Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франак Вячорка пра давоскія сустрэчы: Ціханоўская наладзіла кантакт з Джарэдам Кушнэрам


Сьвятлана Ціханоўская на Давоскім эканамічным форуме.
Сьвятлана Ціханоўская на Давоскім эканамічным форуме.

Старшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка — пра Давос: як дэмакратычныя сілы Беларусі працуюць на ўсясьветнай сцэне.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская чацьвёрты год запар брала ўдзел у штогадовым Усясьветным эканамічным форуме ў Давосе. На палях форуму Ціханоўская сустрэлася з шэрагам сусьветных лідэраў: прэзыдэнтам Літвы, прэм’ерамі Чэхіі і Малдовы, прэзыдэнткай Генэральнай асамблеі ААН, генэральным сакратаром NATO ды іншымі ўплывовымі палітыкамі. Ціханоўская прыняла ўдзел у шэрагу публічных захадаз у межах форуму — у дыскусіі «Ці здольная Расея ўтрымліваць эканоміку ва ўмовах вайны?», у панэлі на тэму «Дэмакратыя ў выгнаньні: лідэрства ў барацьбе Беларусі за свабоду» ды іншых. Пра беларускі ўдзел у Давоскім форуме пагаварылі ў «ПіКу Свабоды» з старшым дарадцам Ціханоўскай Франакам Вячоркам.

— Чым адметны сёлетні ўдзел Ціханоўскай ва Ўсясьветным эканамічным форуму ў Давосе? Давайце адзначым найважнейшыя двухбаковыя сустрэчы Ціханоўскай і яе каманды на палях форуму і яе найважнейшыя мэсыджы.

— Толькі скончылі візыт, прыляцелі ў Варшаву, падсумоўваем вынікі Давосу. Гэта быў, напэўна, самы вялікі Давоскі форум за дзесяцігодзьдзе, а можа быць, і ў гісторыі — і па колькасьці людзей, і па ўзроўні сустрэчаў. Да Трампа толькі адзін амэрыканскі прэзыдэнт прыяжджаў сюды 25 гадоў таму — Біл Клінтан. І прысутнасьць амэрыканскага прэзыдэнта цалкам перакрыла ўсю тэматыку Давосу. Вядома, увага ня толькі ад Беларусі адышла, але таксама і ад Украіны. Асноўнае пытаньне, якое абмяркоўвалі фактычна на кожнай панэлі — ці Трамп можа ўжыць ваенную сілу, каб далучыць Грэнляндыю, ці не. Вядома, прабівацца зь беларускай тэмай вельмі складана. Але сам факт запрашэньня Ціханоўскай і беларускай дэлегацыі выключны. Больш чым два з паловай дзесяцігодзьдзі беларусаў не запрашалі сьпікерамі на Давос. А тут ужо чатыры гады запар гэта адбываецца. І больш за тое, у Ціханоўскай было ажно дзьве панэлі ў асноўнай праграме форуму і яшчэ некалькі закрытых круглых сталоў з сусьветнымі лідэрамі. Гэта прызнаньне, гэта гаворыць пра тое, што Ціханоўская задае тэматыку, што яе голас важны, што сусьветныя лідэры, прэм’ер-міністры падыходзяць да яе — нехта раіцца, нехта дзеліцца думкамі. Гэта паказвае субʼектнасьць і рэлевантнасьць і Беларусі, і дэмакратычных сілаў. Для нас гэта магчымасьць таксама вырашаць практычныя пытаньні, што тычацца беларусаў у выгнаньні ў асобных краінах. Завялі там новыя кантакты. Сутнасьць такая, што гэта не пра прыняцьце рашэньняў, Давос — гэта пра зьверку гадзіньнікаў і пра пабудову кантактаў. І тое, што падчас такога гістарычнага Давосу, дзе і Трамп, і Зяленскі рабілі важныя заявы, ёсьць прысутнасьць Беларусі, — я думаю, наша супольнае дасягненьне.

— Ці былі ў Ціханоўскай шанцы на палях форуму каротка сустрэцца і пагаварыць з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў? Калі б гэта адбылося, што яна б яму сказала? Ці хацелі б дэмакратычныя сілы далучыцца да працы ў Радзе міру, напрыклад?

— Падчас такога форуму з Трампам хочуць пагаварыць прыкладна 150 замежных лідэраў адначасова, і толькі адзінкі маюць такую магчымасьць. Мы бачым, што амэрыканская адміністрацыя вельмі сэлектыўная ў тым, з кім там сустракацца. І я ня думаю, што нейкі шанец на гэта ў прынцыпе існаваў бы. Пакуль мы працуем з амэрыканскай адміністрацыяй у трэку палітвязьняў. Думаю, што калі гэты этап будзе пасьпяховы і будзе працягвацца, тады будуць нагоды для сустрэчаў на высокім узроўні. А пакуль у нас ёсьць стабільны пастаянны кантакт зь ягонай камандай. Сьвятлана Ціханоўская пазнаёмілася падчас афіцыйнай вячэры з Джарэдам Кушнэрам, які мае беларускія карані. Гэта добры кантакт. Раней знаёміліся ўжо зь ягоным бацькам Чарльзам Кушнэрам, які зараз пасол у Францыі. Сьвятлана Ціханоўская і Джарэд Кушнэр пагаварылі падчас закрытага круглага стала Давоскага форуму. Яна расказала яму пра Беларусь, пра тое, што беларусы памятаюць, ведаюць пра сувязь яго сям’і зь Беларусьсю. Я думаю, што такія асабістыя адносіны якраз і будуюцца падчас гэтых міжнародных форумаў.

Што б яна сказала? У нас ёсьць зараз вельмі канкрэтная тэма — гэта вызваленьне людзей. Першае, трэба падзякаваць за тое, што амэрыканская адміністрацыя гэта робіць. Трэба абазначыць нашыя занепакаеньні тым, што рэпрэсіі не спыняюцца, бо вызваленьне — гэта патрэбна, але трэба, каб не было новых палітвязьняў. Мы бачым, што Лукашэнка ўспрымае палітвязьняў як тавар. І я думаю, што пабудова даверлівых адносінаў паміж Беларусьсю, беларускім грамадзтвам і амэрыканскай адміністрацыяй — гэта тое, што магло б быць такой тэмай для першай размовы. Але зноў жа камунікацыя ёсьць на іншым узроўні — і з Дзяржаўным дэпартамэнтам, і з Джонам Коўлам.

— Афіцыйны Менск прадстаўляў на форуме пасол Беларусі ў Швайцарыі Аляксандар Ганевіч, які ўзяў удзел у цырымоніі зацьвярджэньня статуту Рады міру. Якім быў удзел уладаў у форуме ў параўнаньні з дэмакратычнымі сіламі?

— Лукашэнкаўскіх чыноўнікаў на форум не запрашаюць, як не запрашаюць і Расею. Так, з раніцы перад падпісаньнем гэтых дамоўленасьцяў пра Раду міру запрасілі пасла прыехаць на форум. Я, напрыклад, так і ня бачыў яго ў залі. Думаю, што нават калі іх туды і пусьцілі, то ў вельмі абмежаванай форме. Гэта ўсё роўна быў удзел выключна ў падпісаньні дакумэнтаў, але не ў самім форуме. Афіцыйны Менск там не ўспрымаюць, у прынцыпе, за субʼект, не ўспрымаюць сурʼёзна. Успрымаюць, магчыма, як дадатак Расеі. Арганізатары форуму дэманстратыўна, сьвядома запрашаюць дэмакратычныя сілы ўжо чатыры гады запар, каб прадстаўляць Беларусь. І я думаю, што гэта такі каштоўнасны выбар і мэтанакіраванае рашэньне, каб паказаць, каго арганізатары форуму падтрымліваюць.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG