Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дайце тэлефон і пакажыце сацсеткі»: літовец расказаў СМІ, як яго дапытвалі і правяралі на беларускай мяжы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На беларуска-літоўскім памежным пераходзе
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На беларуска-літоўскім памежным пераходзе

На беларускай мяжы ўсё часцей дапытваюць літоўцаў, піша LRT. Літовец Саўлюс (імя зьмененае) расказаў выданьню, як гэта адбываецца.

Саўлюс апошнія гады часта езьдзіць у Беларусь, бо яго дзяўчына родам адтуль, і яны часта наведвалі яе сям’ю ў Беларусі. Дасюль ніводны зь ягоных візытаў не займаў шмат часу, але гэтым разам яму давялося чакаць некалькі гадзін і прайсьці вельмі непрыемны допыт, мэты якога ён дасюль ня ведае. На думку Саўлюса, дапытваць яго маглі не памежнікі, а супрацоўнікі беларускага КДБ.

Пасьля праверкі пашпарту на мяжы дакумэнт Саўлюсу не вярнулі, сказалі чакаць. Праз 20 хвілін увайшоў малады афіцэр у форме. Ён не назваўся, але сказаў Саўлюсу: «Нам трэба пагаварыць» і адвёў літоўца ў асобны пакой, дзе не было іншых людзей.

Афіцэр спытаў Саўлюса, ці мае ён тэлефон, а калі той адказаў станоўча, яму сказалі «давай тэлефон» і патлумачылі гэта тым, што з студзеня дзейнічаюць стражэйшыя праверкі.

Саўлюс разблякаваў тэлефон і перадаў яго супрацоўніку ў форме. Той стаў распытваць, якімі сацыяльнымі сеткамі карыстаецца літовец.

«Я кажу, што ў асноўным Facebook, але маю і іншыя. Я ўбачыў, што Facebook, вядома, ужо адкрылі на тэлефоне. Мы сядзелі адзін насупраць аднаго, я ня бачыў, што ён робіць у маім тэлефоне. Ён правяраў мой акаўнт Facebook і адначасова задаваў пытаньні», — распавядае Саўлюс.

Мужчына кажа, што хоць размаўляць зь беларускім афіцэрам яму было непрыемна, але тон гутаркі быў ветлівым. Афіцэр задаў некалькі простых пытаньняў: як яго завуць, чаму ён едзе ў Беларусь і як доўга тут прабудзе. Таксама афіцэр дадаў: «Спадзяюся, у вашым тэлефоне ня будзе нічога антыбеларускага».

«Потым сталі пытацца, дзе жывяце, дзе працуеце. Я расказаў пра сваю спэцыяльнасьць, але, відаць, яму гэта было нецікава, бо я просты працоўны. Потым ён спытаў мяне пра меркаваньні маіх калег па працы, пра людзей... Увогуле пра тое, што адбываецца апошнім часам. Ён не сказаў, што менавіта, але, думаю, зразумела, што ён пытаўся пра настроі наконт Украіны», — узгадвае ён.

Пазьней афіцэр спытаўся, у якім горадзе жыве Саўлюс, што людзі ў Літве гавораць пра палітыку. «Я павінен быў адказаць тое, што яны хацелі пачуць. Я адказаў, што мне гэта нецікава, я нічога ня ведаю і гэтак далей», — кажа літовец.

Паводле яго, уся размова доўжылася да 15 хвілін. Саўлюс кажа, што імкнуўся не паказваць страху, бо гэта прывяло б толькі да новых пытаньняў. Ён лічыць, што афіцэр працаваў на КДБ. Пасьля гэтага выпадку, які адбыўся летам, ён больш ня езьдзіць у Беларусь.

«Яны пыталіся, куды мы едзем, на які адрас. Я сказаў, і ён мне намякнуў, маўляў, мы можам заехаць, паглядзець, ці сапраўды вы туды езьдзілі», — кажа Саўлюс.

LRT.lt знайшоў у сацыяльных сетках іншыя падобныя сьведчаньні: літоўцы расказвалі, што сутыкаліся з працяглымі праверкамі на мяжы. Аднак шмат якія літоўцы адзначаюць, што ні з чым падобным не сутыкаліся і што іхныя паездкі адбываюцца без праблем.

«Існуюць такія мэтады надгляду, як прывядзеньне людзей у пэўныя памяшканьні, пытаньні ад супрацоўнікаў бяз формы, — ёсьць інфармацыя, што такія рэчы адбываюцца», — сказаў LRT.lt Гедрус Мішуціс, прэс-сакратар Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Паводле яго, інтэнсіўнасьць праверак розная, ёсьць пэрыяды, калі яны стражэйшыя, задаюць незвычайныя пытаньні пра палітыку, правяраюць тэлефоны. З словаў Гедруса Мішуціса, жорсткасьць праверак непрадказальная, але можна меркаваць, што яна залежыць ад унутранай палітыкі Беларусі.

Мішуціс дадаў, што закрыцьцё ў жніўні двух пунктаў пропуску прывяло да значнага скарачэньня колькасьці падарожнікаў у Беларусь. Праз тыдзень колькасьць літоўскіх грамадзян, якія выяжджаюць у Беларусь, скарацілася на 37%, а да пачатку восені ўпала ўжо на 54% у параўнаньні з сытуацыяй да закрыцьця пунктаў пропуску.

На думку Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы, кожны выпадак праверкі на мяжы — гэта новая магчымасьць для беларускай выведкі падабраць кандыдата для вэрбаваньня з дапамогай шантажу і псыхалягічнага ціску. Такі падбор немагчымы бяз збору пэрсанальнай інфармацыі, неабходнай для складаньня агульнай карціны сацыяльнага становішча, сувязяў і палітычных поглядаў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG