Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Супрацоўнікі калёніяў самі ў шоку». Гутарка з блогерам і былым палітвязьнем Паўлам Сьпірыным

Павал Сьпірын за кратамі у залі суда, 5 студзеня 2021
Павал Сьпірын за кратамі у залі суда, 5 студзеня 2021

Гутарка з блогерам Паўлам Сьпірыным, які за свае відэа правёў за кратамі больш за пяць гадоў. Ён расказаў Свабодзе пра рыхтаваньне пратэстаў у калёніі, спачувальнае стаўленьне супрацоўнікаў сыстэмы да яго і пра мыцьцё посуду.

Павал Сьпірын — юрыст, блогер, давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай. Арыштаваны 9 верасьня 2020 году. Адбыў у турме увесь прысуджаны тэрмін — больш за пяць гадоў. Цяпер у Літве.

«Калі я пераступіў парог калёніі, я не адчуў нічога — ні радасьці, ні гора», — кажа Павал пра момант свайго вызваленьня.

З словаў Сьпірына, ён выйшаў на волю па сканчэньні тэрміну, 4 лістапада 2025 году. Аднак адразу мала каму пра гэта казаў. Пра ягонае вызваленьне стала публічна вядома толькі ў пачатку студзеня мінулага году. Павал тлумачыць, што адразу на месяц зьехаў у «глухую вёску», дзе адыходзіў і дарабляў справы, патрэбныя для далейшай дзейнасьці, «якая патрабавала цішыні».

«Людзі як людзі. Кватэрнае пытаньне толькі сапсавала іх, жыцьцё вельмі цяжкое матэрыяльна, людзі азлабляюцца. Вайны баяцца, у якую нас Аляксандар Рыгоравіч спрабуе ўцягнуць», — расказвае ён, якою пабачыў Беларусь пасьля вызваленьня.

«Кватэра ператварылася ў грамадзкае месца»

Паўлу Сьпірыну 41 год. Ён з адукацыі юрыст. Расказвае, што вывучаў таксама бухгальтарскі ўлік і эканоміку. Працаваў майстрам у ЖЭС, бэтоньнікам на будоўлі, на момант затрыманьня быў старшынём праўленьня жыльлёва-будаўнічага спажывецкага каапэратыву. Кансультаваў дзяржаўныя органы, рабіў юрыдычныя разборы адміністрацыйных і крымінальных справаў на Youtube. Дапамагаў людзям, каб іх не прыцягвалі несправядліва да адказнасьці.

Павал кажа, што тады ўбачыў, наколькі ж нізкія нормы заробкаў у сыстэме ЖКГ.

«Чалавек узімку на люльцы, на марозе цэлы дзень чысьціць наледзь, адбівае. А калі я закрываю яму заробак, то паводле расцэнак не магу закрыць яму працу за дзень на бутэльку таннага віна», — тлумачыць Павал.

Ён кажа, што праз такую несправядлівасьць і заняўся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. У 2012 годзе балятаваўся ў парлямэнт. Друкаваўся ў «Белгазеце». Пісаў сатырычныя аповесьці, у якіх высьмейваў чыноўнікаў. За адну з такіх кніг, героем якой быў чыноўнік, Сьпірына саджалі на 15 содняў.

Павал Сьпірын падчас працы ў сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, архіўнае фота
Павал Сьпірын падчас працы ў сыстэме жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, архіўнае фота

У 2017 годзе Павал Сьпірын апублікаваў свой першы відэаролік пра Аляксандра Лукашэнку пад назвай «Айчым». Пазьней стварыў больш ролікаў на грамадзка-палітычныя тэмы, яны набіралі ад соцень тысяч да мільёна праглядаў. Павал кажа, што фільмы зьніклі зь ягонага каналу ўлетку 2025 году. Ён ня ведае дакладна, чаму гэта адбылося. Сьпірын у той час яшчэ быў за кратамі. Пасьля вызваленьня ён напісаў у тэхнічную падтрымку Youtube і спадзяецца, што фільмы можна будзе аднавіць. Цяпер на канале амаль 45 тысяч падпісьнікаў.

«Калі выходзіш на вуліцу, людзі пазнаюць. Асабістага жыцьця стала нашмат менш. Кватэра ператварылася ў грамадзкае месца, бо ўдзень і ўначы тэлефанавалі людзі. Я свайго адрасу не хаваў. Прыходзілі людзі, кансультаваліся ў розных пытаньнях. У сям’і казалі: „Ты грамадзкай дзейнасьці прысьвячаеш больш часу, чым сям’і“», — расказвае Павал, як жыў да арышту.

У 2020 годзе Сьпірын прэтэндаваў на пасаду прэзыдэнта, але ягоныя дакумэнты не прыняла https://www.youtube.com/watch?v=ReaX5tQ2oFU Цэнтральная выбарчая камісія. Тады Сьпірын вырашыў стаць даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай.

Злоснае непадпарадкаваньне

Паўла затрымалі 9 верасьня 2020 году, прычынай назвалі два відэа. Адно пра перасьлед падлеткаў за наркотыкі ў Беларусі («Грань», 2018 год), другое пра гвалт сілавікоў 9 жніўня 2020 году («Жудасная таямніца генпракурора Беларусі: карт-блянш на садызм»). Сьпірын кажа, што ўсьведамляў магчымасьць затрыманьня.

Больш за пяць гадоў Павал Сьпірын правёў за кратамі — у бабруйскай і горацкай калёніях. Яму дадавалі тэрмін паводле 411 артыкулу, нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Адбыў увесь тэрмін.

У бабруйскай калёніі Павал мыў посуд. Адносіць гэта да заняткаў сярэдняй цяжкасьці ў зьняволеньні. Зь ягоных словаў, у дакумэнтах пішуць, што час працы пасудніка складае паўтары гадзіны ў дзень, але рэальна — па 12 гадзін. У перапынках ім давалі іншую працу, прыкладам разгрузіць фуру кафлі, калі ішоў рамонт сталоўкі. Павал адзначае, што ён быў адзіным «палітычным» на зьмене, да яго ставіліся, як да ўсіх.

Суд па справе Паўла Сьпірына. 2021 год
Суд па справе Паўла Сьпірына. 2021 год

Калі хтосьці ў калёніі напісаў прапанову, каб асуджаным выдавалі на абед дзьве міскі — для першай стравы і для другой, а не адну міску на ўсё, то кіраўніцтва пайшло насустрач. Аднак людзей мыць посуд не дадалі. Таму замест дзьвюх тысяч місак ім цяпер даводзіцца за той жа час мыць чатыры тысячы. У выніку мылі ня так чыста, як раней.

З словаў былога палітвязьня, іншыя зьняволеныя да яго ставіліся з павагай, падтрымлівалі словамі і ўчынкамі. Не баяліся зь ім камунікаваць. Частавалі адно аднаго наўзаем прысмакамі з пасылак з дому за гарбатай. Рабілі гэта асьцярожна, бо перадаваць прадукты і рэчы ў калёніях забаронена.

Рыхтаваньне рэвалюцыі

Сёлета ў сярэдзіне лютага Павал зьехаў у Вільню. Ён тлумачыць, што зьехаў зь Беларусі, бо хоча скончыць рэвалюцыю, якую не давялі да канца ў 2020 годзе. Зь ягоных словаў, унутры краіны засталіся «кантакты, незасьвечаныя людзі, ячэйкі».

У сваім нядаўнім відэа блогер кажа, што толькі ў пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі такіх супрацоўнікаў паўсотні. Але, дадае ён, супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў і іншых органаў, якія за перамены і гатовыя дзейнічаць, — значна больш.

«Гэтага дастаткова, каб правесьці зьмену ўлады ў Беларусі. Я ж не адзін. За мяжой шмат арганізацыяў і людзей, якія думаюць, што нам патрэбная зьмена ўлады. Патрэбныя людзі, якія згодзяцца ўзяць на сябе пэўную юрыдычную адказнасьць за канстытуцыйныя дзеяньні асаблівага характару. Усе чакаюць пачатку», — камэнтуе Сьпірын.

Гэта будзе рэвалюцыя без грамадзянскай вайны, адзначае суразмоўца. Дадае, што рэвалюцыянэры ня будуць нікога забіваць, а дзейнічаць паводле заканадаўства. З словаў Сьпірына, структура, якая рыхтуе рэвалюцыю ў Беларусі, ужо ёсьць. У бліжэйшыя месяцы яе плянуюць узмацніць. Суразмоўца яе задачу акрэсьлівае як «партызанскую дзейнасьць, якая ў нас у крыві». Ён кажа, што неўзабаве будуць апублікаваныя крокі — усяго каля дзесяці — якія могуць прывесьці да пераменаў.

Апошнія відэа на канале Паўла Сьпірына выйшлі ў канцы жніўня 2020 году. Зараз усе яны недасяжныя. Скрыншот з канала Паўла на YouTube
Апошнія відэа на канале Паўла Сьпірына выйшлі ў канцы жніўня 2020 году. Зараз усе яны недасяжныя. Скрыншот з канала Паўла на YouTube

Сябе Павал называе адным зь лідэраў гэтай партызанскай дзейнасьці. Ён хоча, каб у будучыні іхная каманда працавала ў Канстытуцыйным судзе Новай Беларусі, а таксама ў міністэрствах, аблвыканкамах. Сярод ягоных паплечнікаў, кажа Сьпірын, ёсьць кваліфікаваныя супрацоўнікі, якія працавалі ў дзяржаўных структурах да 2020 году, у тым ліку публічныя людзі.

Павал адзначае, што яму пасьля выхаду на волю ўжо напісалі шмат работнікаў беларускіх прадпрыемстваў, апавядалі пра складаную эканамічную сытуацыю ў 2025 годзе, нізкія заробкі, праблемы зь дзяржаўнымі замовамі, звальненьні. Ён убачыў, што за мяжой людзі змучаныя і хочуць вярнуцца дадому.

Падтрымка міліцыянтаў

Павал Сьпірын расказвае, што і за кратамі ён рыхтаваў мірную рэвалюцыю, камунікаваў з супрацоўнікамі калёніі, прыкладам, калі ішоў зь імі па тэрыторыі і калі іхная размова не рэгістравалася. Паводле яго, больш за палову асабовага складу МУС глядзелі ягоныя фільмы і падзяляюць ягоныя погляды. Многія яго падтрымлівалі добрымі словамі, малітвай, рэчамі.

«Таму мне было крыху лягчэй, чым іншым людзям, бо генэралы зь Менску загадвалі зьдзекавацца зь мяне, а супрацоўнікі калёніі імкнуліся максымальна гэтыя загады зьмякчыць, інфармавалі аб правакацыях, папярэджвалі пра дзеяньні, якія іх прымушалі зрабіць, і як сябе правільна паводзіць. Супрацоўнікі самі ў шоку ад таго, што вырабляе Аляксандар Лукашэнка», — расказвае Павал.

Сьпірыну не далі ў калёніі ніводнага спатканьня з роднымі. Ён мяркуе, што гэта было зроблена на загад міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова. Родных Сьпірын бачыў толькі ў самым пачатку зьняволеньня ў СІЗА пасьля прысуду. Супрацоўнікі калёніі аднойчы ўзгаднілі яму спатканьне, якога ў выніку так і не было.

Так Павал выглядае зараз, пасьля пяці гадоў зьняволеньня
Так Павал выглядае зараз, пасьля пяці гадоў зьняволеньня

«Перад самым спатканьнем да мяне прыходзіць супрацоўнік і кажа: „Слухай, Мікалаіч, я не хачу цябе саджаць у штрафны ізалятар. Можа ты не пісаў гэтай заявы?“ Я кажу: „Зразумела, не пісаў“», — пераказвае суразмоўца.

Ён адзначае, што супрацоўнікі калёніі зьвярталіся да яго па юрыдычныя кансультацыі, у тым ліку аб зьменах у Канстытуцыі. Паводле Сьпірына, за кратамі яму дазволілі вывучаць дзяржаўнае кіраваньне на прыкладзе калёніі, ён дасьледаваў асабовыя справы асуджаных, якасьць прысудаў, слухаў думкі тысячаў чалавек — «праходзіў турэмны ўнівэрсытэт».

«Некаторыя мяне ўспрымалі як будучага лідэра, некаторыя як юрыста, некаторыя проста як прыстойнага чалавека», — камэнтуе ён.

Не азлобіцца

Самым складаным за кратамі Павал называе магчымасьць застацца аб’ектыўным і не азлобіцца.

«Сыстэма настолькі пякельная і жорсткая, што перамолвае характары людзей. Людзі азлобліваюцца там, столькі несправядлівасьці», — сьцьвярджае ён.

Суразмоўца адзначае, што пакуль ён сядзеў, Лукашэнка зьнішчыў ягоную сям’ю, як і многія іншыя сем’і.

«Яны стварылі такія ўмовы, пры якіх жыць разам немагчыма», — кажа Павал.

Сьпірын перакананы, што ня варта дзяліць асуджаных на палітычных і непалітычных, за выключэньнем цяжкіх злачынцаў. Ён заўважае, што непалітычных асуджаных катуюць ня менш за палітычных. Прыводзіць у прыклад старога мужчыну, які ў штрафным ізалятары на каленях прасіў супрацоўнікаў дазволіць яму паляжаць на падлозе, бо ў яго высокі ціск — пад 200, але яму забаранялі.

Павал мяркуе, што ён не азлобіўся і захаваў аб’ектыўнасьць за час зьняволеньня, бо разумее, як трэба гэтую сыстэму зьмяніць. Акрамя таго, кажа, яму дапамагала захоўваць сябе падтрымка людзей. Ён вернік, і, зь ягоных словаў, гэта таксама дапамагала, іншыя вернікі яго падтрымлівалі.

«Я стаў больш дакладным і канкрэтным. Дакладныя задачы я выражаю хутка і канкрэтнымі словамі. Калі ёсьць канкрэтная мэта, трэба выкарыстоўваць канкрэтныя сродкі», — характарызуе Павал тое, як яго зьмяніў час за кратамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG