У першыя месяцы кіраваньня адміністрацыі Дональда Трампа, калі зьявілася напружаньне ў адносінах паміж ЗША і Эўразьвязам, зьменшылася падтрымка Вашынгтонам Ўкраіны, гучала шмат меркаваньняў, што Злучаныя Штаты ўзялі курс на ізаляцыянізм. Маўляў, Амэрыка адмаўляецца ад глябальнага дамінаваньня, ад статусу сусьветнага паліцэйскага.
Але ідэя стварэньня Рады міра сьведчыць, што тыя высновы былі пасьпешнымі. Усё наадварот. Трамп перакройвае сьвет, міжнародны парадак на свой капыл.
Амэрыканская адміністрацыя стварае новую арганізацыю на даволі незвычайным прававым і палітычным грунце. Падобных прэцэдэнтаў дасюль не было. Паводле задумы, Рада міру — гэта адначасова адміністратыўны орган для часовага кіраваньня сэктарам Газа і міжнародная арганізацыя з глябальнымі прэтэнзіямі. Пакуль незразумела, як гэта можна сумясьціць.
У прэамбуле статута Рады міру адзначаецца, што гэтая міжнародная арганізацыя «імкнецца садзейнічаць стабільнасьці, аднаўленьню надзейнага і законнага кіраваньня і забесьпячэньню трывалага міру ў раёнах, якія пацярпелі або знаходзяцца пад пагрозай канфлікту».
Сусьветныя мэдыя пішуць, што Рада міру прэтэндуе на ператварэньне яе ў глябальны орган для ўрэгуляваньня канфліктаў, будзе імкнуцца выконваць функцыю Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый (ААН). Варта адзначыць, што Трамп даволі крытычна ацэньвае дзейнасьць ААН. Нядаўна ЗША выйшлі зь дзясяткаў міжнародных арганізацый, у тым ліку, шматлікіх структур ААН.
Рада міру як альтэрнатыва ААН? Ці існаваньне дзьвюх паралельных канкуруючых структур? Можна толькі канстатаваць, што ідзе рэструктурызацыя міжнародных арганізацый явачным парадкам.
Каго запрашае Трамп у новую арганізацыю? У лісьце, які ён даслаў Лукашэнку, ідзецца, што Рада міру аб’яднае «выбітную групу дзяржаў», «нашых выдатных і адданых паплечнікаў, значная частка якіх ёсьць вельмі паважанымі сусьветнымі лідэрамі».
Паводле агенцтва Bloomberg, колькасьць «паплечнікаў», запрошаных у Раду міру, налічвае прынамсі 50 дзяржаў з усіх кантынэнтаў. Сярод іх Беларусь, Расея. Супярэчлівая інфармацыя пра запрашэньне Кітая. Калі сыходзіць з гэтага сьпісу, то можна сказаць, што Беларусь трапляе ў лік 50 уплывовых дзяржаў сьвету, паводле вэрсіі Дональда Трампа. Пытаньне ў тым, што і як лічыць: эканамічныя паказьнікі, ваенную сілу ці геаграфічнае становішча З улікам таго, што ЗША мае спэцпасланьніка прэзыдэнта па Беларусі, то ўключэньне краіны ў гэты шэраг выглядае лягічным.
Пакуль амаль няма рэакцыі запрошаных краін. Вядома, што прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон адмовіўся ўвайсьці ў новую арганізацыю.
Паколькі Раду міру стварае ЗША, то яе галоўнай фігурай будзе Дональд Трамп. Ён стане старшынём новай арганізацыі. Паводле статуту, Трамп будзе вырашаць, каго запрашаць у яе склад, каго выключаць, зацьвярджаць парадак дня, вызначаць час і месца пасяджэньняў. Хоць рашэньні будуць прымацца большасьцю галасоў (адна краіна — адзін голас), усе яны мусяць быць зацьверджаныя старшынём. Ён таксама можа, «дзейнічаючы ад імя Рады міру», «прымаць рэзалюцыі або іншыя дырэктывы». Трамп будзе выбіраць і здымаць з пасады чальцоў Выканаўчага савета. Старшыня можа быць заменены толькі ў выпадку «добраахвотнай адстаўкі або ў выніку недзеяздольнасьці».
Вонкава ўсё гэта выглядае даволі дзіўна. Але за год свайго другога прэзыдэнцтва Трамп прывучыў сьвет да цудаў
То бок, сыходзячы з гэтых статутных парамэтраў, можна сьцьвярджаць, што Рада міру — гэта нейкі дарадчы орган на чале з Дональдам Трампам, які, тым ня менш, прэтэндуе на статус рэгулятара міжнародных адносінаў.
Звычайнае сяброўства будзе бясплатным і на тры гады. Для тых краін, якія пералічаць у фонд Рады больш як мільярд даляраў, гэтае абмежаваньне дзейнічаць ня будзе. Паводле рэсурсу Axios, Трамп хоча афіцыйна запусьціць працу Рады міру ўжо гэтым тыднем — падчас Сусьветнага эканамічнага форуму ў Давосе (19–23 студзеня).
Вонкава ўсё гэта выглядае даволі дзіўна. Але за год свайго другога прэзыдэнцтва Трамп прывучыў сьвет да цудаў.
Тым часам Беларусь з удзячнасьцю прыняла запрашэньне Трампа. 20 студзеня Лукашэнка падпісаў дакумэнт аб далучэньні Беларусі да Рады міру і выкананьні палажэньняў яго статута «у поўнай адпаведнасьці, якая была пазначаная ў лісьце прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа».
Дзяржаўная прапаганда ўспрыняла ліст прэзыдэнта ЗША на адрас Лукашэнкі зь вялікім захапленьнем. Усе рэсурсы надрукавалі яго, прычым на ангельскай і расейскай мове, з подпісам Трампа. Інфармацыі пра пазыцыю Расеі ў гэтам пытаньні пакуль няма — толькі пацьверджаньне атрыманага запрашэньня.
Рэакцыю афіцыйнага Менску можна зразумець. Гледзячы па ўсім, глухой ізаляцыі на заходнім кірунку надыходзіць канец. Калі плян Трампа будзе рэалізаваны хоць напалову, то мае адбыцца саміт краін-чальцоў Рады міру, на якім Лукашэнка будзе прысутнічаць нароўні з лідэрамі іншых, у тым ліку, эўрапейскіх. Тады можа адбыцца і ягоная анансаваная сустрэча з Трампам. Прэзыдэнт ЗША выцягвае рэжым Лукашэнкі з ізаляцыі, вяртае Беларусь у вялікую палітыку. Як адзначыў спэцпрадстаўнік Злучаных Штатаў па Беларусі Джон Коўл у інтэрвію парталу «Люстэрка», мэта палітыкі Вашынгтона — «у канчатковым выніку весьці бізнэс з Беларусьсю, вярнуць яе ў міжнародную супольнасьць».
Форум