У красавіку 2025 году Найвышэйшы антыкарупцыйны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Ўкраіны да ААТ «Беларуськалій» аб санкцыях «у выглядзе спагнаньня ў даход дзяржавы актываў падсанкцыйнай асобы».
Згодна з рашэньнем суду, у даход дзяржавы спагналі больш за 70 тысяч тон хлёрыстага калію, больш за 250 мільёнаў грыўняў у эквіваленце (звыш 6 млн даляраў), 1545 чыгуначных вагонаў, а таксама 48% статутнага капіталу ТАА «Агророзквіт», заснавальнікам якога зьяўляецца Беларуская калійная кампанія.
48% статутнага капіталу ТАА «Агророзквіт» складае 86 400 грыўняў (крыху больш за 2 тысячы даляраў у эквіваленце).
Летась у сьнежні пасьля вызваленьня з турмаў 123 зьняволеных Міністэрства фінансаў ЗША выдала ліцэнзію на трансакцыі з трыма беларускімі прадпрыемствамі — «Беларуськаліем», Беларускай калійнай кампаніяй і даччынай структурай БКК ва Ўкраіне «Агророзквіт».
Што вядома пра кампанію «Агророзквіт»
Кампанія «Агророзквіт» зарэгістраваная ў Кіеве 5 ліпеня 2016 году. Яе заснавальнік — Беларуская калійная кампанія. У Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны мяркуюць, што праз БКК 48% актываў украінскага прадпрыемства належыць «Беларуськалію».
У той жа час вядома, што «Агророзквіт» пэўны час быў зьвязаны з грамадзянінам Украіны Аляксандрам Скрыпкам і ягонай кампаніяй «СанАгро Україна». Іх зьвязваў нават адзін супольны заснавальнік — брытанская кампанія Agrofertrans Ltd, уласьнікам якой і быў Аляксандар Скрыпка.
У 2016 годзе капітал Agrofertrans Ltd быў выкарыстаны для рэгістрацыі кампаніі «Белаграфэрт» у межах свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвэст». На афіцыйным сайце СЭЗ пазначана, што прадпрыемства створана з удзелам брытанскіх інвэстыцыяў. Хоць назва брытанскай кампаніі ня згадваецца.
«Белаграфэрт» (гэтую кампанію ў свой час кантраляваў Віктар Шэйман) пабудаваў завод для вытворчасьці грануляванага сульфату амонію на аснове сыравіны ААА «Гродна Азот». Раней паведамлялі, што гэты завод вырабляе да 200 тысяч тон угнаеньняў за год. Большую іх частку пастаўлялі ва Ўкраіну праз кампанію «СанАгро Україна», бэнэфіцыярам якой таксама была брытанская Agrofertrans Ltd.
У канцы 2020 году Agrofertrans Ltd выйшла і з складу бэнэфіцыяраў прадпрыемства «СанАгро Україна» і кампаніі «Агророзквіт».
Кампанію «СанАгро Україна», якая была афіцыйным дылерам беларускага калію ва Ўкраіне, падазравалі ва ўдзеле ў фінансаваньні паездак украінскага дэпутата Яўгенія Шаўчэнкі ў Беларусь (ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама ў махлярстве зь беларускімі ўгнаеньнямі).
Паводле ініцыятывы «Рабочы рух», створанай пасьля акцыяў пратэсту ў 2020 годзе для абароны правоў працоўных, Аляксандар Скрыпка ў 2015 годзе наведваў Віетнам як генэральны дырэктар Agrofertrans Ltd разам з Аленай Кудравец, генэральнай дырэктаркай Беларускай калійнай кампаніі.
ТАА «Агророзквіт» у 2020 годзе атрымала 3 мільярды грыўняў даходу і 19,8 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (адпаведна 110 мільёнаў і 713 тысяч даляраў у эквіваленце). У наступныя чатыры гады даходнасьць прадпрыемства зьніжалася, пакуль у 2024 годзе не дасягнула 16,2 мільёна грыўняў з стратамі ў 9,7 мільёна грыўняў (адпаведна 404 630 і 242 085 даляраў у эквіваленце. — РС).
Цяпер у кампаніі няма ніводнага працаўніка. Яе апошні кіраўнік Вадзім Кулік, які ў 2022 годзе напісаў заяву аб звальненьні, доўга судзіўся, каб пайсьці з гэтай пасады, бо праз вайну кампанія не магла правесьці ў гэтых мэтах агульны сход акцыянэраў. У лістападзе 2023 году Гаспадарчы суд Кіева прызнаў яго «працоўныя дачыненьні спыненымі ў сувязі з звальненьнем з пасады дырэктара на ўласнае жаданьня».
Адметна, што пасьля гэтага звальненьня Вадзім Кулік перайшоў на працу ў «СанАгро Україна» — яна, дарэчы, была зарэгістраваная і дагэтуль знаходзіцца па тым жа адрасе, што і «Агророзквіт». Цяпер «СанАгро Україна», як вынікае зь яе афіцыйнага сайту, прадае ўгнаеньні з Бэльгіі, Польшчы, Ізраілю і Ўкраіны.
Нягледзячы на рашэньне ЗША, ТАА «Агророзквіт» з 2021 году застаецца пад санкцыямі краін Эўразьвязу.
У чэрвені 2024 году падатковыя органы анулявалі рэгістрацыю прадпрыемства «Агророзквіт» як платніка ПДВ на падставе дэклярацыі аб адсутнасьці паставак.
Тым ня менш, украінскія суды дагэтуль разглядаюць пазовы ўкраінскіх кампаній да «Агророзквіту» аб спагнаньні грошай за нявыкананыя абавязаньні. Юрыдычную рэгістрацыю кампаніі не скасавалі і працэс банкруцтва, як іншыя ўкраінскія кампаніі зь беларускімі інвэстыцыямі, яе не закрануў.
Форум