Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі хачу, каб гэты жах спыніўся»: Вызваленыя беларускія палітвязьні выказаліся пра вайну


Марыя Калесьнікава падчас прэсавай канфэрэнцыі
Марыя Калесьнікава падчас прэсавай канфэрэнцыі

Падчас прэс-канфэрэнцыі Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Аляксандар Фядута і Ўладзімір Лабковіч адказалі на пытаньне, што ім вядома пра вайну, якую Расея вядзе супраць Украіны.

Віктар Бабарыка адказваючы на пытаньне, адзначыў, што ў зьняволеньні яны атрымлівалі толькі абмежаваную інфармацыю і толькі з боку беларускіх дзяржаўных СМІ.

«Нешта камэнтаваць і даваць ацэнку, калі ты ведаеш пазыцыю толькі аднаго боку, бессэнсоўна. Усё, што зьдзяйсьняецца супраць чалавечнасьці, гэта бесчалавечна, гэта нельга падтрымліваць. Такія дзеяньні ня могуць падтрымлівацца і яны не залежаць ад таго, дзе чалавек нарадзіўся, яны залежаць ад маральных якасьцяў канкрэтнага чалавека. Нельга апраўдаць, што нешта можна рабіць, бо гэта справядлівасьць, не, так нельга рабіць», — сказаў Віктар Бабарыка.

Марыя Калесьнікава адзначыла, што за кратамі вязьням цяжка атрымаць нават мінімальную інфармацыю.

«Я вельмі хачу, каб гэта спынілася, і я ведаю, што мільёны людзей па ўсім сьвеце хочуць, каб гэта спынілася. Каб спыніліся забойствы людзей. Апраўданьняў тут ня можа быць ніякіх. Я спачуваю і глыбока падзяляю страты Ўкраіны, Расеі і ўсіх, хто пакутуе тут», — сказала Калесьнікава.

Аляксандар Фядута заўважыў, што любы маральны выбар патрабуе далучэньня да яго, а ён чакае апэрацыі і падарваў сваё здароўе ў калёніі, з прычыны чаго далучыцца ня можа, таму любыя словы з далучэньнем да канкрэтнай пазыцыі ў яго вуснах зараз былі б крывадушнасьцю.

Праваабаронца Ўладзімір Лабковіч дадаў, што ўсе вайсковыя злачынствы мусяць быць расьсьледаваныя, а вінаватыя пакараныя.

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцпасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. 114 вызваленых вывезьлі ва Ўкраіну. 9 вызваленых — у Літву.

У калёніях, турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG