Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу зрабіць Пазьняка пэрсонай нон-грата», — літоўскі актывіст


Жыльвінас Сьвітоюс
Жыльвінас Сьвітоюс

Літоўскага блогера, актывіста і валянтэра ва Ўкраіне Жыльвінаса Сьвітоюса часам называюць «паляўнічым на літвінаў». Ён адзін з самых заўважных у Літве аўтараў, якія пішуць пра небясьпеку ідэалёгіі «літвінізму» і варожыя заявы беларусаў пра Літву.

Менавіта Жыльвінас нядаўна зладзіў абход беларускіх бараў і рэстаранаў у Вільні і напісаў пазьней у сацсетках сумную для сябе выснову. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён публікуе маніторынг варожай да Літвы рыторыкі. Неаднаразова пра свае высновы ён расказваў літоўскім СМІ.

У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, што на яго думку беларусы робяць ня так адносна Літвы, чаму ён дамагаецца абвяшчэньня Зянона Пазьняка пэрсонай нон-грата ў Літве, чаму лічыць, што Сьвятлана Ціханоўская дае кепскі прыклад беларусам у Літве і што неабходна зрабіць літоўцам і беларусам, каб зьменшыць градус узаемных прэтэнзій.

Тэкст скарочаны. Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube.

— Я падпісаны на вашу старонку і чытаю некалькі месяцаў. У вас вельмі часта публікуюцца беларусафобскія паведамленьні і камэнтары вашых падпісчыкаў. Чаму вы гэта не спыняеце?

— У сваёй рыторыцы я намагаюся пазьбягаць абагульненьняў «усе беларусы», «паўсюль беларусы». Я прытрымліваюся рыторыкі, што ёсьць літвіністы, недружалюбны да нашай краіны элемэнт, да майго народа і ёсьць іншыя беларусы. Большасьць недружалюбных нам беларусаў не знаходзяцца ў Літве. Яны ў іншых краінах, напрыклад у Польшчы вельмі шмат. У Літве толькі асобныя людзі. А цяпер пра тое, чаму людзі так рэагуюць. На працягу апошніх некалькіх стагодзьдзяў, наш народ выжыў толькі таму, што трымаўся зубамі за мову, за нашу літоўскасьць, за нашу сутнасьць. Усе думаюць, што мы маленькія і выжылі выпадкова. Не. Мы выжылі толькі таму, што трымаліся за сваю сутнасьць. Людзі насілі кнігі з Прусіі, па балотах, бо яны хацелі пакінуць гэта сабе, вучыць сваіх дзяцей літоўскай мове. І людзі не разумеюць, чаму такое можа адбывацца, чаму нехта можа казаць «Вільня — наша». Многія людзі толькі цяпер пачалі зьвяртаць на гэта ўвагу. Хаця ёсьць шмат актывістаў, якія манітораць літвіністаў ужо шмат гадоў. Але паколькі толькі цяпер у Літву прыехала так шмат беларусаў, гэтая тэма пачала набываць такі абарот.

— Вы самі кажаце, што ў Літве ня шмат такіх недружалюбных да Літвы беларусаў. Я бачу па сацыяльных сетках, па знаёмых, што ў Літве ёсьць шмат беларусаў, якія вельмі прыхільна ставяцца да Літвы, вучаць літоўскую мову, паважаюць культуру і адчуваюць сябе там даволі камфортна. І яны, на іх жа думку, ёсьць саюзьнікамі Літвы. Але ў вашых тэкстах пра такіх людзей няма ані слова. Вашыя камэнтатары нібыта іх не заўважаюць. Чаму?

— Няма ані дыялёга, ані сур’ёзных спробаў абодвум бакам рабіць супольныя мерапрыемствы, дзе людзі маглі б сустракацца, знаёміцца. Усё ідзе ў яшчэ большую зачыненасьць. У Вільні ёсьць частка літоўцаў, якія разумеюць расейскую мову, але ўсё больш людзей увогуле ня хочуць камунікаваць на гэтай мове. Я зараз хацеў бы размаўляць з вамі па-беларуску, бо калі я пачаў езьдзіць ва Ўкраіну, я навучыўся някепска ўкраінскай мове. Але ў Літве літоўцы ня будуць вучыць беларускую мову толькі таму, што туды прыехалі беларусы. Нашая краіна не славянскамоўная, для нас расейская мова — гэта не другая мова. Для нас гэта — мова акупантаў, замежныя мова, якую нам прынесьлі са зброяй. І ўсе спробы гэта перайначыць будуць успрынятыя варожа.

— Вы думаеце, што беларусы хочуць прымусіць літоўцаў гаварыць зь імі выключна на расейскай?

— Не. Але яны робяць мала намаганьняў. Калі нават сама прэзыдэнта (Ціханоўская — РС), якая жыве ў Літве ўжо чатыры гады, ня ўмее размаўляць па-літоўску, ня вучыць мову, то гэта добры прыклад усім, што так можна рабіць. Трэба разумеюць, што гэта заўсёды была цана выжываньня нашага народа. Для нас гэта вельмі важна. Нават калі чалавек скажа, прабачце, я толькі трошкі размаўляю па-літоўску, ці можна на іншай мове, то літоўцы пачнуць яго абдымаць і казаць, што ён выдатны чалавек. Бо ён прынамсі стараецца. Але я сапраўды бачу вельмі шмат адмаўленьня гэтага. Ёсьць шмат людзей, якія кажуць, а навошта нам вучыць мову, мы тут на некаторы час. На які некаторы час? Ужо мінула некалькі год. І пасьля гэтага адмаўленьня вывучаць літоўскую мову і інтэгравацца, усе спробы нешта прасіць у літоўскага грамадзтва, зьяўляюцца недружалюбнымі.

— Толькі па вашай старонцы можна зрабіць выснову, што беларусаў, якія хочуць вучыць літоўскую мову, проста не існуе. Але калі ў Літве да 70 тысяч беларусаў, то іх дзеці ходзяць таксама і ў літоўскія школы. Наўрад ці ў Літве столькі расейскамоўных школаў, а беларуская ўвогуле адна. Многія людзі стараюцца, і вывешваюць разам зь бел-чырвона-белымі сьцягамі літоўскія, але ў адказ ад нейкай часткі літоўцаў чуюць абразы. У вас у камэнтарах беларусаў называлі біямасай.

— Ёсьць, вядома ж людзі, якія будуць такое пісаць. Але калі вы паглядзіце, то ўсе гэтыя камэнтары пішуць адныя і тыя ж людзі. Я не лічу, што беларусы ў Літве зьяўляюцца ворагамі. Але ёсьць важны момант. Мы, актывісты, ня бачым рэальных спробаў з боку беларускага грамадзтва размаўляць адкрыта на тэму літвінізма. Калі гэта маргінальная зьява, то вы, беларусы, размаўляйце зь імі, размаўляйце за нас. Пакажыце, што вы да нас ляяльныя, што вы ляяльныя эўрапейскім каштоўнасьцям. А нехта дагэтуль хоча забраць у нашай краіны назву, кажа «Вільня — наша». Мы павінны ўбачыць, што беларусы не зьяўляюцца прыхільнікамі гэтай ідэалёгіі, што яны таксама будуць за нас. А ў нас цяпер няма руху ў аніводным з напрамкаў і таму атмасфэра абвастраецца.

Просты прыклад. Ваша прэзыдэнтка Ціханоўская дае Белсату прэмію дэмакратычных сілаў. Празь месяц там сядзіць непаважаны Пазьняк з журналістам Белсату, які таксама зьяўляецца прыхільнікам «летувіскасьці» і яны размаўляюць пра тое, як Жмудзь стала Летувою, а ВКЛ стала Беларусьсю і што назвы, маўляў, трэба ўжо ўзгадніць. Як нам на гэта глядзець? У Літве няма аніводнага палітыка, які б казаў, што Ашмяны — гэта літоўскія землі. Яны нават ня могуць дазволіць абмяркоўваць такі наратыў як нейкі факт у мінулым. А тут дазволена чалавеку, які пастаянна кажа антылітоўскія рэчы, яму дазволена сядзець на Белсаце і расказваць літоўцам, і беларусам у Літве, вось такія рэчы. Гэта ўжо абраза на палітычным узроўні.

— На тым жа Белсаце ёсьць і літоўскія госьці, якія выказваюцца і пра адносіны, і пра сытуацыю ў Літве. Таксама там ёсьць людзі, якія не кажуць, што Літва — гэта Жмудзь. Я згодны, што галасы, якія вас абражаюць, сапраўды гучаць. Але ў агульнай карціне — гэта абсалютны маргіналізм. Калі б я зараз выцягваў з вашай старонкі камэнтатараў, якія называюць беларусаў біямасай, што гэтыя расейцы, нашчадкі НКВД, бо маўляў усе беларусы супрацоўнічалі з НКВД, ці не было б гэта тое самае? Ці бачыце Вы сярод беларусаў тых, хто быў партнэрамі літоўцаў?

— Я думаю, што ёсьць шмат людзей, якія маглі б быць такімі партнэрамі. Я тут ня бачу праблем. Але трэба праясьніць. Калі я пішу нешта ў Фэйсбуку, то хто я такі? Я проста актывіст і блогер. Камэнтатары на маёй старонцы таксама не зьяўляюцца нікім у міжнароднай палітыцы. Мы кажам пра тое, што вашыя палітыкі могуць на вашай тэлівізіі сабе дазволіць называць нас краінай, назвы якой у беларускай мове няма. Яны прыдумалі гэта, каб нас адрозьніць.

— Тут я мушу дадаць, што тэзіс «сучасная Літва — Жмудзь» ёсьць проста антынавуковы. Жмудзь — гэта проста невялікі рэгіён у складзе Літвы.

— Я кажу нават не пра гэта. Нас называюць тэрмінам «Летува» і «летувісы». Гэта і ёсьць адна з прыкметаў, як распазнаць нармальнага і ненармальнага чалавека. Усе, хто называе нас летувісамі і Летувой — гэта проста антылітоўскі элемэнт, які хоча даказаць, што мы нібыта скралі назву ў Беларусі, у ВКЛ, бо літвіны ці літоўцы — гэта яны. А мы, нібыта, гэта нашчадкі жмудзінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG