Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцпасланьнік ЗША Коўл: «Выцягнуць тых, каго пасадзілі ў раёне 2020-га»


Джон Коўл
Джон Коўл

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл даў інтэрвію парталу «Люстэрка». У прыватнасьці, ён адказаў на пытаньне пра перасьлед грамадзян Беларусі за іх палітычную пазыцыю.

— З моманту, калі вы вызвалілі 123 чалавекі, 40 новых былі прызнаныя палітвязьнямі. У 2025 годзе ў Беларусі па палітычных матывах асудзілі не менш за 1254 чалавекі. Рэпрэсіі ў нашай краіне не спыняюцца ні на хвіліну. Ці ёсьць сярод патрабаваньняў ЗША пункт аб іх спыненьні?

— Я буду размаўляць з Лукашэнкам пра гэта, але наша пазыцыя — выцягнуць тых, каго пасадзілі ў раёне 2020-га, пасьля выбараў. Гэта наша місія. Калі яны арыштоўваюць новых людзей, то мы дабяромся да гэтага пазьней, пасьля таго як вызвалім першую партыю. А гэта ад 900 да 1000 чалавек, усе тыя людзі, якія там. Мая місія — выцягнуць іх. Пасьля мы пагаворым пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

«Люстэрка» таксама спыталася, ці павінна Беларусь заставацца на арбіце Расіі ці краіна мае права выбраць іншы, заходні шлях?

— У самым пачатку [дыялёгу] зь Беларусьсю мы вызначылі, што Злучаныя Штаты і я ня будзем умешвацца ў яе адносіны з Пуціным або Расеяй. На гэты момант, як я ўжо казаў, наша праца — выцягнуць палітвязьняў. Што будзе пасьля гэтага? Пажывем — пабачым. Але мы ня ўмешваемся ў адносіны, якія ў Лукашэнкі з Пуціным ёсьць ужо амаль 30 гадоў. Гэта ня тое, чым я займаюся. Гэта не мая місія.

13 сьнежня 2025 году пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Большасьць зь іх вывезьлі ва Ўкраіну.

Камэнтуючы ў той дзень гэтае вызваленьне для агенцтва Reuters, Джон Коўл «аддаў належнае» Аляксандру Лукашэнку.

«Я думаю, што ён рухаецца наперад, ён хоча больш нармалізаваных адносінаў са Злучанымі Штатамі і Захадам. Таму мы рухаемся ў гэтым кірунку. І, ідучы гэтым шляхам, я думаю, што ён адкрыты і да большай нармалізацыі адносінаў зь іншымі краінамі».

Джон Коўл тады пацьвердзіў зьняцьце амэрыканскіх санкцый адносна беларускіх калійных угнаеньняў. Камэнтуючы магчымыя наступныя вызваленьні, Коўл выказаў пажаданьне, «каб гэта была адна вялікая група, але гэта трэба яшчэ ўзгадніць».

«Гэта лягістычная праблема — вывезьці каля тысячы чалавек і даставіць іх туды, куды трэба. Я думаю, што гэта больш чым магчыма, я лічу, што гэта верагодна, але спатрэбіцца яшчэ крыху часу — магчыма, празь некалькі месяцаў гэта адбудзецца».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG