Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай стаў другім гандлёвым партнэрам Беларусі, абагнаўшы Эўразьвяз, але Лукашэнка хоча больш

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» пад Менскам. Архіўнае фота
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» пад Менскам. Архіўнае фота

На нарадзе 27 студзеня, якая была прысьвечаная адносінам Беларусі з Кітаем, Лукашэнка заклікаў павялічыць экспарт у гэтую краіну, зь якой у гандлі, нягледзячы на палітычны кансэнсус, існуе вялікі дэфіцыт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў на нарадзе, што, «з аднаго боку, Кітай цяпер — другі па велічыні гандлёвы партнэр Беларусі, а айчынны экспарт на кітайскі рынак перасягнуў аб’ём паставак у Эўразьвяз», — перадае БелТА.

«Зь іншага боку, каля $1,7 млрд за 2025 год і больш за 4% ад агульнага абʼёму паставак — вельмі мала нават па беларускіх мерках», — гэтак ацаніў Лукашэнка беларускі экспарт у Кітай.

Экспарт Кітая ў Беларусь дасягнуў 6,5 млрд даляраў у 2024 годзе, згодна Trading Economics, асноўную долю экспарту склалі машыны і абсталяваньне, больш за 3,5 мільярда, электрычная і электратэхнічная прадукцыя — амаль 1 млрд, оптыка, плястык, вырабы з жалеза і сталі, паведамляе Trading Economics. Фактычна, кітайскі імпарт замясьціў на беларускім рыну эўрапейскі.

Узаемны таваразварот у 2025 годзе склаў, па інфармацыі кітайскага выданьня Жэньмінь Жыбао, 8,39 млрд. даляраў, а ў першым квартале 2025 года вырас на 18%.

Пасол Беларусі ў Кітаі Аляксандр Чарвякоў заявіў год таму кітайскім СМІ, што «ключавы вэктар выразна акрэсьлены: мадэрнізацыя нашай эканомікі на аснове кітайскіх тэхналёгій».

«Таксама былі вызначаныя найважнейшыя праекты па разьвіцьці двухбаковага супрацоўніцтва ў машынабудаваньні, дрэваапрацоўцы, хімічнай прамысловасьці і іншых галінах прамысловасьці. Гэты комплекс пытаньняў, які ў мінулым годзе яшчэ быў на паперы, цяпер ператвараецца ў практычныя дзеяньні», — сказаў тады пасол.

Беларускі экспарт, які, паводле кітайскіх крыніц, склаў у 2024 годзе 1,81 млрд. даляраў, у ім пераважае сыравіна — калій, таксама харчовыя прадукты і прадукты дрэваапрацоўкі.

Згодна са статыстыкай Эўразьвязу, яшчэ ў 2024 годзе ЭЗ займаў другое месца па імпарце ў Беларусь — 6,8 млрд. эўра, а Беларусь экспартавала ў ЭЗ тавараў усяго на 1,3 млрд. эўра, тады таваразварот у параўнаньні з 2021 годам упаў на 35%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG