Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія службы ня маюць прэтэнзіяў да беларуса, які падаў «пашпарт Новай Беларусі»

«Пашпарт Новай Беларусі»
«Пашпарт Новай Беларусі»

Беларуса, які падаў «пашпарт Новай Беларусі» пры замене польскага ВНЖ, ня будуць пазбаўляць міжнароднай абароны.

Пра адказ польскай Управы ў справах іншаземцаў ад 8 красавіка беларусу Зьмітру піша «Люстэрка».

У справе Зьмітра раней ініцыявалі праверку пасьля таго, як у канцы лістапада 2025 году пры падачы заявы на чарговы дазвол на жыхарства ў Польшчы ён унёс зьвесткі пра нумар свайго «пашпарта Новай Беларусі» і дату яго выдачы.

«У выніку службоўцы палічылі, што я атрымаў новы сіні — афіцыйны — пашпарт у фактычных уладаў Беларусі і, магчыма, нават зьезьдзіў туды па яго ці зьвярнуўся ў амбасаду. І тое, і другое — падстава для пазбаўленьня міжнароднай абароны. У пачатку сьнежня Ўправа ініцыявала перагляд майго статусу і запытала тлумачэньні, якія я і падаў», — расказаў Зьміцер.

У Польшчы выкарыстаньне сымбалічнага дакумэнта (пашпарта, студэнцкага пасьведчаньня, пасьведчаньня кіроўцы і пад.) як афіцыйнага можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасьць. Ідзецца аб сытуацыях, калі чалавек падае такі дакумэнт як дзяржаўны, выкарыстоўвае яго для пацьверджаньня асобы.

«У канчатковым выніку іх задаволіла тое, што гэты пашпарт не выдаецца фактычнымі ўладамі Беларусі і толькі з часам, паводле задумы стваральнікаў, павінен стаць афіцыйным дакумэнтам. Да самога факту яго выкарыстаньня яны ніякіх адносін ня выказалі: выкарыстаў і добра», — дадаў Зьміцер.

Паводле Зьмітра, польскія службоўцы прынялі да ўвагі яго тлумачэньні і самастойна вывучылі пытаньне ў публічных крыніцах. Наконт «пашпарта Новай Беларусі» прэтэнзіяў у пастанове Дзьмітры не знайшоў.

Аб пачатку рэалізацыі праекту «пашпарта Новай Беларусі» абвясьцілі ў жніўні 2023 году.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG