Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўбачылі, чаму зьдзівіліся і пра што дамовіліся прадстаўнікі Ціханоўскай у Кіеве

Беларускі «пункт нязломнасьці» у Кіеве
Беларускі «пункт нязломнасьці» у Кіеве

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская і дарадца Ціханоўскай у юрыдычных пытаньнях Леанід Марозаў былі тыдзень зь візытам у Кіеве.

Распыталі Вольгу Зазулінскую пра тое, як ідзе падрыхтоўка візыту лідэркі дэмслаў ва Ўкраіну, калі і куды чакаецца вызваленьне наступнай групы палітвязьняў, а таксама, што найбольш уразіла прадстаўнікоў дэмсілаў у марозным Кіеве.

Калі адбудзецца візыт Ціханоўскай у Кіеў?

Прадстаўніца дэмсілаў ва Ўкраіне Сьвятлана Шаціліна, дарадца Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская ў Кіеве.
Прадстаўніца дэмсілаў ва Ўкраіне Сьвятлана Шаціліна, дарадца Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская ў Кіеве.

Найперш пытаюся Вольгу Зазулінскую, ці быў візыт так бы мовіць падрыхтоўкай для візыту Сьвятланы Ціханоўскай ва Ўкраіну, куды яе запрасіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Вільні. Зазулінская дыпляматычна адказвае, што ідзе падрыхтоўка да візыту, дакладнай даты візыту яшчэ няма. Найбольш праўдападобна, што з прычыны бясьпекі дата візыту будзе агучаная ў самы апошні момант. Што да гэтага візыту ў Кіеў яе і Леаніда Марозава, то ён стаўся вынікаў некалькіх месяцаў камунікацый з прадстаўнікамі ўкраінскага Офісу амбудсмэна па правах чалавека і з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый, а таксама арганізацый, якія ўдзельнічаюць у абмене ваеннапалоннымі і цывільнымі паміж Расеяй і Украінай, кажа Вольга Зазулінская.

«Нам патрэбна была гэтая сустрэча менавіта таму, што апошняя група палітвязьняў была вывезеная ў ва Ўкраіну. У нас шмат беларускіх праваабарончых арганізацый, і для мяне было вельмі важна, каб беларусы маглі абменьвацца гэтым досьведам з украінскімі калегамі. Наша флягманская сустрэча — з працаўнікамі офіса амбудсмэна па правах чалавека. Асноўная тэма — украінскія грамадзяне, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Яны падзяліліся сваім досьведам працы падчас абмену ваеннапалоннымі, мы падзяліліся, як гэта адбываецца ў нас у справе палітзьняволеных».

Ці ўключаць асуджаных пра справе «Беларускага Гаюна» у сьпісы для абмену?

Вольга Зазулінская кажа пра дамоўленасьць з украінскім бокам аб абмене сьпісамі, вынікам чаго можа стаць даданьне ў абменныя сьпісы да грамадзянаў Украіны і грамадзянаў Беларусі, якія былі асуджаныя па адной справе з украінцамі.

«Напрыклад, вызваленыя грамадзяне Ўкраіны Марыя Місюк і фігурант «справы дывэрсіі ў Мачулішчах» Мікалай Швец. Мы казалі пра тое, што акрамя людзей, якіх абмянялі, ёсьць людзі, якія таксама праходзілі па іхняй справе, атрымалі вялікія тэрміны, але гэта грамадзяне Беларусі, і яны ня трапілі ў гэты трэк па абмену. Я распавядала ўкраінскім калегам, што калі вы вызваляеце свайго грамадзяніна, то трэба разумець, што разам з ім па гэтаму артыкулу праходзяць іншыя людзі. Яны атрымалі вялікія тэрміны. Я распавядала пра тое, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца, праз якія катаваньні яны праходзяць, як іх зьбіваюць, як зьдзекуюцца з гэтых людзей за тое, што яны выступалі ў падтрымку Ўкраіны, ці малі на мэце падтрымаць Украіну. Я казала, што было б добра, калі б вызваляючы ўкраінцаў, вы таксама зьвярталі ўвагу на беларусаў, якія праходзяць па гэтых справах».

Асобная тэма, якую ўздымала Вольга Зазулінская — затрыманыя і асуджаныя па справе «Беларускага Гаюна», які зьбіраў дадзены аб перамяшчэньні войскаў, вылетах авіяцыі, пусках ракет і будаўніцтве ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. За перадачу зьвестак у яго бот былі затрыманыя і асуджаныя дзясяткі людзей у Беларусі. У лютым 2025 года яго заснавальнік Антон Матолька абвясьціў пра спыненьне працы пасьля таго, як сілавікі атрымалі доступ да чат-бота праекта і дадзеных карыстальнікаў, якія дасылалі інфармацыю. Вольга Зазулінская працягвае:

«Мы размаўлялі пра тое, колькі людзей сёньня затрымана за перадачу дадзеных у „Беларускі Гаюн“. Гэта вялікая вялікая колькасьць, і ўсіх мы ня ведаем, да. Праваабаронцам вядомыя імёны 175 чалавек, але насамрэч іх значна больш. Пра ўсё гэта важна размаўляць з украінцамі. У нейкі момант адчула, што некаторыя тэзісы ўкраінцы чулі ўпершыню. У іх няма такога інструмэнта як у беларускіх праваабаронцаў, то бо яны не зьбіраюць дадзеныя, яны працуюць толькі са зваротамі. А беларускія праваабаронцы самі знаходзяць інфармацыю пра палітзьняволеных. І мы даслалі гэтыя сьпісы ўкраінскаму боку і будзем глядзець, як далей будзе ўсё адбывацца».

Калі чакаецца вызваленьне наступнай групы палітвязьняў?

19 лютага ў Вашынгтоне адбудзецца першае паседжаньне лідэраў дзяржаваў, якія прынялі запрашэньне ўдзельнічаць у створанай з ініцыятывы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Радзе міру, у складзе якой і Беларусь. Ці будзе на паседжаньні Аляксандар Лукашэнка, ці можа адбыцца сустрэча Лукашэнкі з Трампам, з нагоды якой можа быць вызваленая вялікая група палітзьняволеных? Што вядома пра гэта прадстаўнікам дэмакратычных сілаў? Вольга Зазулінская адказвае:

«Я адкажу так. Мы чакаем групу вызваленых палітзьняволеных кожны дзень. Працэс ідзе, добра, што ён ідзе. Будзе гэта вялікая група ці невялікая група, насамрэч, ня гэта важна. Галоўнае, каб выходзілі людзі. Адзінае, што мы заўсёды прагаварваем — каб спыніць гвалтоўныя выдварэньні людзей з краіны. Мы не павінны прымаць як належнае, як факт, як нармальнае, што людзей выкідваюць па-за межы Беларусі».

У выпадку калі выдварэньні людзей працягнуцца, ці вядома, у якую краіну будуць вывозіць вызваленых палітвязьняў? Вольга Зазулінская адказвае:

«Пакуль што няма інфармацыі, якая дакладна гэта будзе краіна. Трэба абапірацца на факты. Мы будзем ведаць, якая краіна, літаральна за пару дзён. У выпадку з апошняй групай вызваленых палітвязьняў, мы чакалі ў іншай краіне, а атрымалася, што людзей вывезьлі ва Ўкраіну. Наколькі магчыма мы падрыхтаваныя сустракаць палітвязьняў і ў Літве, і ў Польшчы. Нават ва Ўкраіне ў нас ёсьць магчымасьць адразу зрэагаваць. Ужо ёсьць украінская партнэры, якія гатовыя далучыцца, у якіх ёсьць досьвед працы з такімі групамі. Гэта вельмі важна, бо з папярэдняй групай ня ўсё было добра зроблена. Мэдычныя дакумэнты людзі не атрымалі на рукі, і зараз мы намагаемся ўжо з дапамогай нашых украінскіх калег, каб гэтыя дакумэнты даслалі людзям асабіста. То бок ня ўсё так было гладка, але я заўсёды кажу, што самае галоўнае, што людзі на волі».

Што да таго, яе шмат палітвязьняў могуць вызваліць, прадстаўніца АПК прапануе пачакаць. Паводле яе, і гэта будзе вядома за некалькі дзён да вызваленьня.

Што да бліжэйшых плянаў, то цяпер дэмакратычныя сілы рыхтуюцца да ўдзелу ў Форуме па бясьпецы, якія мае адбыцца ў сакавіку ў Кіеве, дзе ў тым ліку будзе абмяркоўвацца сытуацыя зь беларускімі добраахвотнікамі ва Ўкраіне.

Рэпартаж з «пункта нязломнасьці» ў Кіеве, які адкрылі беларускія валянтэры
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:34 0:00

Уражаньні ад ваеннага Кіева безь сьвятла і цяпла

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольга Зазулінская дзеліцца ўражаньнямі ад тыднёвага знаходжаньня ў Кіеве падчас абстрэлаў у моцныя маразы.

«Гэта Кіеў, дзе няма цяпла, няма сьвятла, няма электрычнасьці. Добра, калі ты жывеш у будынку, дзе ёсьць генэратар, у цябе ёсьць хаця б сьвятло. Ад сьвятла засілкоўваецца і цяпло. Гэта абстрэлы ўвесь час, паветраныя трывогі па некалькі разоў кожны дзень. Каб зразумець, што такое сёньня Ўкраіна, і што перажываюць сёньня людзі ва Ўкраіне, трэба хаця б раз пераночыць на вуліцы».

Арганізатарка беларускага "пункту нязломнасьці" ў Кіеве Алена Жаркевіч і прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская
Арганізатарка беларускага "пункту нязломнасьці" ў Кіеве Алена Жаркевіч і прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская

Адно з найбольш моцных уражаньняў Вольгі Зазулінскай — наведваньне «пункту нязломнасьці» у Кіеве, які арганізавала беларуская валянтэрка Алена Жаркевіч.

«У кватэрах так халодна, што людзі прыходзяць сюды і садзяцца каля печкі, каб пагрэцца. Для іх гэта ратаваньне проста. Каб вы разумелі, калі на вуліцы мароз, а ў гэтым, у намёце +12, то для іх гэта цяпло. Людзі ведаюць гэты цэнтар, яны ведаюць, што яго адчынілі беларусы за свае ўласныя сродкі. Алена Жаркевіч зьвярталася да беларусаў, да дыяспар, да ўсіх неабыякавых людзей, каб дапамаглі ім. Ахвяраваць грошы на пункт нязломнасьці можна тут. Мяне моцна ўразіла, калі ў „пункт нязломнасьці“ прыйшла жанчына, якая прасіла дапамогі, таму што яе дзіця абмарозіла ногі ў кватэры. Не на вуліцы. Дзіця атрымала абмаражэньне ног першай ступені ў кватэры. Скажу шчыра, у мяне сьлёзы на вачах былі, таму што я не разумела, як мы ў 21-м стагодзьдзі дайшлі да такой сытуацыі. Гэтая невыносная вайна, неўзабаве будзе чацьвёртая гадавіна поўнамаштабнага ўварваньня, і людзі ў такіх умовах людзі выстойваюць».

Беларускі "пункт нязломнасьці" ў Кіеве
Беларускі "пункт нязломнасьці" ў Кіеве

Вольга Зазулінская падкрэсьлівае, што па ўсім Кіеве такія цэнтры з большага дзяржаўныя, а гэты — недзяржаўны, створаны беларусамі на ахвяраваньні.

Беларускі "цэнтар нязломнасьці" ў Кіеве
Беларускі "цэнтар нязломнасьці" ў Кіеве

«Прыйшла пэнсыянэрка, і калі даведалася, што гэта беларусы самі за свае грошы зрабілі, каб дапамагаць украінцам, сказала: „Хай ратуе Бог усіх беларусаў, хто сёньня дапамагае ўкраінцам“. Для ўкраінцаў гэта вельмі важна, што хтосьці думае пра іх»

Як ставяцца да беларусаў ва Ўкраіне?

Вольга Зазулінская сутыкнулася з разным стаўленьнем да беларусаў і з рознай ступеньню інфармаванасьці ўкраінцаў аб тым, што адбываецца ў Беларусі.

«Бывае такое, што людзі першы раз чуюць увогуле, што адбываецца ў Беларусі. Калі гэта звычайныя людзі, а не кола праваабарончых арганізацый, нейкія палітычныя сустрэчы. Некаторыя звычайныя ўкраінцы думаюць, што прайшлі выбары ў 2020-м годзе, усё даўно скончылася, яны яшчэ ведаюць, што Беларусь — саўдзельніца вайны, што з нашай тэрыторыі войска захадзіла, што з нашай тэрыторыі ўзьляталі самалёты і гэтак далей. А калі ты пачынаеш з людзьмі размаўляць і распавядаеш, якія мы беларусы, што мы сёньня не жывем у сваёй краіне, што адбываецца ў Беларусі, то ў некаторых шок. Яны гэтага не ведаюць. Мне падаецца, тут мы не дапрацоўваем з украінцамі ў тым сэнсе, што мы мала пра сябе распавядаем, мала арыентуемся на ўкраінскія СМІ. Мы шмат размаўляем з беларускімі, з эўрапейскімі СМІ, але нам трэба намагацца размаўляць з украінскімі СМІ, каб украінцы пра нас ведалі».

Вольга Зазулінская перад новым годам наведала памежную зь Беларусьсю Чарнігаўшчыну, дзе жывуць у тым ліку і грамадзяне Беларусі.

«Я бачыла пэнсыянэраў, якія жывуць на памежнай тэрыторыі. Да таго, як пачалася вайна, у іх былі нейкія стасункі зь беларускім консульствам. Яны, магчыма, галасавалі за Лукашэнка, і ўсё для іх было добра. Зараз стаўленьне памянялася, таму што вайна, таму што яны зараз таксама сядаюць без сьвятла, без пэнсіі, некаторым няма што есьці, консульства іх кінула, Лукашэнка іх кінуў, няма яму ніякай справы да гэтых людзей. У кагосьці скачваюцца пашпарты, яны там не могуць ня тое, што атрымліваць пэнсію, яны нават ня могуць паехаць у Беларусь».

Вяртаючыся ды тыднёвага знаходжаньня ў Кіеве, Вольга Зазулінская згадвае, што спаць даводзілася адзетымі пад двума коўдрамі.

«Калі я даехала нарэшце да Вільні дадому, зайшла ў цёплую кватэру, села і заплакала, таму што я ведаю, што сёньня ў Кіеве адключана цяпло. Мы былі ў гасьцях у Тацяны Мартынавай, дык яна ставіць на пліту рондаль з вадой, каб парам нагрэць памяшканьне. Гэта тое, як жывуць людзі. Малыя дзеці, пэнсіянэры, людзі з інваліднасьцю. Але нягледзячы ні на што, украінцы захоўваюць свой дух. Яны ўсё роўна зьбіраюцца разам, яны танчаць, яны сьпяваюць, яны такія моцныя. Гэта тое, мне падаецца, чаму мы павінны ў іх навучыцца. Яны сказалі: „Мы выстаім, што б ні было, выстаім“. Нягледзячы на выпрабаваньні, якія выпалі на лёс Украіны, яны трымаюцца, яны вельмі моцныя ўнутры»

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG