Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б Цымбераў не памёр, прыйшлі б і да яго», — Тацяна Нядбай тлумачыць, чаму ўлады палююць на выдаўцоў

Тацяна Нядбай. Старшыня Беларускага ПЭНу.
Тацяна Нядбай. Старшыня Беларускага ПЭНу.

Пра маштаб рэпрэсій супраць выдаўцоў і распаўсюднікаў беларускіх кнігаў у «ПіКу Свабоды» пагаварылі са старшынёй Беларускага ПЭНу Тацянай Нядбай. 27 лютага КДБ Беларусі прызнаў Беларускі ПЭН так званым «экстрэмісцкім фармаваньнем».

— Давайце памятаць, што рэпрэсіі супраць людзей культуры працягваюцца ўжо даўно. Стратэгія ўладаў заключаецца ў тым, каб гэтыя рэпрэсіі адбываліся ў цені і каб у публічнай прасторы пра іх было як мага менш інфармацыі. Але нам вядома пра шматлікія выпадкі ціску на дзеячаў культуры. Цяпер чарга дайшла і да выдаўцоў. Я зьвязваю гэта з тым, што ўлады, з аднаго боку, недаацэньваюць значэньне культуры і яе ўплыў, а з другога — спрабуюць выкарыстоўваць культуру як інструмэнт для абслугоўваньня ўласных ідэалягічных інтарэсаў.

— Вы кажаце пра сыстэмны характар рэпрэсій. Але ці мог нейкім трыгерам стаць, напрыклад, розгалас вакол сьмерці выдаўца Рамана Цымберава, пра якую шмат пісалі незалежныя мэдыі?

— Мне здаецца, што такія развагі — хутчэй спэкуляцыі. Вядомыя нам факты сьведчаць, што ціск на выдаўцоў і людзей, зьвязаных з кнігамі, пачаўся яшчэ раней за сьмерць Рамана. Наадварот, можна меркаваць, што той цяжкі нервавы стан, у якім ён знаходзіўся, мог быць зьвязаны з гэтым ціскам. І калі б ён не памёр, верагодна, у гэтыя дні да яго таксама прыйшлі б.

— Якія рызыкі нясе прызнаньне выдавецтваў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» для людзей слова і для чытачоў — як у Беларусі, так і па-за яе межамі?

— Сёньня ў дзяржавы ёсьць вялікі набор інструмэнтаў для рэпрэсій. Гэта і прызнаньне матэрыялаў і кніг «экстрэмісцкімі», і абвяшчэньне кніг такімі, што «наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам». А цяпер яшчэ і прызнаньне выдавецтваў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Беларускі ПЭН атрымаў такі статус, раней — выдавецтва «Гутэнбэрг», а цяпер таксама Kamunikat, выдавецтва Андрэя Янушкевіча і «Логвінаў». Гэта важна яшчэ і таму, што мы бачым прыклад трансгранічных рэпрэсій. Многія з гэтых выдавецтваў працуюць за мяжой — у Польшчы ці Літве — і дзейнічаюць там цалкам легальна. Але беларускія ўлады фактычна ставяць пад сумнеў іх дзейнасьць, абвяшчаючы іх «экстрэмісцкімі». Калі раней гаворка ішла пра «экстрэмісцкія матэрыялы», гэта цягнула за сабой у асноўным адміністрацыйную адказнасьць, а вось статус «экстрэмісцкага фармаваньня» азначае ўжо крымінальную адказнасьць. Любыя кантакты — нават набыцьцё кніг — могуць трактавацца як «фінансаваньне экстрэмізму». І гэта ўжо пагражае рэальнымі турэмнымі тэрмінамі.

— Калі казаць пра маштаб рэпрэсій супраць людзей культуры пасьля 2020 года — якія лічбы можна назваць?

— На сайце Беларускага ПЭНу апублікаваны маніторынг сытуацыі ў сфэры культуры за 2025 год. У ім зафіксавана ня менш за 1435 выпадкаў рэпрэсій супраць дзеячаў культуры. Акрамя таго, ня менш за 144 чалавекі цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня або абмежаваньня волі, у тым ліку на так званай «хатняй хіміі». Сярод іх ня менш за 30 літаратараў і людзей слова. Гэтыя лічбы паказваюць маштаб рэпрэсій у культурнай сфэры.

— Ці можна сказаць, што гэта рэпрэсіі супраць беларускай мовы і беларускамоўнай кнігі?

— Безумоўна. Забараняць кнігі — гэта не вынаходніцтва беларускіх уладаў. Такое здаралася ў гісторыі многіх краін. Але ў беларускай сытуацыі ёсьць важная асаблівасьць. Забароненыя кнігі не нясуць ніякага экстрэмізму. Яны прысьвечаныя беларускай гісторыі, ідэнтычнасьці, культуры. Часам гэта проста пераклады сусьветнай клясыкі на беларускую мову — тое, што разьвівае культуру і мову. І нават такія кнігі падпадаюць пад рэпрэсіі. Трэба таксама памятаць, што ціск на беларускую культуру не пачаўся ўчора. Цяпер мы назіраем беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, але падобнае адбывалася і раней — напрыклад, у часы сталінскіх рэпрэсій. Пра гэта, дарэчы, пісаў у сваёй кнізе Аляксандр Лукашук.

Наогул можна казаць пра два стагодзьдзі рэпрэсій супраць беларускай мовы, культуры і кнігі. І тое, што ў 2026 годзе мы ўсё яшчэ існуём як народ са сваёй мовай і культурай, — гэта ўжо вялікае сьведчаньне таго, што мы здольныя выжываць і супраціўляцца. Нават цяпер, калі мы губляем некаторыя пласты культуры — напрыклад, рукапісы, канфіскаваныя ці зьнішчаныя яшчэ да выданьня, — я ўсё роўна спадзяюся, што беларуская культура зможа перажыць і гэты час.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG