Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жывы донар — гэта ж я!» Як беларуска вырашыла ўратаваць мужа, аддаўшы яму нырку

Сяргей і Алена Хвасьцёнкі, фота з прыватнага архіву
Сяргей і Алена Хвасьцёнкі, фота з прыватнага архіву

У эміграцыі Сяргею нечакана паставілі дыягназ: адмаўляюць ныркі. Ягоная жонка Алена хутка прыдумала выйсьце: яна аддасьць мужу сваю. Расказваем гісторыю іх каханьня.

Цяперашняя сытуацыя для беларускай пары Алены і Сяргея Хвасьцёнкаў — адна з самых складаных за ўсё іх сумеснае 20-гадовае жыцьцё. У роспачы яны хутка знайшлі выхад. Алена ня лічыць сябе гераіняй і думае, што кожны на ейным месцы зрабіў бы гэтаксама.

Кветкі не па раскладзе

Сяргей і Алена Хвасьцёнкі знаёмыя амаль 25 гадоў. Нядаўна яны адзначылі 20 гадоў шлюбу. Яны жылі ў Полацку непадалёк адно ад аднаго. Але пазнаёміліся дзякуючы канцэрту «Бі-2» у Наваполацку ў 2001 годзе. Вярталіся з выступу ў Полацак на адным аўтобусе. Сяргей быў зь сябрам, а Алена зь сяброўкай, расказваюць сужэнцы.

Хлопцы заўважылі дзяўчат першымі. Хацелі падысьці і пазнаёміцца ўсю дарогу. Але наважыліся толькі тады, калі выйшлі на адным прыпынку і пайшлі ў адзін бок. Сяргею тады было 17, ён вучыўся ў ПТВ на цесьляра, Алене — 21 год, яна ўжо працавала. Алена ўспамінае, што не ўспрыняла тады Сержука сур’ёзна, бо адразу высьветлілася, што ён малодшы за яе.

«Дзеці нейкія. І тут ён просіць у мяне нумар тэлефону. Нават ня ён прасіў, а ягоны сябар. Бо мой будучы муж быў сарамлівы, ён амаль увесь час маўчаў. На наступны дзень Сярожа мне патэлефанаваў, паклікаў пагуляць. Мы сталі камунікаваць. Я гэта ўспрымала як сяброўства. Ён жа маладзейшы за мяне. Што там можа быць? Празь месяцы два ён пачаў мне прызнавацца ў каханьні. А я думала: ну жартуе чалавек», — сьмяецца Алена.

З часам Алена адчула, што Сяргей нават больш дарослы за яе. Яму споўнілася 18, пара пачала сустракацца, жыць разам. Затым Сержука забралі ў армію, служыў ён таксама ў Полацку.

«Мая будучая цешча вельмі хацела, каб мы ажаніліся да арміі. Але я сказаў: „Не. Паглядзім, дачакаецца яна мяне ці не, а тады ўжо вырашым“», — успамінае Сяржук.

Алена дачакалася. Амаль празь пяць гадоў пасьля знаёмства пара пабралася. У іх нарадзіліся дзьве дачкі. Цяпер ім 11 і 19. Алена называе нараджэньні дзяцей самымі шчасьлівымі момантамі ў жыцьці. Яна заўсёды хацела менавіта дзьвюх дзяўчат, а Сяргей спачатку разважаў пра пяцёх дзяцей, але пасьля зьяўленьня другой дачкі асэнсаваў, што «дзеці гэта ня жарты».

Сям’я Хвасьцёнкаў у вобразах казкі пра Бураціна
Сям’я Хвасьцёнкаў у вобразах казкі пра Бураціна

Алена кажа, што галоўнае сьвята ў сям’і — Новы год. Калі дзеці былі малыя, Сяржук апранаўся Дзедам Марозам і прыходзіў іх віншаваць. Дзяўчаты спачатку не пазнавалі ў ім тату, але потым пачалі здагадвацца па шкарпэтках, пантофлях ці адклееным вусе.

Суразмоўца прызнаецца, што муж дагэтуль часта прыносіць ёй кветкі без нагоды, «не па раскладзе». Сяржук успамінае, што ў Беларусі на сьвяты прачынаўся раней і ехаў па кветкі, балёнікі, цацкі для жонкі і дачок. І нават цяпер, калі сям’я перажывае няпросты пэрыяд, падараваў жонцы букет і цукеркі на Дзень закаханых.

Хвасьцёнкі любяць выбірацца на шашлыкі, на шпацыры ў выходныя. Сяржук захапляецца роварамі. У Беларусі ў 2021 годзе ён ладзіў роварныя прабегі для сяброў па 200–300 кілямэтраў у дзень.

Сяргей і Алена Хвасьцёнкі на роварным шпацыры ў Полацку
Сяргей і Алена Хвасьцёнкі на роварным шпацыры ў Полацку

Затрыманьні, звальненьне, ад’езд

Жыцьцё ў Беларусі Сяржук называе лягчэйшым, чым у эміграцыі.

«Усе сябры, усе свае. Чым хацеў займацца, тым і займаўся», — кажа ён.

У апошнія гады на радзіме ён працаваў на «Нафтане». Быў сябрам «Руху за Свабоду» больш за дзесяць гадоў, каардынаваў яго дзейнасьць у Полацку і Наваполацку. Сяргей расказвае, што быў назіральнікам на выбарах. У Паставах падчас парлямэнцкай кампаніі ўваходзіў у склад выбарчай камісіі.

«Вельмі мне падабалася гэтая дзейнасьць. Мы дапамагалі людзям, ладзілі розныя імпрэзы, рабілі курсы жывой мовы. Там пазнаёміўся з добрымі людзьмі, запрашаў іх дадому да сябе. Алесь Пушкін да нас прыяжджаў. Такі файны мужчына, адразу мне спадабаўся, такая энэргетыка файная ў яго была», — успамінае суразмоўца.

Сяргей і Алена ў Берасьці
Сяргей і Алена ў Берасьці

У 2021 і 2022 гадах Сяржук тройчы адседзеў арышт, агулам амаль два месяцы: за налепку з Пагоняй, фота зь бел-чырвона-белым сьцягам, стары перапост з «экстрэмісцкага» мэдыя. Першы раз Хвасьцёнка затрымалі на першую гадавіну выбараў-2020. Зь ягоных словаў, тады на вуліцы забіралі ўсіх, хто больш-менш пасаваў. Ён быў у Менску, забыўся на гадавіну і надзеў чырвоныя шорты зь белай майкай, і скончылася гэта арыштам.

У выніку Хвасьцёнка звольнілі з працы. У лістападзе 2022 году ў кватэру, дзе ён зарэгістраваны і дзе жыла ягоная маці, прыйшлі зь ператрусам. Выявілася, што на Сяргея завялі пяць крымінальных справаў, у тым ліку за «абразу службовай асобы» (судзьдзі), «паклёп і пагрозу гвалтам міліцыянту». Да візыту сілавікоў ужо ўва ўласную ягоную кватэру ён пасьпеў сабраць рэчы і зьехаў з дому. Спачатку хаваўся ў Беларусі, потым у Расеі, адтуль трапіў у Эстонію, Нямеччыну і ўрэшце ў Польшчу. Праз паўгоду да яго пераехала сям’я.

Хвасьцёнкі пасяліліся ў Гданьску, бо даўно хацелі жыць каля мора. Сяргей працаваў таксістам, Алена — бухгальтаркай у беларускай арганізацыі. Сяржук кажа, што каб зарабіць у таксі, трэба працаваць пастаянна, без выходных. Урэшце ён знайшоў лепшую працу ў порце. Там трэба было развозіць грузавыя кантэйнэры.

Адмова нырак

У кастрычніку мінулага году для ўладкаваньня на новае месца Сяргею трэба было прайсьці мэдычную камісію. Падчас яе лекарка сказала, што не падпіша дакумэнты. У беларуса намералі ціск 250/160. Акурат быў 41-ы дзень нараджэньня Сержука. Неўзабаве яго шпіталізавалі. Пасьля абсьледаваньняў высьветлілі, што ў яго амаль перасталі працаваць ныркі. Быў значна падвышаны ўзровень крэатыніну — прадукту абмену рэчываў, што сьведчыла пра моцную інтаксыкацыю арганізму і пра тое, што ныркі не спраўляюцца.

Сям'я Хвасьцёнкаў
Сям'я Хвасьцёнкаў

Сяргей заўважае, што праблемы з ныркамі былі ў яго і раней, але ён даваў рады. За некалькі месяцаў да дыягназу пачалася бяссоньніца. Пазьней ён даведаўся, што так узьдзейнічае крэатынін.

«Калі нічога не рабіць, то ў кожны момант ад гэтага ціску можа проста спыніцца сэрца», — пераказвае Алена словы мэдыкаў пра стан мужа.

Сяргею адразу прапанавалі праходзіць дыяліз — ачышчэньне крыві ад таксінаў. Гэтая працэдура доўжыцца некалькі гадзін, на яе трэба было б некалькі разоў на тыдзень езьдзіць у шпіталь. Іншы варыянт — забраць адмысловы апарат дадому і праводзіць дыяліз начамі. Але ўсё адно знайсьці добрую працу з гэтымі працэдурамі было б складана.

«Рукі апусьціліся. Гэта тое, чаго я больш за ўсё баяўся», — прызнаецца Сяржук.

«Да гэтага я яшчэ трымалася і думала, што ўсё больш-менш нармальна. Але ў гэты момант я разрыдалася, у мяне была гістэрыка, я не магла супакоіцца. Бо дыяліз — гэта інваліднасьць, гэта вельмі цяжка», — успамінае Алена, як даведалася пра дыягназ мужа.

«Хадзіў паніклы і зьбіраўся паміраць»

Жонка пачала шукаць іншы выхад.

«Мне было страшна яго страціць тады. Я вельмі спужалася за ягонае жыцьцё. Перад гэтым чытала, што людзі на дыялізе стаяць у чарзе і чакаюць нырку, каб зрабіць трансплянтацыю. І ўспомніла, што ёсьць перасадка ня толькі ад мёртвых донараў, але і ад жывых. А жывы донар — гэта ж я! Я чамусьці адразу так падумала, бо ў нас аднолькавая група крыві. Чаму б ня я?», — успамінае пра сваё рашэньне Алена.

З гэтай думкай яна прыйшла дадому і супакоіла мужа, які «хадзіў паніклы і ўжо зьбіраўся паміраць», што знайшла лепшае выйсьце. Лекар сказаў, што таксама хацеў прапанаваць такі варыянт.

«Я сама на гэта падпісалася. Хачу, каб мой муж быў здаровы, каб жыў паўнавартасным жыцьцём. Каб мы не пакутавалі з гэтымі дыялізамі. Хворы чалавек у сям’і — гэта вельмі цяжка. Мы яго вельмі любім. Мы ня хочам яго страціць», — разважае суразмоўца.

Сям'я Хвасьцёнкаў
Сям'я Хвасьцёнкаў

Алену абсьледавалі. Яна кажа, што за ўсё жыцьцё ёй не рабілі такой праверкі ўсяго арганізму. Высьветлілі, што яна здаровая, што ў іх з мужам у крыві няма антыцелаў адно да аднаго. Наперадзе Хвасьцёнкаў яшчэ чакаюць абсьледаваньні. Абавязковай была размова з псыхолягам.

«Каб пераканацца, што мяне не прымусілі, што я разумею, на што іду», — кажа суразмоўца.

Донарам тэарэтычна магла б быць маці Сяргея, ёй менш за 60 гадоў. Яе як варыянт таксама разглядалі лекары. Раней маці казала сыну: «Мая нырка — твая нырка». Але жанчына жыве ў Беларусі. Ёй трэба было б пераехаць у Польшчу, уладкавацца на працу, каб мець мэдычную страхоўку, інакш апэрацыя была б для сям’і платнай.

Алена менш хвалюецца за сваё здароўе, чым за Сяргея. Яна даведалася, што людзі паўнавартасна жывуць і з адной ныркай.

«Другая нырка бярэ на сябе функцыю дзьвюх. Яна крыху павялічваецца ў памеры. І людзі жывуць гэтаксама, як і да таго, як у іх забралі нырку. Ёсьць людзі, якія нарадзіліся толькі з адной ныркай. Для мяне тут важна перажыць саму апэрацыю і загойваньне», — кажа суразмоўца.

Галоўнае, чаго баіцца беларуска, — каб ейная нырка прыжылася ў мужа і каб ён быў здаровы. Бо нават пры іхнай папярэдняй сумяшчальнасьці такая рызыка ёсьць.

Апэрацыю прызначылі на сярэдзіну сакавіка, яна будзе праходзіць пад агульным наркозам. Нырку ў Алены плянуюць выразаць з дапамогай ляпараскапіі, а дастаць праз разрэз у шве, які застаўся пасьля кесарава сячэньня. Ёй двойчы рабілі кесарава падчас родаў. Алена мяркуе, што наступствы гэтай апэрацыі будуць у сужэнцаў падобныя. Усё жыцьцё пасьля перасадкі яны мусяць заставацца на ўліку ў нэфроляга і абсьледавацца штогод.

Пасьля перасадкі жонка прабудзе ў шпіталі каля тыдня, муж — каля двух, калі ўсё пойдзе паводле пляну. Далейшая рэабілітацыя зойме каля месяца ў Алены і каля трох месяцаў у Сержука. У гэты час яны ня здолеюць працаваць.

Алена да нядаўняга часу працавала бухгальтаркай у беларускай фірме ў Польшчы. Падчас хваробы мужа і шматлікіх абсьледаваньняў яна стала часта адпрошвацца дадому, дарабляла сваю працу там. Але кіраўніцтва паведаміла, што праблемы ў сям’і ня мусяць рабіцца праблемамі фірмы. У выніку яна звольнілася.

Цяпер Алена шукае новую працу. Кажа, што выслала шмат рэзюмэ на вакансіі бухгальтаркі, прадавачкі, няні, прыбіральніцы, сацыяльнай работніцы, прапаноўвала паслугі ў пашыве і рамонце адзеньня, стала на ўлік беспрацоўных. Шукае нават часовую працу да апэрацыі. Аднак прапановаў пакуль няма.

«Мне прыйшла адмова нават зь Lidl’а (буйная сетка гіпэрмаркетаў. — РС). Я ўжо гатовая на ўсё што заўгодна, каб зарабіць нейкія грошы, бо мужу аднаму цяжка», — кажа суразмоўца.

Сяржук, пакуль дазваляе здароўе, далей працуе таксістам.

Фонд BySol адкрыў збор памерам 4800 эўра для Хвасьцёнкаў, каб яны маглі плаціць за арэнду жытла і пратрымацца тры месяцы, пакуль будзе ісьці рэабілітацыя. Пакуль сабрана 3800.

«Ён бы зрабіў гэтаксама»

Алена кажа, што ўсе ў шпіталі яе пераконваюць, што яна герой, але сама беларуска сябе так не адчувае. Мяркуе, што на ейным месцы так паступіла б кожная жонка і кожны родны чалавек. А калі была б патрэба — то і ейны муж дзеля яе таксама аддаў бы нырку.

«Я не магу зрабіць інакш. Глядзець, як ён пакутуе, я не магу. Калі я магу дапамагчы — чаму б не? Я ператрываю месяц болю. Галоўнае, каб потым у нас усё наладзілася, каб ён быў здаровы і вясёлы. Ёсьць разуменьне, што мы разам. І што мы адно без аднаго нікуды. Няма варыянтаў кінуць адно аднаго ў бядзе. Я думаю, калі б са мной здарылася такое, то і ён бы зрабіў гэтаксама», — адзначае Алена.

Сям'я Алены і Сяргея Хвасцёнкаў
Сям'я Алены і Сяргея Хвасцёнкаў

Хвасьцёнкі настроеныя на апэрацыю і жыцьцё пасьля яе аптымістычна.

«Прыйдзе вясна, сонейка будзе. Мы будзем здаровыя, шчасьлівыя, з добрай працай. Я думаю, усё будзе добра», — такой бачыць бліжэйшую будучыню Алена.

«Ня можа быць, каб пастаянна была чорная паласа, будзе і белая, і на нашай вуліцы будзе сьвята… Калісьці гэта ўсё скончыцца, і мы паедзем дадому. Я хачу дадому», — дзеліцца сваімі чаканьнямі Сяржук.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG