Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch: «У 2025 годзе ў Беларусі перасьледавалі ўсе формы нязгоды»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выйшаў аналіз міжнароднай арганізацыі, у якім асобны разьдзел прысьвечаны Беларусі.

Дэмакратыі, якія паважаюць правы, павінны сфармаваць стратэгічны альянс для захаваньня міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, якім пагражаюць адміністрацыя Дональда Трампа і лідэры Кітаю і Расеі, заявіла арганізацыя Human Rights Watch у сваёй Усясьветнай справаздачы за 2026 год.

У 36-м выданьні справаздачы аб’ёмам 529 старонак, Human Rights Watch разглядае практыку ў галіне правоў чалавека ў больш чым 100 краінах. У сваім уступным эсэ выканаўчы дырэктар арганізацыі Філіп Балапіён піша, што зьнішчэньне хвалі аўтарытарнага рэжыму, якая ахапіла сьвет, — гэта задача цэлага пакаленьня.

Катаваньні і сьмерці палітвязьняў у Беларусі

Пра Беларусь у дакумэнце гаворыцца, што празь пяць гадоў пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году палітычна матываваныя рэпрэсіі працягваліся. Урад перасьледаваў усе формы нязгоды і вылучаў палітычна матываваныя абвінавачваньні супраць праваабаронцаў і журналістаў.

У лютым група экспэртаў ААН па Беларусі папярэдзіла, што шырока распаўсюджаныя парушэньні правоў чалавека працягваюцца, і некаторыя зь іх прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Акрамя таго, Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выконваецца сьмяротнае пакараньне.

Улады Беларусі працягвалі палітычна матываваныя перасьледы, зьвязаныя з масавымі пратэстамі 2020 году, а таксама паводле сфабрыкаваных абвінавачваньняў у «экстрэмізьме» і іншых абвінавачваньнях. У сьнежні 2025 году прынамсі 1110 чалавек заставаліся за кратамі паводле палітычна матываваных справаў.

З сакавіка 2025 году расклад судовых пасяджэньняў больш не знаходзіцца ў адкрытым доступе, што пазбаўляе доступу да інфармацыі аб палітычна матываваных судовых працэсах. Палітычныя зьняволеныя працягваюць зазнаваць жорсткага абыходжаньня, ізаляцыі і катаваньняў. Некаторыя зь іх утрымліваліся бяз права на перапіску на працягу працяглых пэрыядаў часу, што ёсьць катаваньнямі і можа лічыцца гвалтоўным зьнікненьнем.

Турэмныя чыноўнікі працягвалі адмаўляць палітычным зьняволеным у доступе да належнай мэдыцынскай дапамогі. Дзясяткі зьняволеных сутыкнуліся з падвышанай рызыкай з-за праблем са здароўем, якія пагоршыліся дрэннымі ўмовамі ўтрыманьня ў турме. У 2025 годзе як мінімум два палітычныя зьняволеныя, Андрэй Паднябенны і Валянцін Штэрмер, памерлі ў турме зь невядомых прычынаў. Трое былых палітычных зьняволеных памерлі на працягу дзевяці месяцаў пасьля вызваленьня, іх здароўе пацярпела ад цяжкіх умоў утрыманьня.

Улады працягвалі зламысна перасьледаваць сваякоў палітычных зьняволеных і іншых, хто дапамагаў вязьням.

Памілаваньні з далейшым перасьледам

Паміж студзенем і верасьнем 2025 году пасьля памілаваньня, якое выдаў Аляксандар Лукашэнка (якога ў справаздачы называюць «прэзыдэнтам» насуперак таму, што раней урады шэрагу дзяржаў увялі супраць Беларусі санкцыі і не прызналі Лукашэнку легітымным кіраўніком краіны — заўв. Свабоды) на волю выпусьцілі 74 палітзьняволеных, зь іх 52 прымусова вывезьлі ў Літву. Выпусьцілі й праваабаронцаў з цэнтру «Вясна» Ўладзя Лабковіча і Алеся Бяляцкага.

Пры гэтым палітык Мікалай Статкевіч выбег з аўтобусу, на якім яго вывозілі ў Літву і застаўся ў Беларусі. Празь некалькі гадзін яго забралі і адправілі зноў у турму, пра што пазьней апавясьцілі жонку.

Улады перасьледавалі былых палітычных зьняволеных, якія заставаліся ў Беларусі пасьля вызваленьня, рэгулярна правяраючы іх і выстаўляючы новыя крымінальныя абвінавачваньні, што прымушала многіх зь іх пакінуць краіну.

Улады працягвалі вылучаць палітычна матываваныя абвінавачваньні супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабарончых групаў, ілжыва называючы іх «экстрэмістамі» або «тэрарыстамі». На працягу 2025 году ўлады прызналі дзясяткі актывістаў «асобамі, якія ўдзельнічаюць у экстрэмісцкай дзейнасьці» або «тэрарыстычнай дзейнасьці». Любое ўзаемадзеяньне з такімі арганізацыямі або асобамі зьяўляецца правапарушэньнем.

На момант напісаньня гэтага артыкулу за кратамі заставаліся як мінімум трое вядомых праваабаронцаў, у тым ліку Анастасія Лойка, Валянцін Стэфановіч і Марфа Рабкова. У сакавіку Рабочая група ААН у адвольных затрыманьнях заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць Рабкову і выплаціць ёй кампэнсацыю за адвольнае затрыманьне.

Таксама ў дакумэнце згадваецца, што за кратамі ў Беларусі як мінімум 28 журналістаў.

Перасьлед адвакатаў

Адвакаты, якія прадстаўлялі кліентаў у палітычна матываваных справах, сутыкнуліся з адвольным пазбаўленьнем ліцэнзій і затрыманьнем. На момант напісаньня гэтага артыкулу прынамсі шэсьць адвакатаў — Аляксандар Данілевіч, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч, Аляксей Бародка і Сяргей Хлыстаў — адбывалі пакараньні ад шасьці да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі паводле палітычна матываваных абвінавачваньняў.

У лістападзе былая адвакатка Кацярына Жаўтанога, пазбаўленая ліцэнзіі за абарону пратэстоўцаў у 2020 годзе, была асуджаная да хатняга арышту за «падбухторваньне да нянавісьці».

Перасьлед за мяжою

Згадваецца ў справаздачы й перасьлед беларусаў за мяжою, што выяўляецца, напрыклад, у завочных судах. У сакавіку ўлады абвясьцілі ў міжнародны вышук намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, які быў прызнаны «экстрэмістам».

Улады таксама ўсё часьцей правяраюць і затрымліваюць з палітычна матываваных падставаў беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы.

Беларусь працягвала дазваляць расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю краіны, як гэта рабіла з пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Улады працягвалі перасьледваць асоб за салідарнасьць з Украінай.

«Справа Гаюна» і дэпартацыі

У лютым сілавыя органы атрымалі доступ да «Беларускага Гаюна», чат-боту ў Telegram, створанага для паведамленьняў аб перамяшчэньні расейскіх войскаў у Беларусі, і абвінавацілі як мінімум 26 чалавек у «дапамозе экстрэмізму» за абмен фотаздымкамі і інфармацыяй.

Узгадваецца таксама спроба ціску мігрантамі на сумежныя дзяржавы Эўразьвязу і факт дэпартацыі грамадзянкі Гвінэі, у якой у Беларусі забралі дзіця.

Таксама напісана пра тое, што ў траўні Літва падала пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН, сьцьвярджаючы, што Беларусь парушыла Пратакол ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры, арганізаваўшы крызіс зь мігрантамі.

Што яшчэ ў справаздачы?

Ва ўжо згаданым уступе да справаздачы гаворыцца, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пашырыў аўтарытарную хвалю, і гэта нанесла шкоду гарантыям і абароне правоў чалавека па ўсім сьвеце. Ягоная роля ў палітыцы згадваецца некалькі разоў.

«Нядаўнія злоўжываньні з боку ЗША — ад нападаў на свабоду слова да дэпартацыі людзей у трэція краіны, дзе ім могуць пагражаць катаваньні — падкрэсьліваюць наступ адміністрацыі на вяршэнства закону. У спалучэньні з даўнімі намаганьнямі Кітаю і Расеі аслабіць заснаваны на правах глябальны парадак, дзеяньні адміністрацыі Трампа маюць велізарныя наступствы па ўсім сьвеце».

Дваццаць гадоў таму ўрад ЗША і грамадзянская супольнасьць адыгралі важную ролю ў фармаваньні рэакцыі на масавыя зьверствы ў Дарфуры. Судан зноў «палае», але гэтым разам, пры Трампе, з адноснай беспакаранасьцю.

Таксама гаворыцца, што на акупаванай палестынскай тэрыторыі ізраільскія ўзброеныя сілы зьдзейсьнілі акты генацыду, этнічных чыстак і злачынстваў супраць чалавечнасьці, забіўшы больш за 70 000 чалавек з моманту нападу ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку 2023 году і выцесьніўшы пераважную большасьць насельніцтва Газы. Гэтыя злачынствы былі сустрэтыя неаднолькавым глябальным асуджэньнем, а Трамп працягваў даўнюю палітыку ЗША амаль безумоўнай падтрымкі Ізраіля, нават калі Міжнародны суд разглядаў абвінавачваньні ў генацыдзе.

Ва Ўкраіне мірныя намаганьні Трампа пасьлядоўна прымяншалі адказнасьць Расеі за сур’ёзныя парушэньні. Замест таго, каб аказаць значны ціск на Ўладзіміра Пуціна, каб спыніць гэтыя злачынствы, Трамп публічна лаяў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зеленскага, патрабаваў угоды наконт эксплюатацыі карысных выкапняў, ціснуў на Ўкраіну, каб яна саступіла вялікія ўчасткі тэрыторыі, і прапанаваў «поўную амністыю» за ваенныя злачынствы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG