Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тысячы людзей згубілі доступ». Навуковец Бесараб — пра акцыю кібэрпартызанаў супраць Нацыянальнай бібліятэкі

Акцыя кібэрпартызанаў супраць Нацыянальнай бібліятэкі. Ілюстрацыйны каляж.
Акцыя кібэрпартызанаў супраць Нацыянальнай бібліятэкі. Ілюстрацыйны каляж.

Кібэрпартызаны абвясьцілі пра ўзлом сайту Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прымеркавалі атаку да Дня волі. На галоўнай старонцы сайту на кароткі час зьявілася выява з «Пагоняй» і надпісы «Жыве Беларусь». Аднак пасьля акцыі ўзьніклі праблемы.

Людзі, якія спрабавалі скарыстацца онлайн-каталёгам бібліятэкі ў апошнія дні, скардзіліся, што ён не працуе. У самой бібліятэцы паведамілі, што ў іх будынку няма інтэрнэту, а электронным каталёгам можна скарыстацца толькі на месцы. Навуковец, радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб быў адным з тых, хто крытычна выказаўся пра акцыю кібэрпартызанаў. У выніковым «Піку Свабоды» ён патлумачыў сваю пазыцыю.

Сяргей Бесараб
Сяргей Бесараб

— Тут жа патрэбна разумець, што «Кібэрпартызаны» — гэта ўнікальная беларуская ініцыятыва, тэхналягічнае згуртаваньне хакераў. І калі мы, навукоўцы, бачым ад іх навіны, то мы чакаем таксама тэхнічнай і навуковай справаздачы, асабліва калі рэч ідзе пра такія аб’екты, як бібліятэка, бо для гэтай хакерскай культуры, умоўна кажучы, а любы тэхнар ці навуковец мае большае ці меншае дачыненьне да гэтай культуры, у якой веды, каталёгі, нейкія базы даных — гэта найвялікшая каштоўнасьць. Што такое нацыянальная бібліятэка? Нацыянальная бібліятэка — гэта каталёг, які выкарыстоўвалі вікіпэдысты, навукоўцы, аналітыкі, журналісты. Выкарыстоўваюць людзі з-за мяжы. Нацыянальная бібліятэка і яе каталёг — гэта адзіны такі канал, які зараз працуе і дазваляе тым хто знаходзіцца за мяжой неяк зьбіраць свае бібліяграфіі, літаратурныя агляды і гэтак далей. І калі нам абсякаюць гэта? Яшчэ раз паўтаруся, што большасьць спэцыялістаў кібэрпартызанаў успрымае як тэхналягічную супольнасьць, а не як палітычную супольнасць.

— Прэсавая сакратарка «Кібэрпартызанаў» Юліяна Шаметавец пазьней пракамэнтавала, што цяперашнія праблемы з сайтам Нацыянальнай бібліятэкі не зьвязаныя з тым узломам. Паводле яе, калі каманда ўзломвае ўнутраныя сыстэмы, яна пра гэта абвяшчае публічна. «Сэнс акцыі, каб людзі маглі заходзіць на сайт і бачыць віншаваньні. Парушылі працу сайта лукашысты, якім гэта не падабаецца» — заявіла Шаметавец. Ці гэтае тлумачэньне зьмяніла ваша стаўленьне да акцыі?

— Я бачу тут правал публічнай камунікацыі ініцыятывы. І зноў жа ў заяве прэс-сакратаркі шмат палітычных наратываў, але няма тэхнічных. Калі вы ўзламалі не сайт ГУБАЗіКа ці нейкага там гарвыканкаму, вы ўзламалі нацыянальную каштоўнасьць, бібліятэку, якой карыстаюцца сотні чалавек, тысячы. Мы, людзі, якія гэтай бібліятэкай карыстаюцца і каталёгам, чакаем адказу нашага ўзроўню. Мы не чакаем нейкага папулізму і абвінавачваньня. То бок тут трэба прызнаць, што кібэрпартызаны згубілі час. Згубілі час на нейкія такія абмеркаваньні, і калі махавік незадавальненбня пачаў раскручвацца, тады яны выйшлі і далі прэс-рэліз. Але гэты прэс-рэліз трэба было даць адразу пасьля акцыі. Сказаць, што вось веды, базы для нас галоўная каштоўнасьць. Мы іх не чапалі. Мы сапсавалі гэтую загалоўную старонку, якой усё роўна ніхто і не карыстаецца. Але час быў згублены, і гэтым скарысталіся лукашысты. Я бачу, што тут, канешне, публічныя камунікацыі былі на вельмі невысокім узроўні.

— Кібэрпартзыаны тлумачылі сваю акцыю тым, што Нацыянальная бібліятэка — гэта адзін з любімых праектаў дыктатара, што будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі пачалося па загаду Лукашэнкі і фінансавалася за кошт сродкаў, якія часам прымусова зьбіралі ў насельніцтва. Ці гэты аргумэнт пераканаўчы для вас?

— Я ня ведаю, які ўзрост тых, хто зараз складае кібэрпартызанаў. Але для мяне нацыянальная бібліятэка — гэта проста перамешчаная ранейшая Ленінская бібліятэка, якая была на Кастрычніцкай плошчы. Усе актывы былі перавезены ў новы будынак. Бібліятэка — гэта веды, гэта кнігі, гэта інфармацыя, а не будынак, у якім яно захоўваецца. І з гэтай кропкі гледжаньня мяне, канешне, не пераканаў гэты адказ, наадварот, ён мяне пераканаў у тым, што людзі не разумеюць, у чым працуюць, з якімі матэрыямі працуюць людзі. А гэта супярэчыць усей канцэпцыі хакерскай культуры. Я б зразумеў, каб яны ўзламалі вось гэты вонкавы экран, гэтую піксэльную матрыцу, якая на паверхні, і пусьцілі туды, напрыклад, «Пагоню». Але пытаньне ў тым, што недаступны каталёг.

— Праз рэпрэсіўны рэжым у Беларусі часам акцыі звонку могуць пашкодзіць зусім ня тым, на каго яны накіраваныя. Некалькі гадоў таму пасьля таго, як на таблё ля Кастрычніцкай плошчы зьявілася выява Ціханоўскай, пацярпела фірма, якая адказвае за вонкавую рэкляму. Нядаўна адзін з блогераў даслаў міліцыянтам фота людзей з бел-чырвона-белымі сьцягамі, створанымі пры дапамозе штучнага інтэлекту, і міліцыянты пачалі тэрмінова шукаць іх. Ведаючы як працуюць цяпер сілавікі, ня выключана, што яны могуць затрымаць любога чалавека, прымусіўшы прызнацца, што ён быў са сьцягамі. Якая тут этычная дылема паўстае, калі з аднаго боку трэба рабіць крэатыўныя акцыі супраць рэжыму, сілавікоў, а з другога боку ахвярамі іх могуць стаць зусім не прадстаўнікі рэжыму?

— І зноў тут мы зьвяртаемся да таго, як мы разглядаем ініцыятыву кібэрпартызан. Мы яе разглядаем як тэхналягічную ініцыятыву ці як палітычную? Бо калі ініцыятыва тэхналягічная, то яна павінна праводзіць мадэляваньне пагроз. Перад тым, як плянуецца акцыя, павінна праводзіцца мадэляваньне пагроз, ацэнка рызыкаў. І тады толькі ўжо сама акцыя праводзіцца. Калі гэта ініцыятыва палітычная, то яна можа не пераймацца.

— Чаму для вас як для навукоўца агулам важны каталёг Нацыянальнай бібліятэкі?

— Таму што гэта даволі прафэсійна. У Беларусі існуюць два найбуйнейшых каталёга бібліяграфічных дадзеных. Гэта цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа і нацыянальная бібліятэка. Я ім карыстаўся дзесяцігодзьдзі. Каталёг Нацыянальнай бібліятэкі — гэта самы буйны каталёг, гэта сапраўды нацыянальная каштоўнасьць беларусаў. Любая спроба пашкодзіць яго ці, ці дэфармаваць, выклікае ў мяне абсалютнае абурэньне і раздражненьне. Таму што забіраюць мой любімы інструмэнт, якім я карыстаўся дзесяцігодзьдзямі. І незразумела, дзеля чаго? Дзеля чаго гэта робіцца? Зьмясьцілі нейкі малюначак і тысячы чалавек згубілі доступ да бібліяграфічных дадзеных.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG