Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заявілі аб сыстэматычнасьці абстрэлаў Расеяй мэдустаноў Украіны і кваліфікавалі іх як ваенныя злачынствы


Вынікі расейскага абстрэлу па лякарні ў горадзе Дніпро, 26 траўня 2023
Вынікі расейскага абстрэлу па лякарні ў горадзе Дніпро, 26 траўня 2023

Расея атакуе сыстэму аховы здароўя Ўкраіны і такім чынам спрабуе ўзмацніць свой кантроль над насельніцтвам на часова акупаваных тэрыторыях. Такую выснову зрабілі ў справаздачы арганізацыі «Лекары за правы чалавека».

Расея з 24 лютага 2022 году ажыцьцявіла больш за 1100 атак на ўкраінскія мэдычныя ўстановы.

Сыстэматычныя атакі на лякарні і мэдыкаў сталі мэтодыкай Расеі ў вядзеньні вайны і адным з больш як сотні тысяч зафіксаваных выпадкаў ваенных злачынстваў, якія расьсьледуюць ва Ўкраіне.

Інтэнсіўныя атакі на мэдычную сыстэму як спосаб кантролю над насельніцтвам

Расея атакуе сыстэму аховы здароўя Ўкраіны і такім чынам спрабуе ўзмацніць свой кантроль над насельніцтвам на часова акупаваных тэрыторыях. Такую выснову зрабілі ў справаздачы арганізацыі «Лекары за правы чалавека».

«Мы бачым, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году больш за 1100 атак зарэгістравалі на ўкраінскія ўстановы аховы здароўя. І гэта сапраўды надзвычай непакоіць. Мы бачым, што лекары і іншыя мэдычныя супрацоўнікі працуюць у сапраўды складаных умовах», — сказала Керы Баўкер, дырэктарка праграмы eyeWitness to Atrocities.

Вынікі ракетнага ўдару Расеі па тэрыторыі лякарні ў горадзе Вільнянску Запароскай вобласьці ў ноч на 23 лістапада 2022
Вынікі ракетнага ўдару Расеі па тэрыторыі лякарні ў горадзе Вільнянску Запароскай вобласьці ў ноч на 23 лістапада 2022

Як паведаміў «Голас Амэрыкі», у справаздачы, якую разам зь «Лекарамі за правы чалавека» падрыхтавалі арганізацыі eyeWitness to Atrocities, Insecurity Insight і Мэдыйная ініцыятыва за правы чалавека, вывучаюцца дзеяньні Расеі на акупаванай тэрыторыі. Дакумэнт базуецца на сьведчаньнях аб затрыманьнях акупацыйнай уладай мэдработнікаў, аб выкарыстаньні лякарняў для немэдычных цэляў і абмежаваньня доступу насельніцтва да асноўных мэдычных патрэб.

«Расея сыстэматычна атакуе сыстэму аховы здароўя, выкарыстоўваючы гэта як сродак зьніжэньня супраціву на акупаваных тэрыторыях Украіны і як сродак узмацненьня кантролю над насельніцтвам. У тым ліку гэта ўключае выкарыстаньне лякарняў расейскімі вайскоўцамі для немэдычных патрэб, патрабаваньне прымусовай зьмены грамадзянства, вядомае як пашпартызацыя, і пагрозы перасьледу мэдычных работнікаў», — адзначаецца ў справаздачы праваабаронцаў.

Стратэгія вядзеньня вайны

Прыцэльныя атакі на мэдычныя ўстановы і мэдыкаў сталі адным з элемэнтаў расейскай стратэгіі вядзеньня вайны, лічыць суаўтарка дакумэнту Любоў Смачыла з Мэдыйнай ініцыятывы за правы чалавека.

«Мы заўважылі, што гэтыя атакі на ахову здароўя зьяўляюцца прыцэльнымі. То бок расейскія вайскоўцы ведаюць, што яны атакуюць менавіта мэдычныя ўстановы, што яны атакуюць машыны хуткай дапамогі ў гэтых лякарнях, якія абстрэльваюць», — падкрэсьліла Любоў Смачыла.

Расейскія акупацыйныя сілы выкарыстоўваюць патрэбы насельніцтва ў мэдычных паслугах, каб прымусіць людзей атрымліваць расейскія пашпарты. У некаторых выпадках, апісаных у справаздачы, акупацыйная ўлада адкрывала адміністрацыйныя цэнтры для выдачы пашпартоў Расеі проста ў памяшканьнях мэдычных устаноў, а мэдычнаму пэрсаналу забараняюць дапамагаць тым, у каго няма расейскага пашпарта або заявы на яго атрыманьне.

«Мы выкарыстоўваем тэрмін „пашпартызацыя“, каб апісаць тое, што мы назіраем на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, тое, што патрабуюць мець расейскае грамадзянства і расейскае страхаваньне, каб атрымаць доступ да мэдычнага абслугоўваньня», — падкрэсьліла Крыстына Віле, дырэктарка Insecurity Insight.

Украінскія выратавальнікі і валянтэры эвакуююць цяжраную жанчыну, якая пацярпела ў выніку авіяцыйнага абстрэлу Расеяй лякарні ў Марыюпалі 9 сакавіка 2022 году
Украінскія выратавальнікі і валянтэры эвакуююць цяжраную жанчыну, якая пацярпела ў выніку авіяцыйнага абстрэлу Расеяй лякарні ў Марыюпалі 9 сакавіка 2022 году

У Insecurity Insight адзначылі, што мэтады, якія выкарыстоўвае Расея супраць украінскай мэдычнай сыстэмы, не ўнікальныя, яны гэта бачылі ў іншых войнах.

«Мы бачылі масавае выкарыстаньне выбуховай зброі супраць цывільнай інфраструктуры ва Ўкраіне, часам беспрэцэдэнтных маштабаў. Але ў гэтым няма нічога новага — мы гэта назіралі ў Сырыі, Емэне, Хартумі ў Судане. Таксама ў іншых канфліктах на акупаваных тэрыторыях мы бачылі і абмежаваньне доступу да мэдыцыны ў залежнасьці ад выкарыстаньня пашпарта», — дадала Крыстына Віле.

Ваенныя злачынствы супраць мэдычных устаноў і пакараньне за іх

Аўтары справаздачы падкрэсьлілі, што незаконнае выкарыстаньне мэдычных устаноў акупацыйнымі ўладамі ў немэдычных мэтах, а таксама жорсткае абыходжаньне з мэдычнымі супрацоўнікамі на акупаванай тэрыторыі могуць кваліфікавацца як выпадкі ваенных злачынстваў, а практыка абмежаваньня доступу да мэдычнай дапамогі як спосаб прымусу да зьмены грамадзянства патэнцыйна можна разглядаць як злачынства супраць чалавечнасьці.

Лякарня ў горадзе Берыслаў Херсонскай вобласьці пасьля расейскага абстрэлу. 5 кастрычніка 2023
Лякарня ў горадзе Берыслаў Херсонскай вобласьці пасьля расейскага абстрэлу. 5 кастрычніка 2023

Арганізацыі, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы справаздачы, заклікалі ўсе органы сьледзтва, у тым ліку офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, Незалежную міжнародную камісію ААН па расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне, а таксама ўкраінскіх пракурораў, прыярытэтна разглядаць выпадкі расейскіх атак на сыстэму аховы здароўя.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG