Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пояс ёсьць, шляху няма. Чаму Менску не ўдаецца манэтызаваць сяброўства з Пэкінам

У беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Архіўнае фота
У беларуска-кітайскім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Архіўнае фота

Сьцісла

  • Кітай — другі гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі. Але чым больш расьце гандаль з Кітаем, тым больш павялічваецца адмоўнае сальда для Беларусі.
  • Кітай больш зацікаўлены даваць Беларусі зьвязаныя крэдыты, чым інвэставаць у яе гаспадарку.
  • Індустрыяльны парк «Вялікі Камень» будавалі, каб паправіць гандлёвы балянс Беларусі з Кітаем, але ў выніку дэфіцыт балянсу толькі расьце.

Улады Беларусі імкнуцца да таго, каб Кітай стаў пэўным балянсірам расейскаму ўплыву. Таксама Менск хацеў бы манэтызаваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Кітаю, атрымаць маштабныя кітайскія інвэстыцыі. Аднак з апошнім атрымоўваецца дрэнна.

Аляксандар Лукашэнка 27 студзеня правёў нараду аб разьвіцьці супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Ён адзначыў, што «ва ўмовах тэктанічных геапалітычных зьменаў Пэкін для Менску — найважнейшы пункт апоры».

Спадзяваньні і надзеі

Ёсьць некалькі варыянтаў таго, што афіцыйны Менск хацеў бы атрымаць ад Кітаю.

Напачатку цеснага супрацоўніцтва з КНР улады Беларусі імкнуліся атрымаць яшчэ аднаго спонсара ў дадатак да Расеі. То бок манэтызаваць геапалітычную ляяльнасьць, паўтарыць мадэль адносінаў Масквы і Менску («танны газ у абмен на пацалункі»). Аднак атрымаць яшчэ адну эканамічную «халяву» не ўдалося, Кітай аказаўся вельмі прагматычным партнэрам, проста так плаціць за сяброўства ён не пажадаў.

Атрымаць яшчэ адну эканамічную «халяву» не ўдалося

Калі ажыцьцявіць ідэю з спонсарствам не атрымалася, улады Беларусі намацалі для Кітаю іншую ролю ў замежнай палітыцы афіцыйнага Менску. Лукашэнка хацеў бы, каб КНР стала пэўнай процівагай расейскаму ўплыву. Вялізная залежнасьць ад Расеі ўвесь час выклікала і цяпер выклікае ў Лукашэнкі дыскамфорт. Кіраўніцтва Беларусі хацела б пасябраваць зь нейкім іншым цэнтрам сілы, мець яшчэ аднаго заступніка, які ў крытычны момант мог бы абараніць ад расейскага ціску. Захад на гэтую ролю не падыходзіць, хоць пэўныя спробы ў гэтым кірунку рабіліся ў 2015–2020 гадах і робяцца цяпер у рамках перамоўнага працэсу з ЗША.

А вось Кітаю гэтая ролю пасуе. У Пэкіне ніхто не падымае тэму правоў чалавека, там кіруюцца голым прагматызмам.

Некалькі разоў Кітай прыходзіў на дапамогу Менску ў піку Расеі, калі Масква спрабавала «выхоўваць» малодшага саюзьніка, ціснула на яго. Як толькі Расея адмовілася пастаўляць Беларусі сучасныя ракеты і надаваь адпаведныя тэхналёгіі, КНР хутка адгукнулася, у выніку чаго зьявіўся на сьвет беларускі ракетны комплекс «Палянэз». Калі Расея пачала тармазіць рэалізацыю касьмічных праграмаў Беларусі, з кітайскага касмадрому запусьцілі беларускі спадарожнік. Калі ў 2019 годзе Расея пачала эканамічны шантаж Беларусі, прымушаючы да «паглыбленьня інтэграцыі», Кітай вылучыў першы ў гісторыі беларуска-кітайскіх адносінаў незьвязаны крэдыт у 500 млн даляраў.

Але кітайскі балянсір — чыньнік вельмі адносны. Тут ня трэба мець ілюзіяў. Бо занадта вялікая залежнасьць ад РФ.

Праблемы эканамічнага супрацоўніцтва

Вялікі спадзеў улады Беларусі мелі таксама на эканамічную супрацу з Кітаем. Чыста вонкава, здаецца, тут усё нармальна. Статыстыка сьведчыць пра пастаянны рост усіх паказьнікаў. Кітай цяпер — другі гандлёвы партнэр Беларусь пасьля Расеі. Ягоная доля ў беларускім замежным гандлі складае 11%. Першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў даводзіць, што Беларусь за 10 гадоў патроіла паказьнікі таваразвароту з Кітаем і падвоіла экспарт тавараў у гэтую краіну.

Кітай цяпер — другі гандлёвы партнэр Беларусь пасьля Расеі

Але ёсьць адна праблема. Чым больш расьце гандаль з Кітаем, тым больш павялічваецца адмоўнае сальда для Беларусі. Калі дзесяць гадоў таму дэфіцыт у гандлёвых адносінах з КНР складаў $1,5 млрд, то за студзень–лістапад 2025 году ён налічваў ужо $7 млрд. Рост у 4,5 раза!

Кітай больш зацікаўлены даваць Беларусі зьвязаныя крэдыты, чым інвэставаць у яе гаспадарку. А калі ўжо і інвэставаць, то на вельмі ільготных умовах для кітайскіх кампаніяў, калі гаспадары ствараюць офшор (індустрыяльны парк «Вялікі Камень»).

Лукашэнка выказаў незадаволеньне абʼёмам кітайскіх інвэстыцыяў. «Патрабуецца перафарматаваць інвэстыцыйны кірунак. Кітайскія ўкладаньні за мяжу ставяць рэкорды, асабліва ў краіны „Пояса і шляху“», — сказаў ён на нарадзе 27 студзеня. А Беларусь тут моцна адстае. Паводле інфармацыі першага намесьніка прэм’ер-міністра Мікалая Снапкова, «валавы абʼём інвэстыцыяў з Кітаю ў Беларусь за 10 гадоў перавысіў $2 млрд». А, напрыклад, у эканоміку Польшчы кітайцы толькі за адзін 2024 год інвэставалі 4,2 млрд эўра.

Пабудаваць не прадпрыемства, а бізнэс

Снапкоў хваліцца, што «Кітай для Беларусі ёсьць ключавым прамысловым крэдыторам». Аднак варта падкрэсьліць, што фактычна ніводны з буйных праектаў, фінансаваных КНР (дрэваапрацоўчыя і цэмэнтавыя прадпрыемствы, Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя), не акупіўся.

Беларуская эканамічная мадэль неўспрымальная для інвэстыцый

Той жа Снапкоў прызнае: «Ключавое пытаньне і выклік для нас — гэта інвэстыцыі з Кітаю. Не задача пабудаваць прадпрыемства. Задача — пабудаваць бізнэс». А вось з гэтым якраз і не атрымоўваецца. Бо беларуская эканамічная мадэль неўспрымальная для інвэстыцый.

Галоўны абʼект супрацы дзьвюх краін — індустрыяльны парк «Вялікі Камень». Зноў жа вонкава ўсе паказьнікі дэманструюць рост. Расьце колькасьць рэзыдэнтаў, растуць валавыя аб’ёмы, экспарт, імпарт.

Але і тут выявілася праблема. «Вялікі Камень» будавалі, каб паправіць гандлёвы балянс, зрабіць яго станоўчым. Парк меў стаць беларускімі варотамі для кітайскіх тавараў у Эўропу. Але адносіны з Эўразьвязам у Беларусі рэзка пагоршыліся, адпаведна і гэтыя вароты аказаліся прачыненымі напалову.

У выніку ў 2024 годзе дэфіцыт гандлёвага балянсу Парку вырас у 2,5 раза, а за студзень–верасень мінулага году адмоўнае сальда «Вялікага Каменя» павялічылася ў 11 разоў.

Што ўлады зьбіраюцца рабіць, каб выправіць сытуацыю? Правільна, прыняць яшчэ адну дырэктыву. Ужо трэцюю. Хоць Лукашэнка наракаў, што мінулая дырэктыва ня выкананая. І заявіў, што «задачы ў новую Дырэктыву трэба прапісваць і ў штуках, і ў кіляграмах».

За дзесяцігодзьдзі кіраваньня Лукашэнкі мы ўжо шмат разоў бачылі, што атрымліваецца, калі лячыць нездаровую эканоміку новымі дырэктывамі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG