Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: за студзень у Беларусі стала на 51 палітвязьня болей, вядомыя новыя факты катаваньняў і ўціску за кратамі

Калёнія ў Горках Магілёўскай вобласьці, архіўнае фота
Калёнія ў Горках Магілёўскай вобласьці, архіўнае фота

На 31 студзеня 2026 году ў месцах пазбаўленьня волі ў Беларусі былі 1158 палітвязьняў, сярод іх 172 жанчыны.

За мінулы месяц праваабарончая супольнасьць прызнала палітычнымі вязьнямі 51 чалавека і запатрабавала рэабілітацыі 50 былых палітвязьняў.

Агулам праваабарончаму цэнтру «Вясна» цяпер вядома пра 8090 асуджаных у палітычна матываваных крымінальных справах, а тых, хто з траўня 2020 году сутыкнуўся з такім перасьледам, налічваецца прынамсі 9363 чалавекі.

Паводле вясноўцаў, рэпрэсіі супраць іншадумцаў, палітычных апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі, удзельнікаў ініцыятываў пратэсту, журналістаў і праваабаронцаў працягваюцца.

Ішлі затрыманьні і судовыя працэсы ў «справе Гаюна», цяпер вядома пра 175 фігурантаў справы, узятых пад варту і пазбаўленых волі. Не спыняюцца завочныя суды над добраахвотнікамі палку імя Кастуся Каліноўскага.

Паводле праваабаронцаў, палітвязьні надалей сутыкаліся з абмежаваньнямі правоў, ціскам, негуманнымі ўмовамі і бракам якаснай і своечасовай мэдычнай дапамогі.

  • Журналіст Алег Супрунюк, які мае інваліднасьць слыху, рашэньнем адміністрацыі ПК-15 быў пазбаўлены магчымасьці ўжываць слыхавы апарат.
  • Палітвязень Сяргей Ботвіч, які мае сур’ёзныя захворваньні, абвясьціў галадоўку ў ШЫЗА ПК-22 .
  • У Камітэце ААН у ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын зарэгістравалі зварот палітзьняволенай Алены Лазарчык. Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі тэрмінова даць ёй доступ да мэдычнай дапамогі, забясьпечыць неадкладны доступ да адваката і належныя ўмовы ўтрыманьня пад вартай.
  • Былы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч зноў пераведзены на турэмны рэжым у якасьці меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня.


Надалей перасьледуюць праваабаронцаў. У зьняволеньні застаюцца праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Марфа Рабкова, праваабаронца Human Constanta Наста Лойка, а таксама Берасьцейскі праваабаронца Віталь Чопік, асуджаны за перадачу «Вясьне» зьвестак аб разглядзе палітычна матываваных крымінальных справаў у судах.

29 студзеня праваабаронцу Алену Танкачову (грамадзянку РФ, якая больш за 35 гадоў жыла ў Беларусі) затрымалі і дапыталі ў КДБ. 30 студзеня яе выслалі ў Расею.

Прававабаронцы таксама згадваюць факты катаваньняў асуджаных.

Яны пішуць, сярод іншага, як сястра асуджанага, які адбывае пакараньне ў турме № 4, пасьля спатканьня зь ім расказала ў TikTok пра жорсткія ўмовы ўтрыманьня: «Увесь сіні. Пасьля канцлягеру людзям было нашмат лепш, чым цяпер у гэтай турме. Зь сінякамі, у цэнтры зьняволеньня без матраца, сьпяць на падлозе ў футболцы і ніжняй бялізьне. Апёкі ад цыгарэт на руках». Праўладныя мэдыя адрэагавалі на відэа, назваўшы заявы фэйкам.

Стата вядома таксама пра катаваньні Андрэя Сеўрука, палкоўніка ДФР, якога білі ў так званым «мяккім пакоі» ў СІЗА і патрабавалі прызнаньня віны.

Паводле зьвестак праваабарончай ініцыятывы DissidentBY, палітвязень Яўген Гурыновіч, былы супрацоўнік мытні, падчас затрыманьня быў жорстка пабіты, пасьля чаго атрымаў інваліднасьць.

Парушэньне грамадзянскіх правоў і свабодаў

У студзені ўлады папоўнілі сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» яшчэ чатырма пазыцыямі. Сярод новых субʼектаў —Free Belarus Center і грамадзкая культурніцкая ініцыятыва «Будзьма беларусамі!».

У пералік грамадзян, якія нібыта маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці», за студзень унесеныя больш за 77 чалавек. Больш за 60 зь іх асуджаныя, як мяркуюць праваабаронцы, у «справе Беларускага Гаюна». Агулам у сьпісе «экстрэмістаў» імёны 6226 чалавек, паведамляе «Вясна».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG