У сувязі з тым, што сталі вядомыя факты адвольнага прызнаньня ўладамі Беларусі несапраўднымі пашпартоў былых палітвязьняў, прымусова высланых зь Беларусі пасьля вызваленьня ў верасьні і сьнежні 2025 году, кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацый выступіла з адмысловай заявай.
Абарона сваіх грамадзян — базавая функцыя і абавязак дзяржавы, нагадваюць праваабаронцы.
Артыкул 10 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сьведчыць аб тым, што «грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі».
Пашпарт зьяўляецца адной з праяў сувэрэнітэту дзяржавы і пацьвярджае гарантыю абароны грамадзяніна дзяржавай як на сваёй тэрыторыі, так і за мяжой.
«Асабліва падкрэсьліваем, што пашпарт — гэта ня проста адміністрацыйны дакумэнт, але пацьверджаньне юрыдычнай і сацыяльнай ідэнтычнасьці чалавека. Нягледзячы на тое, што адсутнасьць сапраўднага пашпарту дэ-юрэ ня цягне страту грамадзянства, яно стварае сытуацыю фактычнага безграмадзянства, закранае годнасьць чалавека і перашкаджае рэалізацыі яго шматлікіх базавых правоў, уключна з правам на роўны зварот, на прызнаньне правасуб’ектнасьці, на свабоднае перамяшчэньне, на неўмяшаньне ў асабістае, сямейнае жыцьцё, права ўступаць у шлюб і засноўваць сям’ю і права ўласнасьці».
У заяве правабаронцы адсылаюцца да адпаведных артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія парушаюцца такімі падыходамі. Таксама яны мяркуюць, што адвольнае прызнаньне несапраўднымі пашпартоў людзей, якія перасьледуюцца паводле палітычных прычынаў, зьяўляецца ня проста адмовай дзяржавы ад абароны сваіх грамадзян, але наўмысным злоўжываньнем уладай з боку дзяржаўных органаў, што закліканыя забясьпечваць абарону правоў грамадзян.
«Гэта дадатковыя рэпрэсіўныя захады, а таксама новая практыка ў кантэксьце трансгранічных рэпрэсій, у дачыненьні людзей, якія ўжо зазналі адвольнага крымінальнага перасьледу і панесьлі несправядлівае пакараньне за рэалізацыю сваіх законных правоў і свабодаў», — пішуць праваабаронцы.
Прыгадалі ў заяве і так званы «пашпартны ўказ», які забараніў абмен пашпартоў краіны ў замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў, праз што тысячы беларусаў апынуліся за мяжою бязь дзейных пашпартоў сваёй краіны, прыехаць у якую ня могуць празь небясьпеку палітычнага перасьледу.
У сувязі з гэтым, праваабаронцы заклікалі ўлады Беларусі выконваць свае канстытуцыйныя абавязкі ў абароне грамадзян і стварэньні ўмоў для рэалізацыі іх правоў без дыскрымінацыі паводле прыкметы палітычных перакананьняў або паводле іншых прыкметаў. Дзеля гэтага трэба спыніць практыку адвольнага прызнаньня пашпартоў несапраўднымі, забясьпечыць аднаўленьне дзейнасьці пашпартоў, а таксама скасаваць Указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў» ад 04.09.2023 г., каб аднавіць рэалізацыю замежнымі ўстановамі Беларусі функцыі выдачы і абмену пашпартоў.
Замежныя дзяржавы праваабаронцы заклікалі да дзейнасьці прыкладаць намаганьні для спыненьня дзейных практык уладаў Беларусі, якія пазбаўляюць уласных грамадзян іхных правоў. А на тэрыторыі сваіх дзяржаў правабаронцы просяць іншыя краіны спрыяць легалізацыі беларускіх уцекачоў, у першую чаргу прымусова высланых туды былых беларускіх палітвязьняў, а таксама іншых асобаў, якія засталіся за мяжою бязь дзейных пашпартоў.
Форум