Брэнд Zubr 3 сьнежня паведаміў, што пачынае вытворчасьць аўтамабіляў у Беларусі. Зборку нібыта запусьцілі на заводзе «Юнікон». Як паведамляе сайт «вытворцы» новага брэнду, лінейка ўключае адразу пяць мадэляў: Legenda, Volat, Talisman, Relikt і электракросовэр Zorka. На сайце пазначаныя характарыстыкі аўтамабіляў, камплектацыі і цана — ад 59 900 да 84 900 рублёў. Сьцвярджаецца, што ўсе аўтамабілі адаптаваныя да кліматычных і дарожных умоваў Беларусі і маюць гарантыю на пяць гадоў або 150 000 км прабегу. У аснове — мадэлі кітайскага брэнду Forthing.
У Кітаі гэтыя ж маркі прадаюцца як SX3, T5, T5L, Т5 EVO і Hedmos. Там гэтыя машыны таньнейшыя на 30–39%.
Беларускае Міністэрства прамысловасьці часткова зьняпраўдзіла інфармацыю аб новых машынах у Беларусі: няма афіцыйнага дазволу.
«Міністэрства прамысловасьці афіцыйна заяўляе, што гэтая інфармацыя непраўдзівая і не адпавядае рэчаіснасьці. На сёньня ад Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь ніводнае прадпрыемства галіны не атрымала афіцыйнага дазволу або іншай дазвольнай дакумэнтацыі на вытворчасьць аўтамабіляў маркі Zubr», — паведамілі ў міністэрстве.
Адзін з чытачоў Свабоды пазваніў на нумар, пазначаны на сайце. Там адказалі, што купіць машыну можна ўжо цяпер, а «заява міністэрства толькі зрабіла дадатковую рэкляму». Там прымаюць запісы на пробную язду, абяцаюць, што паезьдзіць на «Зубрах» можна будзе ўжо на наступным тыдні. Паводле кансультанта, беларускімі ў машынах могуць быць акумулятары і зімовыя шыны ад «Белшыны». Дэталі ж для аўтамабіля прыяжджаюць з заводу ва Ўхані, а ў Беларусі адбываецца зборка.
Згодна з сэрвісам kartoteka.by, дзе сабраныя зьвесткі аб фірмах Беларусі, кампанія «Зубр Бізнесінвест» зарэгістраваная сёлета 14 жніўня. На сайце ўказаны адрас — вёска Вялікае Сьціклева Менскага раёну, што недалёка ад кольцавай дарогі, а ў гэтым жа будынку, згодна з мапамі, месьціцца аўтасалён Geely.
Завод «Юнісон», які спачатку назвалі пунктам зборкі новых аўтамабліяў (пазьней гэтая інфармацыя зьнікла з сайту zubr-auto.by), вядомы спробамі лякалізацыі аўтамабіляў самых розных марак. У 1997 годзе тут зьбіралі машыны Ford. У 2011–2012 гадах грузавікі КІА, у 2012 годзе пачалося таксама супрацоўніцтва з кітайскай кампаніяй Zotye. У 2014–2017 гадах тут зьбіралі машыны Peugeot, Citroën, Opel. У 2019 годзе зрабілі пробную партыю электрамабіляў Zotye E200.
«Страшна купляць»
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла пра новыя машыны Zubr зь некалькімі аўтааматарамі ў Беларусі. Яны кажуць, што набываць марку, якая толькі зьявілася на рынку, боязна. Маўляў, празь некалькі гадоў яна можа зьнікнуць, і аўтамабіль пасьля гэтага нікому не прадасі.
«Няясна, што будзе з машынай пасьля некалькіх гадоў эксплуатацыі. Калі б я браў кітайскую марку, то ўзяў бы ўжо аб’ежджаны брэнд нейкі», — сказаў адзін суразмоўца.
Іншы прывёў у прыклад іранскую марку Samand. Гэтыя машыны сьпярша пачалі выпускаць у Беларусі, але ў 2013 годзе вытворчасьць прыпынілі. Агулам іх выпусьцілі каля 2 тысяч. Зьбіралі такія аўтамабілі таксама на заводзе «Юнісон».
Колькасьць кітайскіх легкавых аўтамабіляў у Беларусі расьце. Калі ў 2019 годзе маркі «Белджы» і Geely статыстычна складалі 10,7% у долі продажу новых машын у краіне, то за студзень–верасень сёлета — 50,7%, то бок больш за палову рынку. Атрымліваецца, што продажы кітайскіх брэндаў за 6 гадоў вырасьлі ў 5 разоў. 26,4% складаюць машыны расейскай маркі Lada.
Адзін з аўтааматараў — суразмоўцаў Свабоды тлумачыць такое бракам выбару.
«Раней чалавек мог абіраць паміж Volkswagen, Renault, іншымі эўрапейскімі маркамі, але цяпер выбар істотна скараціўся ці яго амаль няма. Калі „Белджы“ каштуе каля 25 тысяч даляраў, а людзей маюць грошы, якія трэба ўкласьці, то яны туды і ўкладаюць. Візуальна ў Менску шмат кітайскіх машын, амаль усе таксі кітайскія, засталося вельмі мала „Шкодаў“. А прыганяць аднекуль здалёк будзе зусім нятанна, нашмат даражэй за кітайскую машыну», — мяркуе суразмоўца.
Ня толькі легкавікі
Беларускі рынак таксама засвоілі кітайскія аўтобусы Higer і ZhongTong, абедзьве маркі маюць у Беларусі афіцыйных дылераў.
У Бабруйску працуе фірма-пастаўнік гэтых аўтобусаў «КітБізнэсАўта». З навінаў кампаніі вынікае, што кітайскія аўтобусы набываюць спартовыя клюбы, прыватныя кампаніі і дзяржаўныя перавозьнікі.
Напрыклад, летась у жніўні Баранавіцкі аўтобусны парк купіў ужо трэці аўтобус маркі Higer. Некалькі прыватных фірмаў, як вынікае з сайту дыстрыбутара, купілі ўжо і па другім, і па чацьвёртым аўтобусе кітайскай вытворчасьці. У 2021 годзе Міністэрства сельскай гаспадаркі купіла кітайскі аўтобус ZhongTong для Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі.
У тым жа годзе за грошы заводу БМЗ купіў сабе аўтобус ZhongTong хакейны клюб «Мэталюрг».
Адкрытай статыстыкі продажу кітайскіх матацыклаў у Беларусі няма. Свабода вывучыла асартымэнт некалькіх папулярных онлайн-крамаў для іх продажу, больш за траціну прапановаў там — кітайскія маркі.
І нават тыя мадэлі, якія нібыта робяцца ў Беларусі — таксама кітайскія. У жніўні 2022 году Лукашэнку прэзэнтавалі матацыкл «Мінск» на беларускім «МотаВелаЗаводзе». Гэта скончылася скандалам, бо Лукашэнка запытаўся, што ў ім беларускага, выявілася — «зборка і дызайн».
Сёлета Лукашэнку падарылі матацыкл Minsk D4 125. У ім таксама менш за траціну беларускіх дэталяў, паводле зьвестак зь мінулага году.
Кітайская альтэрнатыва
Ва ўмовах санкцыяў і праблемаў зь лягістыкай у эўрапейскіх машын і тэхнікі кітайская аўтапрамысловасьць стала для Беларусі альтэрнатывай, мяркуе старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«Аб’ектыўна кітайскія аналягі — гэта канкурэнтаздольная па цане і тэхналягічна дастаткова прасунутая за сваю цану тэхніка. Для гэтага ёсьць дзяржаўная падтрымка гэтага сэктару ў Кітаі, што адбіваецца на цане. Таксама ў Беларусі дзейнічаюць ляяльныя крэдытныя праграмы пад кітайскія брэнды», — тлумачыць Анастасія Лузгіна.
Цяпер аўтамабілі «Белджы» можна купіць у крэдыт з стаўкай на першы год 9,5% гадавых, далей да 16,2% гадавых.
Суразмоўца нагадвае, што ў Беларусі хочуць выкарыстоўваць больш электратранспарту, а Кітай якраз выпускае шмат электрамабіляў.
«У цяперашніх эканамічных і геапалітычных умовах кітайскія машыны будуць досыць шырока прадстаўленыя», — уважае суразмоўца.
На канец мінулага году ў Беларусі налічвалася 3 085 116 легкавых аўтамабіляў. Што да іншых транспартных сродкаў, то, паводле Белстату, у краіне ёсьць 433 815 матацыклаў і матаролераў, 202 028 прычэпаў і паўпрычэпаў, 141 655 грузавікоў, 10 296 аўтобусаў (маюцца на ўвазе аўтамабілі ў прыватнай уласнасьці грамадзян).
У арганізацыяў — 137 320 легкавых транспартных сродкаў, 30 308 аўтобусаў, 1 313 тралейбусаў, 266 трамвайных вагонаў.
Форум