Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я беларусаў: «Мы вельмі шчасьлівыя». Зрабілі перасадку ныркі ад жонкі мужу

Алена і Сяргей Хвасьцёнкі, фота з прыватнага архіву
Алена і Сяргей Хвасьцёнкі, фота з прыватнага архіву

У Гданьску зрабілі апэрацыі сужэнцам Хвасьцёнкам. Нырку жонкі Алены перасадзілі ейнаму мужу Сержуку, бо ягоныя ныркі амаль адмовілі.

Трансплянтацыю правялі ў шпіталі ў Гданьску 18 сакавіка, расказала Свабодзе Алена Хвасьцёнак.

«У нас усё добра. Апэрацыя прайшла пасьпяхова», — падзялілася навіной яна.

Спачатку апэравалі Алену — з 8:30 да 12:00, удакладніла суразмоўца. Потым забралі мужа, ягоную апэрацыю скончылі а 14:00. Апэрацыі праводзілі пад агульным наркозам. Увечары яны абое ўжо ачуліся. Сужэнцы ў розных палатах, але пасьпелі сазваніцца.

«Лекары сказалі, што новая нырка ў яго адразу на апэрацыйным стале запрацавала. Усё павінна быць добра. Адчуваем сябе добра. Ляжым, сьпім. Нас абязбольваюць, ахінулі нас апекай і ўвагай. Вядома, мы вельмі шчасьлівыя, што ўсё прайшло так добра, без ускладненьняў, што шлях да апэрацыі ўжо пройдзены і наперадзе аднаўленьне!» — расказала Алена Хвасьцёнак пра першыя гадзіны пасьля перасадкі ныркі.

Пáра лягла ў шпіталь за два дні да апэрацыі, 16 сакавіка. Як раней расказвала Алена, пры апэрацыі ў яе меліся выразаць нырку з дапамогай ляпараскапіі, а даставаць яе праз разрэз у шве, які застаўся пасьля кесарава сячэньня. Паводле папярэдніх плянаў, Алену маюць пакінуць пад наглядам у шпіталі каля тыдня, а Сяргея — каля двух. Далейшая рэабілітацыя, імаверна, зойме каля месяца ў Алены і каля трох месяцаў у Сержука. У гэты час яны ня здолеюць працаваць. Беларусы на гэты пэрыяд сабралі для сям’і грошы. Усё жыцьцё пасьля перасадкі яны мусяць заставацца на ўліку ў нэфроляга і абсьледавацца штогод.

Алена і Сяргей Хвасьцёнкі. Фота з прыватнага архіву
Алена і Сяргей Хвасьцёнкі. Фота з прыватнага архіву

Сяргей і Алена Хвасьцёнкі паходзяць з Полацку. Ужо некалькі гадоў жывуць у польскім Гданьску. Разам яны 25 гадоў. У іхнай сям’і дзьве дачкі. Сяргей працаваў у Польшчы таксістам, Алена — бухгальтаркай. Пасьля аднаўленьня яна будзе шукаць новую працу.

Праблемы з ныркамі ў Сяргея выявілі яшчэ ў Беларусі. Аднак толькі паўгоду таму дыягназавалі, што яны амаль перасталі ў яго працаваць. Мужчыну прапаноўвалі пажыцьцёвы дыяліз — працэдуру ачышчэньня крыві, якую трэба рабіць некалькі разоў на тыдзень па некалькі гадзін. У рэжыме дыялізу Сяргей ня здолеў бы працаваць. Чарга на перасадку ад памерлага донара была занадта вялікай. Тады Сяргеева жонка прапанавала стаць донарам для яго.

«Я не магу зрабіць інакш. Глядзець, як ён пакутуе, я не магу. Калі магу дапамагчы — чаму б не? Ператрываю месяц болю. Галоўнае, каб потым у нас усё наладзілася, каб ён быў здаровы і вясёлы. Ёсьць разуменьне, што мы разам. І што мы адно без аднаго нікуды. Няма варыянтаў кінуць адно аднаго ў бядзе. Я думаю, калі б са мной здарылася такое, то і ён бы зрабіў гэтаксама», — казала раней Алена ў інтэрвію Свабодзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG