Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марка BelGee стала лідэрам беларускага аўтарынку ў 2025 годзе, але з-за мяжы людзі прыгналі болей машын

Аўтамабіль «БелДжы» ў Менску, архіўнае фота
Аўтамабіль «БелДжы» ў Менску, архіўнае фота

BelGee — сумеснае прадпрыемства ў Беларусі, у асноўным кантраляванае дзяржавай і кітайскім аўтавытворцам Geely.

Паводле зьвестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыя-кансалт, летась у Беларусі зарэгістравалі 22,83 тысячы новых аўтамабіляў BelGee, ці 30,5% ад агульнай колькасці. На другім месцы расейская Lada з 10,44 тысячы машыны, на трэцім кітайская марка Geely — 9,03 тысячы аўтамабіляў.

Але пераважная большасьць аўтамабіляў, пастаўленых на ўлік летась, была прыгнаная беларусамі з-за мяжы.

Як заявіў на прэс-канферэнцыі 28 студзеня ў Менску Дзьмітры Ярота, дырэктар даччынага прадпрыемства Аўтамабільнай асацыяцыі «БАА» — УП «БАА-кансалт», аўтамабільны рынак Беларусі летась значна вырас.

«Рынак вырас на 14% і прадэманстраваў упэўнены рост», — заявіў Ярота.

Аўтамабільная асацыяцыя «БАА» здолела сабраць зьвесткі аб усіх зарэгістраваных аўтамабілях, а ня толькі аб прададзеных у Беларусі афіцыйнымі дылерамі. Агульны рынак легкавых аўтамабіляў у 2025 годзе склаў 158,7 тысячы. Гэта і аўтамабілі, прададзеныя юрыдычнымі асобамі, і аўтамабілі, якія завезьлі ў Беларусь фізычныя асобы.

Цікавая структура рынку — 62%, ці 98,5 тысячы аўтаў, увезьлі ў краіну фізычныя асобы, 31,4 тысячы прадалі юрыдычныя асобы.

Менавіта фізычныя асобы далі максымальны прырост у параўнаньні зь мінулым годам — плюс 19%. Юрыдычныя асобы засталіся на тым жа ўзроўні, BelGee паказаў рост на 14%.

«Лідэры рынку — прыватныя асобы, якія ўвезьлі большую частку аўтаў», — робіць выснову «БАА-кансалт».

Найбольш прададзена машын з рухавікамі ўнутранага згараньня — 130,4 тысячы, гібрыдаў — 8,5 тысячы, электрамабіляў — 19,8 тысячы.

Адкуль юрыдычныя асобы завозяць аўты? Гэта Кітай, Расея і Нямеччына. Летась лідэрам рынку была Расея, у 2024-м у Беларусь адтуль увозілі кожны другі аўтамабіль, а ў 2025 годзе — кожны трэці.

Фізычныя асобы вязуць аўтамабілі з Кітаю, ЗША, Нямеччыны, Карэі. Прычым больш за 60% — гэта новыя машыны з Кітаю.

Паводле Яроты, значна вырасла доля гібрыдаў і электрычных машын. Асабліва электрычных — іх прададзена 17,2 тысячы, пры тым, што ў 2024 годзе такіх было 6,1 тысячы, прырост — 181%.

На пачатку 2025 году фізычныя асобы ўвозілі толькі 13% аўтамабіляў, у канцы году сытуацыя зьмянілася — яны ўвозілі 59% аўтаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG