Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі заявілі аб разблякаваньні руху літоўскіх грузавікоў. У Вільні адрэагавалі

абноўлена
Літоўскія грузавікі, якія летась заселі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Літоўскія грузавікі, якія летась заселі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Ува ўрадзе Беларусі паведамілі, што літоўскія грузавікі, якія зь лістапада 2025 году знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, змогуць выяжджаць празь мяжу Літвы і Польшчы толькі пасьля таго, як іхныя ўласьнікі аплацяць іх захоўваньне на стаянках.

«Мытныя органы пачалі працаваць. З паступленьнем ад перавозьнікаў аплаты захоўваньня, а яна цяпер у разы ніжэйшая за вызначаную раней, транспартныя сродкі змогуць выяжджаць. Далейшая хуткасьць перасячэньня мяжы — за дзеяньнямі літоўскага боку. Сёньня Дзяржаўны мытны камітэт накіраваў літоўскай мытнай службе адпаведную прапанову аб павелічэньні пропуску грузавікоў», — сказана ў паведамленьні ўраду.

Адзначаецца, што гэтае рашэньне ўхваліў Аляксандар Лукашэнка пасьля разгляду звароту літоўскіх і польскіх перавозьнікаў.

Прэзыдэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі перавозьнікаў Linava Эрландас Мікенас у інтэрвію выданьню BNS паведаміў, што атрымана афіцыйнае пацьверджаньне пачатку працэсу вяртаньня грузавікоў.

«Афіцыйнае пацьверджаньне палягае ў тым, што транспартныя сродкі былі вызваленыя, і мы атрымалі тарыфы ад „Белмытсэрвісу“, якія расчаравалі перавозьнікаў», — заявіў Эрландас Мікенас.

Паводле яго, цана паркоўкі цягача з паўпрычэпам за дзень на спэцыяльных паркоўках складае прыблізна 47-48 эўра, толькі паўпрычэпа — прыблізна 16 эўра і толькі цягача — прыблізна 32 эўра.

«Я б сказаў, што калі 50 адсоткаў (усіх кампаніяў. — BNS) змогуць заплаціць, гэта будзе вельмі добра», — дадаў кіраўнік Linava. Ён ня выключыў, што і на такіх умовах ня ўсе грузавікі змогуць вярнуцца ў Літву.

Лукашэнка анансаваў вяртаньне літоўскіх грузавікоў пасьля перамоваў 19 сакавіка з амэрыканскай дэлегацыяй на чале з спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам.

Літоўскія фуры затрымалі летась у Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.

Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі не дазваляў літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.

Паводле Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Літвы Linava, у Беларусі затрымалі 1071 транспартны сродак, зь якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG