Праваабарончы цэнтар «Вясна» расказаў гісторыю палітвязьня, якога ўвосень 2025 году асудзілі ў «справе Беларускага Гаюна» — за перадачу ў 2022 годзе інфармацыі аб перамяшчэньні расейскай вайсковай тэхнікі.
Пасьля затрыманьня ён прайшоў праз карцар на Акрэсьціна і правёў пяць месяцаў у менскім СІЗА-1, дзе, як ён кажа, ня менш за палову зьняволеных былі палітычнымі. У інтэрвію «Вясьне» былы палітвязень Дзяніс (імя зьмененае) расказаў пра масавыя затрыманьні ў «справе Гаюна», узмацненьне жорсткасьці рэжыму ў новым СІЗА, а таксама чаму прысуды ў гэтай справе ён называе «лятарэяй».
Дзяніса затрымалі летам 2025 году ў справе «Беларускага Гаюна». У яго адразу запыталіся, ці адпраўляў ён у чат-бот «Гаюна» паведамленьні. Мужчына не адразу прызнаўся, але сілавікі зачыталі яго паведамленьне, і тады ён зразумеў, што яны маюць доказы.
«Тады зразумеў, што адмаўляцца бессэнсоўна. Яны доўга запаўнялі нейкія паперы. Потым адабралі мой тэлефон і спыталі паролі, у тым ліку ад двухфактаркі ў Тэлеграме».
Пасьля ГУБАЗіКу Дзяніса на некалькі гадзін адправілі ў карцар ізалятару часовага ўтрыманьня на Акрэсціна.
«90% палітычных адразу закідвалі ў карцар. Там ёсьць два карцары. Пры мне адначасова былі ад чатырох да 10 чалавек. Хлопцы апавядалі, што бывала і больш. А гэтае памяшканьне наагул прызначана для аднаго чалавека. Там, вядома, было цяжка. Яшчэ і ў стане, калі нічога не разумееш: то бок, умоўна, яшчэ тры гадзіны таму я зьбіраўся ісьці на працу, а цяпер сяджу ў карцары».
Паводле Дзяніса, летам большая частка затрыманых праходзіла паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Яшчэ аднаго фігуранта «справы Гаюна» зьмясьцілі ў камэру да Дзяніса на трэці дзень. З словаў таго мужчыны, у яго было каля 500-700 эпізодаў справы. Далейшы лёс гэтага чалавека Дзянісу невядомы.
Празь некалькі дзён Дзяніса перавялі ў СІЗА-1. Паводле былога палітвязьня, цягам усяго часу ягонага зьняволеньня ў сьледчым ізалятары мінімум палова сукамэрнікаў былі палітычнымі.
Мужчыну, які ў справе «Гаюна» сядзеў з красавіка, далі тэрмін рэальнага зьняволеньня. Астатнім — «хатнюю хімію».
Цяпер бачна, што тэндэнцыя мяняецца: калі спачатку ўсім прысуджалі калёнію, то потым — больш «хіміяў».
Умовы ўтрыманьня ў СІЗА-1 адрозьніваюцца ў залежнасьці ад камэраў, кажа Дзяніс.
«Са мной сядзелі людзі, што былі раней на „Валадарцы“, яны казалі, што там было больш свабоды. У Калядзічах жа — рэжым. Там не было відэакамэраў, а цяпер яны ў кожнай камэры. Іх пастаянна манітораць, ты ўвесь час пад наглядам. Таму не даюць і паспаць, і наагул нічога. Падчас майго ўвязьненьня рэжым стаў больш жорсткім: забаранілі сядзець на ложках і пачалі караць за гэта».
Прагулкі мусілі быць штодня, але на практыцы яны былі нерэгулярнымі.
Што да працы пошты, дык перадачы прыходзілі рэгулярна, а зь лістамі былі праблемы. Паштовае аддзяленьне ў Калядзічах аказалася перагружаным празь СІЗА, апрацаваць такую колькасьць лістоў супрацоўнікі проста не маглі, і ў выніку лісты даходзілі з затрымкай.
Дзянісу было выстаўлена абвінавачаньне паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). У канцы восені 2025 году суд прызначыў яму «хатнюю хімію».
Дзяніс упэўнены, што прысуды ў «справе Гаюна» — лятарэя. У людзей можа быць аднолькавая колькасьць паведамленьняў у чат-бот «Гаюна», але адзін паедзе ў калёнію, а іншаму прызначаць «хімію». Рэальных сьледчых дзеяньняў зь фігурантамі «Гаюна» не праводзяць. Дзяніса за пяць месяцаў расьсьледаваньня дапытвалі толькі тройчы: пры затрыманьні, пры выстаўленьні абвінавачаньня і пры закрыцьці крымінальнай справы. Дакладная колькасьць выяўленых фігурантаў у матэрыялах справы Дзяніса не фігуравала.
«У адзін дзень з Акрэсьціна заехалі 40 чалавек у „справе Гаюна“. За адзін дзень! Вельмі шмат крымінальных справаў. У СІЗА, я ведаю, нават скончыліся месцы. Таму пачалі выпускаць пад альтэрнатыўныя меры стрыманьня: пад заклад, пад паруку. Калі мяне затрымлівалі, такіх магчымасьцяў не было. Быў нават час, калі ў суседняй камэры сядзелі восем чалавек, усе палітычныя і ўсе ў справе „Гаюна“. Я перасякаўся і з жанчынамі ў гэтай справе».
У пачатку лютага 2025 году тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што яго бот, у які людзі слалі інфармацыю аб перамяшчэньні расейскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі, узламаны. Там была ўразьлівая інфармацыя, уключна з асабістымі зьвесткамі тых, хто пісаў у бот. Сам канал быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем» яшчэ ў 2022 годзе. Таму за паведамленьні для праекту прадугледжана крымінальная адказнасьць паводле арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Праз узлом боту тысячы беларусаў апынуліся пад пагрозай перасьледу. Паводле «Вясны», за апошні год у гэтай справе былі затрыманыя сотні чалавек. Затрыманьні працягваюцца дагэтуль, апошнія зь іх былі ў студзені.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» мае інфармацыю, што на студзень 2026 году як мінімум 163 пацьверджаныя фігуранты «справы Гаюна» зьмешчаныя пад варту. Праваабаронцы ацэньваюць, што фігурантаў «справы Гаюна» можа быць да 1000 чалавек.