Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы: беларускія спэцслужбы сочаць за літоўскімі дыпляматамі ў Менску для вэрбаваньня


Літоўскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота
Літоўскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

У Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі Літвы вызначылі патэнцыйныя пагрозы для сваёй краіны з боку Беларусі, Расеі і Кітаю.

Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў пры Міністэрстве нацыянальнай абароны і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы прэзэнтавалі чарговы даклад аб ацэнках пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Літвы.

«За вонкава спакойным фасадам Беларусі хаваецца пастаянная палітыка рэпрэсіяў супраць насельніцтва. На трэці год вайны Расеі супраць Украіны рэжым Беларусі захоўвае кантроль над краінай і стабільную эканоміку. Аляксандру Лукашэнку ўдаецца кантраляваць і памяншаць узьдзеяньне міжнародных санкцыяў на Беларусь у асноўным дзякуючы фінансава-эканамічнай падтрымцы з боку Крамля», — гаворыцца ў дакладзе.

Пра беларускую дыяспару ў Літве

У дакладзе адзначаецца, што беларуская выведка актывізавала сваю дзейнасьць супраць Літвы праз знаходжаньне на літоўскай тэрыторыі апазыцыйных арганізацыяў, а таксама вялікую беларускую супольнасьць, якая хутка расьце.

Паводле літоўскіх спэцслужбаў, колькасьць грамадзян Беларусі, якія прыяжджаюць у Літву, павялічваецца прыкладна на 15,5 тысячы ў год.

«Рост беларускай дыяспары ў Літве дае беларускім спэцслужбам магчымасьць знаходзіць сярод іхных грамадзян прыдатныя аб’екты для вэрбаваньня», — адзначаецца ў дакладзе.

Даклад спэцслужбаў Літвы аб ацэнках пагрозаў для бясьпекі краіны. Сакавік 2024
Даклад спэцслужбаў Літвы аб ацэнках пагрозаў для бясьпекі краіны. Сакавік 2024

Сярод патэнцыйных катэгорыяў для вэрбаваньня літоўская спэцслужба назвала грамадзян Беларусі, якія раней працавалі ў дзяржаўных органах і на стратэгічных аб’ектах або служылі ва Ўзброеных сілах і маглі не спыніць сваіх сувязяў з спэцслужбамі Беларусі.

«Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, калі беларускія выведнікі наладжваюць кантакты з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Літве, імкнуцца іх абнаўляць і вэрбаваць дыстанцыйна пры дапамозе сучасных сродкаў сувязі. Беларускія спэцслужбы маюць на мэце выкарыстоўваць прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Літве для збору выведнай інфармацыі пра Літву і яе інстытуты, беларускую дэмакратычную апазыцыю і самую беларускую дыяспару», — мяркуюць у Дэпартамэнце дзяржаўнай бясьпекі Літвы.

Пра «літвінізм»

Рост беларускай дыяспары ў Літве, акрамя пагрозаў контравыведкі, нясе і іншыя рызыкі, пішуць у дакумэнце. Сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары аўтары выявілі такіх, хто прапагандуе радыкальныя палітычныя ідэалёгіі, у прыватнасьці так званы «літвінізм».

«У літоўскай інфармацыйнай прасторы знаходзяць рэзананс публічныя заявы прыхільнікаў літвінізму — радыкальнай галіны беларускага шавінізму. Гэтыя асобы адмаўляюць балцкае паходжаньне князёў, якія кіравалі Вялікім Княствам Літоўскім, і ставяць пад сумнеў прыналежнасьць Віленшчыны да Літоўскай Рэспублікі.

Частка прыхільнікаў літвінізму, якія жывуць у Літве, актыўна распаўсюджваюць свае ідэалягічныя погляды ў сацыяльных сетках. Шырэйшае распаўсюджаньне гэтых настрояў у беларускай дыяспары Літвы пашкодзіла б іх інтэграцыі ў грамадзтва краіны і спрыяла б росту міжнацыянальнай напружанасьці. Беларускі рэжым выкарыстоўвае літвінізм, з дапамогай інфармацыйных нападаў спрыяе антаганізму паміж беларусамі, якія прыехалі ў Літву, і жыхарамі Літвы».

Пра грамадзян Літвы

У дакладзе паведамляецца, што цягам 2023 году беларуская выведка інтэнсіўна выкарыстоўвала допыты на мяжы грамадзян Літвы, якія накіроўваліся ў Беларусь.

У часе допытаў беларускія спэцслужбы з мэтай вэрбаваньня вызначалі колішніх і цяперашніх дзяржаўных і муніцыпальных службоўцаў, службовых асобаў, супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, вайскоўцаў, бізнэсоўцаў, супрацоўнікаў стратэгічных кампаніяў і журналістаў.

«Калі такія асобы не пагаджаюцца супрацоўнічаць зь беларускай выведкай, супраць іх могуць выкарыстоўваць псыхалягічны ціск і шантаж з выкарыстаньнем або інсцэнізацыяй дарожна-транспартных здарэньняў, парушэньняў заканадаўства, візавага рэжыму ці парадку перасячэньня мяжы. Такім чынам беларускія спэцслужбы спрабуюць запалохаць перасьледам і прымусіць да супрацоўніцтва асобаў, якія прыехалі ў Беларусь зь Літвы», — адзначаецца ў дакладзе.

Паведамляецца, што ў другой палове 2023 году ў Літве затрымалі некалькі літоўскіх грамадзян паводле падазрэньня ў супрацы зь беларускімі спэцслужбамі. Ім выставілі абвінавачаньні паводле часткі 2 артыкулу 119 Крымінальнага кодэксу Літвы аб шпіянажы.

«Ніхто з гэтых асобаў ня меў допуску да працы з сакрэтнай інфармацыяй, не працаваў з такой інфармацыяй і ня меў магчымасьці яе зьбіраць. Нягледзячы на тое, што сабраныя і перададзеныя гэтымі асобамі зьвесткі аб крытычнай інфраструктуры і вайсковых абʼектах краіны не былі засакрэчаныя, яны дапамагалі прадстаўнікам недэмакратычнага рэжыму Беларусі весьці дзейнасьць супраць Літоўскай дзяржавы. Вельмі імаверна, што інфармацыя, перададзеная грамадзянамі Літвы замежным спэцслужбам, неабходная як беларускім, так і расейскім узброеным сілам пры рыхтаваньні плянаў патэнцыйнай ваеннай агрэсіі супраць суседніх краін», — адзначаецца ў дакумэнце.

Пра літоўскіх дыпляматаў у Беларусі

Аўтары дакумэнты паведамілі аб зафіксаваных апошнім часам «надзвычай агрэсіўных дзеяньнях» беларускай выведкі ў дачыненьні да супрацоўнікаў літоўскай дыпляматычнай місіі ў Беларусі.

«Спэцслужбы сочаць за супрацоўнікамі літоўскай амбасады ў Беларусі і зьбіраюць зьвесткі аб іхных сувязях, звычках або інфармацыю, якая можа іх скампрамэтаваць. [...] Мэта такіх дзеяньняў беларускіх спэцслужбаў — завэрбаваць супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Літвы, прымусіць іх дзейнічаць насуперак інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы», — гаворыцца ў дакладзе.

Спэцыялісты ў сфэры нацыянальнай бясьпекі мяркуюць, што беларуская выведка ў найбліжэйшы час інтэнсыфікуе сваю дзейнасьць супраць Літвы пры дапамозе ўкараненьня ў беларускую дыяспару і спробаў вэрбаваць грамадзян Літвы, якія езьдзяць у Беларусь у прыватных ці турыстычных справах.

Аб ваенных пагрозах зь Беларусі

У дакумэнце адзначаецца, што ў 2023 годзе Беларусь атрымала з Расеі выключную колькасьць вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня. Беларусі перадалі ракетныя комплексы «Іскандэр», здольныя зьнішчаць цэлі на адлегласьці да 500 кілямэтраў і якія могуць выкарыстоўваць як звычайныя ракеты, так і ядзерныя боегалоўкі.

Літоўская выведка таксама зьвярнула ўвагу на тое, што сілы спэцыяльных апэрацыяў Беларусі атрымалі пэўную колькасьць бронеаўтамабіляў, новых зэнітна-ракетных комплексаў С-400 і ўдарныя гелікоптэры Мі-35М.

«Узмацненьне мабілізацыйнай і баявой гатоўнасьці беларускіх узброеных сілаў, а таксама значнае ўзмацненьне ўзбраеньнем з боку Расеі павялічваюць вайсковы патэнцыял Беларусі», — адзначаецца ў дакладзе.

Пры гэтым аўтары дакумэнту зьвярнулі ўвагу, што Расея дазваляе Менску дэманстраваць сувэрэнітэт у пытаньнях вайсковай бясьпекі, але праводзіць у Беларусі ўласную вайсковую палітыку.

«Падтрымліваючы расейскія ваенныя інтарэсы, Аляксандар Лукашэнка імкнецца стварыць вобраз чалавека, які на роўных з Крамлём ухваляе рашэньні. Аднак вельмі імаверна, што гэтая раўнапраўнасьць толькі ўяўная. Публічная камунікацыя Беларусі часта не супадае зь дзеяньнямі Расеі. Але Расея сама ўмацоўвае палітычную легітымнасьць Лукашэнкі, падтрымліваючы яго прэтэнзіі на сумеснае прыняцьце рашэньняў», — адзначаецца ў дакладзе.

У якасьці прыкладу аўтары дакладу назвалі паводзіны Лукашэнкі ў часе падрыхтоўкі Расеі да ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Аб міграцыйных пагрозах

У дакладзе згадалі, як Расея спрабавала арганізаваць на мяжы зь Фінляндыяй мігранцкі крызіс. Улічваючы і ранейшыя аналягічныя спробы на межах краін Эўразьвязу, спэцслужбы Літвы не выключаюць, што рэжым Беларусі застаецца зацікаўленым працягваць ціск на Латвію, Літву і Польшчу пры дапамозе нелегальнай міграцыі ў палітычных мэтах.

«Вельмі імаверна, што ў бліжэйшы час сытуацыя ня зьменіцца, бо чыньнікі, якія стымулююць нелегальныя міграцыйныя патокі ў Эўропу, застаюцца ранейшымі: ваенныя канфлікты і нестабільнасьць, складаная эканамічная, сацыяльная і дэмаграфічная сытуацыя ў многіх краінах Афрыкі і Сярэдняга Ўсходу, а таксама часьцейшыя прыродныя катаклізмы, выкліканыя зьменамі клімату», — адзначаецца ў дакладзе.

Аб пагрозах з Расеі

У ацэнцы пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Літвы адзначаецца, што Расея вылучае велізарныя рэсурсы на вайну ва Ўкраіне і не дэманструе жаданьня дээскаляцыі канфлікту. Але, нягледзячы на тое, што Расея ня можа дасягнуць пастаўленых апэратыўных задачаў, яна адначасова рыхтуецца да доўгатэрміновай канфрантацыі з NATO, у тым ліку ў рэгіёне Балтыйскага мора.

«Цягам 2023 году пагрозы для бясьпекі Літвы ня зьменшыліся. Прыярытэтам Расеі зараз ёсьць вайна супраць Украіны, але калі канфлікт зь нейкіх прычынаў замарозіцца або спыніцца, Масква сканцэнтруецца на разьвіцьці свайго вайсковага патэнцыялу ў заходнім кірунку, дзе знаходзіцца Літва. Таму мы не прагназуем паляпшэньня сытуацыі ў бліжэйшыя гады», — сказаў дырэктар Другога дэпартамэнту апэратыўных службаў Элегіюс Паўлавічус.

У дакладзе гаворыцца, што Расея валодае дастатковымі фінансавымі, людзкімі, матэрыяльна-тэхнічнымі рэсурсамі для працягу баявых дзеяньняў такой жа інтэнсіўнасьці, прынамсі ў бліжэйшай пэрспэктыве.

«Вайсковая прамысловасьць становіцца рухальнай сілай расейскай эканомікі за кошт іншых сфэраў эканомікі. Расея таксама паступова нарошчвае вайсковыя магчымасьці, неабходныя для доўгатэрміновага супрацьстаяньня NATO на заходнім кірунку. Расея таксама пачала маштабнае рэфармаваньне Ўзброеных сілаў, але для яго поўнага ажыцьцяўленьня можа спатрэбіцца да дзесяці гадоў», — адзначаецца ў справаздачы.

Дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Дарус Яўнішкіс падкрэсьліў, што галоўным чыньнікам, які вызначае нацыянальную бясьпеку Літвы, застаецца вайна Расеі супраць Украіны.

«Разам з тым, у апошнія гады павялічваюцца глябальныя пагрозы, напружанасьць і небясьпекі, якія адмоўна ўплываюць на сытуацыю бясьпекі. Спэцслужбы Расеі і Беларусі актыўна працуюць супраць Літвы, каб супрацьстаяць нам, уводзіць у зман, шпіёніць, ствараць хаос і ўскладняць працу інстытутаў. Мы назіраем актывізацыю выведнай дзейнасьці супраць Літвы з боку Кітаю, які мае доўгатэрміновыя глябальныя мэты. Мы жывем у гістарычна складаныя часы, і выведка павінна паведамляць кепскія навіны часьцей, чым добрыя. Але найважнейшай нашай задачай было і будзе папярэджваць аб пагрозах, своечасова падаць трывогу і даць адэкватную ацэнку сытуацыі», — падкрэсьліў Дарус Яўнішкіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG