Сьцісла:
- Візыты Коўла ў Беларусь прыносяць Трампу гісторыю посьпеху — вызваленьне палітвязьняў.
- Згода ўладаў Беларусі не дэпартаваць большую частку вызваленых палітвязьняў – прынцыповая саступка з боку Менску.
- Паездка Лукашэнкі ў ЗША залежыць і ад Расеі.
- Калі ўсё ж гэты візыт адбудзецца, то можна меркаваць, што Лукашэнку давядзецца вызваляць усіх палітвязьняў.
Перашкоды на шляху перамоўнага працэсу
Візыты спэцыяльнага прадстаўніка амэрыканскага прэзыдэнта Джона Коўла ў Беларусь становяцца часткай палітычнага цыклю. Яны ўжо адбываюцца нібыта паводле пэўнага альгарытму, графіку, раз на тры месяцы, у кожную пару году. І яны даволі выніковыя, кожнаму зь візытаў спадарожнічае вызваленьне палітвязьняў.
Прынцыпова важна, што перамоўны працэс працягваецца, хоць было шмат гіпотэзаў наконт яго спыненьня.
Меркавалася, што Дональд Трамп можа пакрыўдзіцца на Аляксандра Лукашэнку з прычыны ягонай адмовы ляцець у ЗША на паседжаньне Рады міру.
Таксама ўсе вонкавыя назіральнікі заўважылі вокрык з Расеі за намер Лукашэнкі ляцець у ЗША, што лішні раз падкрэсьлівала залежны, марыянэткавы статус беларускага ўладара.
Зь іншага боку, вайна ЗША супраць Ірану стала пэўным выпрабаваньнем для беларуска-амэрыканскага дыялёгу. Бо падчас гэтай вайны тэма ваеннага канфлікту ва Ўкраіне траціць прыярытэтнасьць у замежнай палітыцы Злучаных Штатаў. А вядома, што Вашынгтон праяўляў цікавасьць да Беларусі з прычыны яе ўключанасьці ў гэтую вайну ў суседзтве. У новых умовах, як шмат хто лічыў, гэтая ўвага магла пайсьці на спад.
Да таго ж пасьля атакі ЗША і Ізраілю на Іран беларускія прапагандысты ў дзяржаўных мэдыя заклікалі спыніць перамоўны працэс з амэрыканцамі на знак пратэсту і салідарнасьці з іранскімі саюзьнікамі.
Дыялёг інтэнсыфікуецца
Але, нягледзячы на ўсе гэтыя перасьцярогі, Джон Коўл прыехаў. Бо ягоныя візыты ў Беларусь прыносяць Трампу гісторыю посьпеху. А пазытыўныя навіны для прэзыдэнта ЗША пры росьце сусьветных цэнаў на нафту і газ у выніку вайны супраць Ірану цяпер надзвычай патрэбныя.
«Прэзыдэнт Трамп практычна даў мне поўную свабоду дзеяньняў рабіць тое, што я хачу, у гэтым пытаньні. А потым я дакладваю яму, і пакуль што ён ня супраць, бо гэта дапамагае сьвету ўбачыць, што мы ня проста ваюем. Мы таксама вельмі спагадлівы народ, і мы верым у правы чалавека і гуманітарныя праекты. Гэта дае людзям свабоду, людзям, якія гадамі яе ня мелі, а цяпер маюць», — сказаў Джон Коўл у інтэрвію Newsmax увечары 19 сакавіка.
Каб дыялёг працягваўся, трэба рабіць наступныя, больш рашучыя крокі, інтэнсыфікаваць перамоўны працэс. І гэта адбываецца. Рыхтуецца аднаўленьне працы амбасадаў. Абмяркоўваюцца пляны візыту Лукашэнкі ў ЗША. Колькасьць вызваленых палітвязьняў расьце. Гэтым разам іх 250. Гэта рэкорд.
Прычым, і гэта прынцыповы момант, дэпартавалі з краіны 15 чалавек, 235 засталіся ў Беларусі. Гэтая саступка з боку беларускай улады вельмі важная. Бо дасюль Лукашэнка катэгарычна цьвердзіў, што ўсе вызваленыя паводле «ўгоды» з ЗША будуць вывезеныя за мяжу. Саступка адбылася ня толькі пад жорсткім ціскам ЗША, але і з прычыны пачатку расьсьледаваньня Міжнародным крымінальным судом дзеяньняў уладаў Беларусі. У дакумэнце суду слова «дэпартацыя» гучала вельмі выразна.
Мінулым тыднем, падчас паездкі ў Дрыбін, Лукашэнка закрануў гэтую тэму. Калі паспрабаваць расшыфраваць ягоныя, як звычайна, супярэчлівыя выказваньні, то іх можна зьвесьці да такой высновы: так, мы ня будзем усіх вызваленых палітвязьняў вывозіць за мяжу, але хто будзе парушаць закон – таго зноў за краты. То бок гэта можна прачытаць так, што для вызваленых палітзьняволеных створаць такія ўмовы, што яны самі зьедуць.
Пасьля гэтага візыту Коўла перад Лукашэнкам паўстане праблема, як патлумачыць сваім прыхільнікам, найперш сілавікам, чаму ён пайшоў на занадта вялікія саступкі, даказваць, што амэрыканцы яго не «нахілілі».
Пэрспэктывы візыту Лукашэнкі ў ЗША
ЗША таксама зрабілі крокі насустрач, здымаючы санкцыі зь «Белінвэстбанку», «Банку разьвіцьця» і Міністэрства фінансаў Беларусі. Мусіць адбыцца практычная рэалізацыя скасаваньня санкцыяў на беларускі калій.
І, можа, найважнейшы для Лукашэнкі падарунак — гэта тое, што яго запрашаюць у ЗША. Пакуль не зусім зразумела, у якім фармаце. Ці то на чарговае паседжаньне Рады міру, ці то ідзецца пра асобны візыт.
Аднак паездка Лукашэнкі ў ЗША залежыць ня толькі ад паразуменьня Беларусі і Злучаных Штатаў, але і ад Расеі. Ці ўзгодніць гэты візыт Пуцін? Згадаем, які вэрхал узьняўся ў Маскве, калі паўстала пытаньне пра паездку Лукашэнкі на першае паседжаньне Рады міру ў лютым.
Калі ўсё ж гэты візыт адбудзецца, то можна меркаваць, што Лукашэнку давядзецца вызваляць усіх палітвязьняў. Як таго патрабуе Трамп. Перамовы з прэзыдэнтам ЗША – занадта вялікі і значны жэст з боку Вашынгтону, каб ляцець туды з пустымі рукамі.
І напрыканцы — пра пацешны сюжэт падчас перамоваў у Менску. Лукашэнка хоча павучыць Трампа, як правільна весьці замежную палітыку ЗША. Але наўрад ці амэрыканскага прэзыдэнта цікавяць нечыя думкі, а пагатоў развагі кіраўніка невялікай дзяржавы, у якога «няма картаў». Лукашэнка ня ў стане вырашыць уласныя замежнапалітычныя праблемы, выйсьці з ізаляцыі на эўрапейскім кірунку, а таксама пазбавіцца вялізнай залежнасьці ад Расеі. І чаму ён можа навучыць Трампа?
Форум