У тэксьце ўказу, апублікаванага на сайце Белага дому, гаворыцца, што ўдзел у іх дзейнасьці супярэчыць інтарэсам Злучаных Штатаў. Дональд Трамп ухваліў гэтае рашэньне пасьля кансультацыяў зь дзяржаўным сакратаром і кабінэтам у адпаведнасьці з указам, падпісаным летась у лютым.
Арганізацыі, зь якіх выходзяць ЗША, займаюцца, у тым ліку, пытаньнямі падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека, барацьбы зь зьменамі клімату, барацьбы з так званымі гібрыднымі пагрозамі. Некаторыя зь іх не вядуць актыўнай дзейнасьці і існуюць фактычна толькі на паперы, іншыя лічацца ключавымі ў сваіх галінах.
У прыватнасьці, плянуецца спыніць удзел ЗША ў Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы, якая праводзіць экспэртызу заканадаўства ў аспэктах вяршэнства права, канстытуцыйнага правасудзьдзя, заканадаўства аб правах чалавека і гэтак далей. Высновамі камісіі, як правіла, кіруюцца краіны — кандыдаткі на ўступленьне ў Эўразьвяз, як Украіна і Малдова.
ЗША таксама адмаўляюцца ад удзелу ў рамачнай канвэнцыі ААН ў пытаньнях зьменах клімату, якая лічыцца ключавым міжнародным пагадненьнем у гэтай галіне. Злучаныя Штаты — першая краіна сьвету, якая заявіла аб намеры выйсьці з гэтай канвэнцыі.
Апроч таго, ЗША адмаўляюцца ад удзелу ў структурах ААН, мэтай якіх заяўлена барацьба з дыскрымінацыяй жанчын, а таксама з Фондам насельніцтва ААН, Фондам дэмакратыі, Альянсам цывілізацыяў і шэрагам іншых арганізацый ААН.
Адміністрацыя Трампа і яе прыхільнікі сьцьвярджаюць, што многія з арганізацыяў, якія дзейнічаюць пад эгідай ААН, прасоўваюць так званы глябалісцкі, левалібэральны парадак дня, які супярэчыць палітычным пазыцыям цяперашняй адміністрацыі і нацыянальным інтарэсам ЗША.
Раней Трамп ужо спыніў або скараціў фінансаваньне многіх структураў ААН і раскрытыкаваў саму арганізацыю. У ААН пакуль не камэнтавалі ўказ прэзыдэнта ЗША.
Форум