны грамадзяніна дзяржаваю як на сваёй тэрыторыі, так і за мяжой. Пашпарт — ня проста дакумэнт, але пацьверджаньне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасьці чалавека.

Адвакат, юрыст, сябра Чэскай палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч перакананы, што выправаджэньне за мяжу людзей без дакумэнтаў або прызнаньне пашпартоў былых палітвязьняў несапраўднымі — незаконнае.

«Куды зьвяртацца? Я б зьвяртаўся ў Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі. Але паколькі гэтыя людзі за мяжой і консульская дапамога ім даўно ўжо не аказваецца, а консульскія ўстановы новых пашпартоў не выдаюць, атрымліваецца, што людзей выкінулі з краіны без пацьверджаньня грамадзянства. На сёньня я ня бачу праўных мэханізмаў, бо ў Беларусі права не працуе», — рэзюмуе адвакат.

Алесь Міхалевіч праводзіць аналёгію з Савецкім Саюзам, калі, да прыкладу, пісьменьнікаў-дысыдэнтаў выпускалі на канфэрэнцыі ў Францыю ці яшчэ куды-небудзь за мяжу, а потым слалі ім тэлеграму пра тое, што, маўляў, «ваша савецкае грамадзянства анулявана». Цяпер беларусы, вывезеныя з калёніяў за мяжу, апынуліся ў падобнай сытуацыі.

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

«Я заклікаю адразу паведамляць пра гэта прааваабаронцам, юрыдычнай службе офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Будзем прымаць адпаведныя меры, працаваць з Інтэрполам, каб такія рэчы не праходзілі, бо гэта злоўжываньне з боку дзяржавы. Але трэба ўсьведамляць рызыкі, можа „прыляцець“ помста ад рэжыму: вы на нейкай мяжы даведаецеся, што ваш пашпарт лічыцца „страчаным“. Калі гэта больш-менш дэмакратычная краіна, вялікіх праблемаў ня будзе, бо ідэнтыфікацыя пакажа, што гэта сапраўды вы. Калі вы маеце нейкі дакумэнт кшталту дазволу на жыхарства, гэта таксама ёсьць пацьверджаньнем вашай асобы», — кажа юрыст.

А калі гэта здарыцца ў далёкіх краях, да прыкладу, у Тайляндзе, у беларусаў могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы, дадае спадар Міхалевіч.

Ці можа здарыцца, што пашпарты ўсіх палітэмігрантаў таксама будуць прызнаныя несапраўднымі? На думку адваката, імавернасьць таго, што пашпарты ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, будуць прызнаныя несапраўднымі, вельмі малая.

«Бо калі было б разавае паведамленьне, што ў базу Інтэрполу трапіла 100 ці 500 тысяч ануляваных беларускіх пашпартоў, гэта выклікала б пэўную рэакцыю і з боку Інтэрполу. Але кожны чалавек знаходзіцца ў зоне рызыкі, калі мы нарадзіліся ў не дарэшты праўнай або ў зусім няпраўнай дзяржаве. І гэтая дзяржава робіцца ўсё менш і менш праўнай. Мы ў групе рызыкі», — нагадвае ён.

Грамадзянства пазбўлялі Паўла Шарамета, Паліна Шарэнда пісала заяву

Выпадкаў пазбаўленьня беларускага грамадзянства няшмат. Бадай, самы гучны — справа вядомага журналіста Паўла Шарамета, якога пазбавілі грамадзянства ў 2010 годзе.

Фармальнай прычынай тады стала атрыманьне грамадзянінам Беларусі Шараметам расейскага пашпарта. Ліст з паведамленьнем аб ануляваньні беларускага дакумэнта Шарамету падпісаў адзін з сакратароў амбасады Беларусі ў Расеі, ня сам амбасадар і нават ня консул. Якое ведамства пазбавіла Шарамета грамадзянства (МУС, МЗС ці адміністрацыя прэзыдэнта) — доўгі час не было вядома. Пазьней высьветлілся, што гэта Савет бясьпекі.

Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк у 2023 годзе ў рэчыцкай жаночай калёніі № 24 паведаміла свайму адвакату, што адмаўляецца ад грамадзянства Беларусі. Яна раней ведала, што ёсьць такая форма пратэсту. Неяк выпадкова пачула ў радыё, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зьбіраюцца пазбаўляць грамадзянства людзей з статусам «экстрэмістаў». І, не чакаючы, калі гэта закране яе, вырашыла дзейнічаць на апярэджаньне, апавядае сама Паліна.

Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

«У красавіку 2023 году я надыктавала заяву адвакату. Тэкст такі: „Я адмаўляюся ад грамадзянства РБ (не Беларусі, а менавіта РБ), бо гэта „геапалітычны гамункулюс“, плод хворага ўяўленьня Лукашэнкі і акупацыйных мэтадычак Расеі. Але я не адмаўляюся ад грамадзянства той Беларусі, за якую змагаліся Каліноўскі, Купала, Колас, Геніюш». Ня ведаю, ці перадаў ён маю заяву куды трэба, але тады розгалас пайшоў», — узгадвае Шарэнда-Панасюк.

Увесь 2023 год Паліну трымалі то ў ШЫЗА, то ў «памяшканьні камэрнага тыпу» (ПКТ), і калі яна трапляла ў ПКТ, дзе дазваляецца перапіска, то пісала адмовы ад грамадзянства і на імя начальніка калёніі Курловіча, і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Усяго напісала прыкладна 7 лістоў.

«Там такая працэдура, што лісты забірае дзяжурны памочнік начальніка калёніі, гэта ўвесь час розныя людзі. Калі я пыталіся, ці адпраўленыя мае лісты ў адміністрацыю Лукашэнкі, яны зьдзіўляліся: „Якія лісты? Ніякіх лістоў ад вас мы не забіралі“. Мабыць, каб ня мець рэпутацыйных стратаў ад таго, што хтосьці сам адмаўляеца ад іхнага „каштоўнага“ грамадзянства, яны рабілі выгляд, што такой зьявы няма. Ніякай рэакцыі на мае заявы няма і дагэтуль», — кажа былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

«Пакуль нікога зь беларусаў грамадзянства не пазбавілі»

Для пазбаўленьня беларускага грамадзянства ў праўным пляне ёсьць некалькі магчымасьцяў: асноўная — калі чалавек атрымлівае грамадзянства іншай дзяржавы, уступіў дэ факта ў яе сілавыя структуры і служыць у іх. Гэта рэглямэнтуе Закон аб грамадзянстве, тлумачыць юрыст Алесь Міхалевіч.

Паводле ягонай інфармацыі, за апошнія гады пакуль нікога зь беларусаў прымусова грамадзянства не пазбавілі.

«Рашэньні аб пазбаўленьні грамадзянства патрабуюць шмат доказаў таго, што чалавек мае іншае грамадзянства, што ён дэ факта служыць у сілавых структурах іншай дзяржавы», — падкрэсьлівае Міхалевіч.

Добраахвотна выйсьці зь беларускага грамадзянства вельмі складана, тлумачыць адвакат.

«Трэба падаць усе падатковыя дэклярацыі, прайсьці шмат юрыдычных працэдураў (гэта вельмі нагадвае „абходны ліст“ пры звальненьні, калі трэба падпісаць процьму дакумэнтаў). Абсалютную бальшыню гэтых дакумэнтаў магчыма сабраць, толькі будучы ў Беларусі. Так што выхад зь беларускага грамадзянства добраахвотна — маўляў, вы напішаце заяву ў консульства ці адміністрацыю прэзыдэнта: „прашу вывесьці мяне зь беларускага грамадзянства“ — нічога ня зьменіць, вы грамадзянства ня страціце», — тлумачыць юрыст.

Ёсьць дзяржавы, у якіх забаронена мець падвойнае грамадзянства. Калі беларус уступае ў грамадзянства, да прыкладу, Нямеччыны, трэба адмовіцца ад грамадзянства паводле нараджэньня. Гэта каштуе нятанна — 400 эўра з чалавека, плюс за пераклад дакумэнтаў набяжыць яшчэ пара соцень эўра.

Дзяржаваў, дзе можна мець толькі адно грамадзянства (адмаўляючыся ад іншых), дастаткова шмат, кажа адвакат Алесь Міхалевіч.

«Польшча да іх не належыць, яна прызнае падвойнае грамадзянства. Але тая ж Літва падвойнага грамадзянства не прызнае і патрабуе выхаду. Для людзей, якія, да прыкладу, мелі ў гэтай краіне статус уцекача, працэдура выхаду зь іншага грамадзянства не патрабуецца, бо ім забароненыя кантакты з краінай паходжаньня. Таму калі атрымлівае літоўскае грамадзянства ўцякач, яго ня будуць змушаць выходзіць зь беларускага», — кажа Алесь Міхалевіч.

Ён дадае, што працэдуру выхаду з грамадзянства тэарэтычна магчыма прайсьці. Але перш за ўсё яе трэба праходзіць, знаходзячыся ўнутры Беларусі, зьвяртае ўвагу юрыст.

Згодна з «Законам аб грамадзянстве», выйсьці з грамадзянства нельга, калі чалавека падазраюць ці абвінавачваюць у крымінальнай справе, а злачынства было ўчынена ў Беларусі. Або калі чалавек ужо асуджаны ў Беларусі. Другая група — тыя, хто мае запазычанасьць у падатках ці «іншыя нявыкананыя абавязаньні перад Рэспублікай Беларусь». Просьбу не задаволяць, калі ў чалавека няма іншага грамадзянства ці гарантыяў яго набыцьця.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG