Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля перамоваў з прадстаўніком Трампа Лукашэнка анансаваў «вялікую ўгоду» з ЗША і вяртаньне літоўскіх фураў

Джон Коўл і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 19 сакавіка 2026 году
Джон Коўл і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 19 сакавіка 2026 году

Лукашэнка заявіў, што ўлады Беларусі абазначылі свае інтарэсы і накіравалі амэрыканцам прапановы.

19 сакавіка пасьля сустрэчы з амэрыканскай дэлегацыяй улады Беларусі заявілі пра вызваленьне 250 палітычных зьняволеных.

У сваю чаргу прадстаўнікі ЗША паведамілі аб скасаваньні санкцыяў, накладзеных на «Белінвэстбанк», «Банк разьвіцьця», Міністэрства фінансаў, а таксама на Беларускую калійную кампанію і «Беларуськалій».

Аляксандр Лукашэнка 20 сакавіка расказаў, як ідзе падрыхтоўка «вялікай угоды» са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, перадае БелТА.

«Так, сапраўды, амэрыканцы ў ходзе перамоваў — трэці або чацьвёрты раўнд быў — яны ад імя Трампа прапанавалі заключыць вялікую ўгоду, дзе будзе адлюстраваны шэраг пытаньняў, якія на парадку нашых перамоваў. Я што, адмаўляцца буду? Для Беларусі гэта важна і для мяне ў тым ліку. Таму я сказаў: «Я гэта нармальна ўспрымаю, перадайце Дональду, што я згодны, каб выпрацаваць гэтую вялікую ўгоду, падрыхтаваць».

Лукашэнка таксама сказаў, што прапанаваў ЗША варыянт заканчэньня вайны ў Іране:

«Мы абазначылі свае інтарэсы і накіравалі амэрыканцам адпаведныя прапановы. Як яны мяне інфармавалі, яны прапрацоўваюцца. Вялікая ўгода — гэта ня толькі палітвязьні, як яны гавораць. Хоць і я іх пастаянна папраўляю, што ў нас палітзьняволеных няма, бо ў нас няма палітычных артыкулаў».

«Я ў іх ніколі не прасіў нічога ўзамен, нават наконт санкцыяў. Ніколі», — заявіў Лукашэнка.

Паводле ягоных словаў, у парадку дня перамоваў ня толькі работа пасольстваў, але і тэма ядзерных матэрыялаў.

«Мы рыхтуемся да гэтай вялікай дамовы з амэрыканцамі», — заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што найбліжэйшымі днямі мае намер прыняць рашэньне аб фурах зь літоўскай рэгістрацыяй, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

«Гэтае рашэньне да панядзелка я абавязаны прыняць. Цягнуць ня трэба, я не хачу, каб быў бюракратызм ці цяганіна. Я прыму рашэньне і, думаю, з панядзелка мы працэс вяртаньня гэтых фураў пачнём. Вернем мы гэтыя фуры. Шкада палякаў, літоўцаў».

Літоўскія фуры затрымалі ў Беларусі ў адказ на рашэньне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту зь Беларусі паветраных балёнаў з кантрабандай.

Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі дагэтуль не дазваляе літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.

Паводле Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Літвы Linava, у Беларусі затрымалі 1071 транспартны сродак, зь якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG