Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША змусілі Лукашэнку адступіць, ці Што паказаў беларуска-літоўскі канфлікт

Прэм'ер-міністарка Літвы Інга Ругінене і спэцыяльны пасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, Літва, 18 сакавіка 2026 году
Прэм'ер-міністарка Літвы Інга Ругінене і спэцыяльны пасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл, Літва, 18 сакавіка 2026 году

Сьцісла

  • Арыштаваўшы літоўскія грузавікі, афіцыйны Лукашэнка ўзяў курс на эскаляцыю канфлікту.
  • Менск патрабаваў ад Вільні правядзеньня перамоваў на палітычным узроўні. Аднак быў вымушаны адступіць.
  • Галоўным чыньнікам, які паўплываў на вырашэньне канфлікту, стала пазыцыя ЗША.

Урэшце гісторыя з арыштаванымі ў Беларусі літоўскімі грузавікамі набліжаецца да фіналу. Тактыка шантажу і грубага ціску на Літву з боку афіцыйнага Менску не спрацавала. Улады Беларусі былі вымушаныя саступіць, калі да вырашэньня канфлікту далучыліся ЗША.

Гісторыя канфлікту

Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне аб магчымасьці выезду фур з літоўскай рэгістрацыяй. Грузавікі, якія зь лістапада 2025 году знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, змогуць выяжджаць празь мяжу Літвы і Польшчы пасьля таго, як іхныя ўласьнікі аплацяць за знаходжаньне на стаянках.

На нейкі час летась у лістападзе крызіс на беларуска-літоўскай мяжы стаў галоўным пытаньнем як для замежнай, так і для ўнутранай палітыкі Літвы і Беларусі. Тады ў дадатак да мігранцкіх атак зьявіліся кантрабандныя балёны, у выніку чаго пэрыядычна спыняў працу віленскі аэрапорт. Дзеля ціску на Менск, Літва закрыла беларуска-літоўскую мяжу. У адказ беларускія ўлады заблякавалі больш за 1000 літоўскіх транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, якія аказаліся на беларускай тэрыторыі.

Гэтую канфліктную сытуацыю больш за чатыры месяцы не ўдавалася вырашыць. Як заўсёды бывае падчас канфлікту, перапляліся эканамічныя інтарэсы, пытаньні бясьпекі, імкненьне выйсьці з крызісу з захаваньнем палітычнага твару з абодвух бакоў.

У лістападзе Літва пайшла на кампраміс, датэрмінова адкрыла мяжу зь Беларусьсю, спадзеючыся на адпаведныя крокі ў адказ. Аднак беларускі бок адмовіўся вяртаць літоўскія грузавікі, якія былі фактычна арыштаваныя ў Беларусі. Афіцыйны Менск запатрабаваў ад гаспадароў гэтых фур заплаціць за іх стаянку і ахову (120 эўра ў суткі за кожную машыну). Грузавікі сталі закладнікамі, пабочнымі ахвярамі палітычнага канфлікту.

Курс на падвышэньне ставак

Арышт грузавікоў — гэта быў курс афіцыйнага Менску на эскаляцыю канфлікту, падвышэньне ставак. Беларускія ўлады прымянілі шантаж, жорсткі ціск на Літву, каб прымусіць яе да перамоваў на сваіх умовах. Яны лічылі, што Літва — слабае зьвяно на эўрапейскім кірунку. І з ёй можна гаварыць з пазыцыі сілы.

Беларускі бок ня проста прапаноўваў, а патрабаваў правядзеньня перамоваў на палітычным узроўні. Лукашэнка даў даручэньне міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову весьці перамоўны працэс. Прычым, як можна зразумець, Менск хацеў вырашыць праблему ў комплексе, увязаўшы ў адзін пакет праблему мяжы з пытаньнямі санкцый і доступу да літоўскіх партоў.

Літоўскі бок быў гатовы весьці перамовы толькі на тэхнічным узроўні, і толькі па вузкай тэме крызісу на мяжы. Бо перанос дыялёгу на палітычны ўзровень азначаў бы фармальнае прызнаньне рэжыму Лукашэнкі, ягоную легітымізацыю. Да таго ж, Вільня не гатовая весьці перамовы ў шырокім коле пытаньняў, бо ў пэўным сэнсе зьвязаная рашэньнямі Эўразьвязу, накіраванымі на ізаляцыю афіцыйнага Менску.

Роля ЗША ў вырашэньні канфлікту

Абодва бакі ўскладалі надзею на пасярэдніцтва амэрыканскай дэлегацыі на чале з спэцпасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам. Аднак ягоны візыт у Менск у сьнежні не прывёў да вырашэньня беларуска-літоўскага канфлікту.

Што маем цяпер, праз чатыры месяцы ад пачатку канфлікту. Спарадычна працягваюць ляцець кантрабандныя балёны, ня зьніклі спробы мігрантаў нелегальна патрапіць з беларускай тэрыторыі.

Тым ня менш, у галоўным канфліктным пытаньні Менск быў вымушаны адступіць. Справа ў тым, што грузавікі ў гэтым супрацьстаяньні не былі асноўнай тэмай. Галоўнае палягала ў тым, каб прымусіць Літву пайсьці на перамовы на ўзроўні кіраўнікоў МЗС. Дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вольфавіч пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 25 лістапада заявіў:

«Яны (грузавікі. — РС) знаходзяцца тут толькі з адной прычыны: кіраўніцтва Літвы ня хоча ісьці на канструктыўны дыялёг на палітычным узроўні».

Аднак прымусіць Літву да такіх перамоваў не атрымалася. Вільня не пайшла на саступкі, не пагадзілася на сустрэчу міністраў замежных спраў. Таму можна зрабіць выснову, што фірмовая стратэгія Лукашэнкі дасягаць сваіх мэтаў з дапамогай шантажу і грубага ціску не спрацавала.

Звычайна Лукашэнка ня любіць саступаць пад ціскам, бо баіцца выглядаць слабым. Аднак усё залежыць ад таго, ці моцны ціск. І ад бонусаў, якія прапануюцца ўзамен на саступкі.

У цяперашнім выпадку і ціск, і бонусы сыходзілі ад ЗША. Абяцаньне Коўла адмяніць 80% санкцый, запрашэньне Лукашэнкі зладзіць візыт да Дональда Трампа аказаліся значна больш важнымі для ўладаў Беларусі, чым лёс літоўскіх грузавікоў. Тым больш, што пэрспэктывы гандлю каліем у пэўнай ступені залежаць ад таго, ці адкрые Літва свой порт у Клайпедзе.

У выніку Менск у дадатак да чаканага аднаго падарунку Трампу (вызваленьня 250 палітвязьняў, 235 зь якіх не дэпартаваныя, засталіся ў Беларусі), уручыў Коўлу яшчэ і прэзэнт у выглядзе замірэньня зь Літвой, вызваленьня грузавікоў.

Захаваньне палітычнага твару

Пытаньне было толькі ў тым, каб захаваць палітычны твар. Дзеля гэтага, напярэдадні візыту Коўла ў Менск, улады Беларусі правялі піяр-акцыю. Прэм’ер Аляксандар Турчын сустрэўся з літоўскай дэлегацыяй, якая прадстаўляла інтарэсы часткі гаспадароў арыштаваных фур. Афіцыйная вэрсія гучала так: маўляў, літоўскі ўрад ня дбае пра сваіх грамадзян і бізнэсоўцаў, а вось беларускія ўлады, наадварот, гатовыя ўсяляк спрыяць «братэрскаму літоўскаму народу». «Вернем мы гэтыя фуры. Шкада палякаў, літоўцаў», — сказаў Лукашэнка 20 лістапада журналістам дзяржаўных мэдыяў.

Праўда, як заўсёды, афіцыёзная вэрсія мэханізму вырашэньня канфлікту трохі адрозьніваецца ад рэальнай. «Заплацілі за стаянку капейкі гэтыя — забірайце», — паабяцаў Лукашэнка. Аднак, высьвятляецца, што кошт «выкупу» гэтых фур, зусім не капейкі. Цана паркоўкі аднаго цягача з паўпрычэпам за дзень на спэцыяльных паркоўках складае прыблізна 47-48 эўра. За чатыры месяцы набягае больш за 6 тысяч эўра. Прэзыдэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі перавозьнікаў Linava Эрландас Мікенас адзначыў, што толькі каля 50% усіх кампаній змогуць заплаціць такія грошы.

Паводле нармальнай лёгікі, менавіта беларускі бок павінен быў бы плаціць кампэнсацыю за шкоду, нанесеную літоўскім транспартным кампаніям.

Варта толькі дадаць, што транзытны статус Беларусі — гэта стратэгічны рэсурс краіны. Рэжым Лукашэнкі марнуе яго, правакуючы канфлікты з суседзямі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG