Паводле яго слоў, з Модзі абмяркоўвалі, сярод іншага, гандаль і спыненьне вайны паміж Расеяй і Ўкраінай.
«Ён пагадзіўся спыніць купляць расейскую нафту і набываць значна больш нафты ў Злучаных Штатах і, магчыма, у Вэнэсуэле. Гэта дапаможа спыніць вайну ва Ўкраіне, якая працягваецца цяпер і ў якой штотыдзень гінуць тысячы людзей!» — напісаў Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.
Трамп таксама паведаміў пра гандлёвае пагадненьне паміж ЗША і Індыяй, якое «набывае моц неадкладна». Згодна з ім, Вашынгтон увядзе ўзаемны тарыф, які быў зьніжаны з 25% да 18%, піша CNN.
«Яны таксама працягнуць зьніжаць свае тарыфы і нетарыфныя бар’еры супраць ЗША да нуля. Прэм’ер-міністар таксама абавязаўся „купляць амэрыканскае“ на значна больш высокім узроўні, у дадатак да больш як 500 мільярдаў даляраў ЗША ў выглядзе амэрыканскіх энэргетычных, тэхналягічных, сельскагаспадарчых, вугальных і многіх іншых прадуктаў. Нашы цудоўныя адносіны з Індыяй у будучыні стануць яшчэ мацнейшымі», — дадаў прэзыдэнт ЗША.
Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі заявіў, што Індыя цалкам падтрымлівае мірныя намаганьні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, але не згадаў пра адмову ад расейскай нафты.
«Лідэрства прэзыдэнта Трампа мае жыцьцёва важнае значэньне для глябальнага міру, стабільнасьці і дабрабыту. Індыя цалкам падтрымлівае яго мірныя намаганьні. Я зь нецярпеньнем чакаю цеснага супрацоўніцтва зь ім, каб вывесьці наша партнэрства на беспрэцэдэнтныя вышыні», — сказаў ён у паведамленьні ў сацыяльнай сетцы X.
Модзі вітаў зьніжэньне тарыфаў да 18% на індыйскую прадукцыю.
«Калі дзьве буйныя эканомікі і найбуйнейшыя дэмакратыі сьвету працуюць разам, гэта прыносіць карысьць нашаму народу і адкрывае велізарныя магчымасьці для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — сказаў ён.
Днямі агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы паведамляла, што Злучаныя Штаты далі зразумець Дэлі, што неўзабаве могуць аднавіць продаж Індыі вэнэсуэльскай нафты, каб дапамагчы замяніць імпарт расейскай нафты.
Паводле крыніцаў, Індыя паабяцала скараціць закупы расейскай сырой нафты пасьля таго, як Вашынгтон таксама павысіў тарыфы, зьвязаныя з гэтай дзейнасьцю. Краіна мае намер у бліжэйшыя месяцы скараціць імпарт расейскай нафты на некалькі соцень тысяч барэляў у дзень.
- Намаганьні ЗША пастаўляць вэнэсуэльскую сырую нафту ў Індыю адбываюцца на тле імкненьня Вашынгтону зьменшыць даходы ад расейскай нафты, якія фінансуюць вайну ва Ўкраіне.
- Індыя стала найбуйнейшым пакупніком расейскай марской сырой нафты са зьніжкамі пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
- Гістарычна Індыя не была значным імпарцёрам расейскай сырой нафты і больш залежала ад паставак з Блізкага Ўсходу. Сытуацыя зьмянілася ў 2022 годзе пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і ўвядзеньня краінамі «Групы сямі» цэнавага ліміту ў 60 даляраў за барэль з мэтай абмежаваць даходы Крамля ад нафты. Індыя ўнікае імпарту санкцыйнай для ЗША нафты з Ірану і Вэнэсуэлы, але расейскія пастаўкі былі дазволеныя і адносна танныя, таму іх аб’ёмы рэзка вырасьлі.
- Міністар нафты Індыі Хардып Сінгх Пуры на мінулым тыдні заявіў, што краіна дывэрсыфікуе крыніцы паставак сырой нафты, паколькі імпарт расейскай нафты скарачаецца.
- Дзьве крыніцы Reuters таксама паведамілі, што Індыя рыхтуецца ў бліжэйшы час скараціць імпарт расейскай нафты да ўзроўню менш як адзін мільён барэляў на дзень. У студзені ён складаў каля 1,2 мільёна барэляў на суткі.
Форум