Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак Гараўскаму ў справе зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі апублікуюць на наступным тыдні


Юры Гараўскі прыехаў на разляд сваёй справы ў судзе. 19 верасьня 2023
Юры Гараўскі прыехаў на разляд сваёй справы ў судзе. 19 верасьня 2023

Пракурор просіць суд пакараць Гараўскага трыма гадамі зняволеньня, два зь якіх — умоўна.

Судовае пасяджэньне ў справе Гараўскага скончылася. Судзьдзя паведаміў, што вэрдыкт стане вядомы на наступным тыдні ў пісьмовай форме — асобнага пасяджэньня дзеля агучваньня выраку ня будзе, паведамляе выданьне «Новы час».

У Швайцарыі 20 верасьня працягнуўся суд над над былым байцом САХРу Юрыем Гараўскім, які, папрасіўшы прытулак у Швайцарыі, прызнаўся ў датычнасьці да выкраданьня і забойства апазыцыйных палітыкаў канца 1990-х гадоў: былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Працэс асьвятляла выданьне «Новы час».

Пасьля заканьчэньня паседжаньня судзьдзя паведаміў, што вэрдыкт стане вядомы на наступным тыдні ў пісьмовай форме — асобнага пасяджэньня дзеля агучваньня прысуду ня будзе.

Матывацыйную частку з тлумачэньнямі таксама адразу не апублікуюць. Юрысты-экспэрты, да якіх «Новы час» зьвярнуўся па камэнтар, адзначылі, што гэта не зьяўляецца тыповай практыкай для швайцарскага правасудзьдзя.

19 верасьня на працэсе выступіў пракурор, які заявіў, што на судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасьці Гараўскага ў гвалтоўным выкраданьні апазыцыйных беларускіх палітыкаў і папрасіў суд пакараць яго трыма гадамі зняволеньня, два зь якіх — умоўна, піша «Вясна».

Пры гэтым, на думку пракурора, Гараўскі ня можа быць экстрадаваны ў Беларусь. Вядома, што Швайцарыя адмовіла яму ў прытулку.

Справу Гараўскага разглядае акруговы суд Роршаху ў паўночна-ўсходнім швайцарскім рэгіёне Бодэнскага возера. Праз высокую грамадзкую зацікаўленасьць працэс ідзе ў вялікіх залях суду кантону Санкт-Гален.

Праваабаронцы кажуць, што двухдзённы працэс пазначае сабой гістарычны момант, бо суд спрабуе высьветліць, ці дзейнічаў Гараўскі «ад імя або з ухваленьня дзяржавы або палітычнай арганізацыі».

Гэта першы выпадак, калі справы аб так званых «эскадронах сьмерці ў Беларусі» разглядае суд. Гараўскі ўцёк у Швайцарыю, а 19 верасьня яго прывезьлі ў суд пад узмоцненай аховай.

Падчас другога паседжаньня пракурор Пэтэр Ганґартнэр паўтарыў тое, што казаў напярэдадні: лічыць Гараўскага вінаватым і мяркуе, што ў таго няма падстаў хлусіць пра свой удзел у злачынствах беларускіх спэцслужбаў супраць апазыцыйных палітыкаў.

Адвакатка Гараўскага падчас разгляду справы судом дадала, што, на яе думку, Гараўскі ня можа быць высланы ў Беларусь, бо ягонае жыцьцё знаходзіцца ў небясьпецы. Абаронца сказала таксама, што Гараўскі працуе ў Швайцарыі, ён не крымінальнік, жадае жыць у Швайцарыі ў спакоі і ня мае кантакту зь яго былымі сябрамі са спэцслужбаў.

Абаронца Гараўскага сьцьвярджала, што Гараўскі «ўсяго толькі быў салдатам, які выконваў загад» і што яе падсудны ня ведаў пра забойствы, што плянуюцца, і ня меў намеру кагосьці забіваць.

У судовай залі прысутнічалі Алена Захаранка і Валерыя Красоўская, дочкі забітых апазыцыйных лідэраў. Абедзьве былі апранутыя ў чорнае. Яны сядзелі за сьпінай Гараўскага.

Алена Захаранка і Валерыя Красоўская ідуць на працэс
Алена Захаранка і Валерыя Красоўская ідуць на працэс

Падчас перапынку Алена Захаранка распавяла «Новаму Часу», што чакала гэтага працэсу 24 гады. І ёй вельмі цяжка знаходзіцца на судзе, але яна мусіць тут быць, гэта яе маральны абавязак перад татам, перад іншымі сем’ямі і перад усімі людзьмі, якія пакутуюць у Беларусі.

«Ведаю, што ён удзельнічаў у выкраданьнях і забойствах — гэта маё субʼектыўнае меркаваньне. Насупраць мяне сядзіць чалавек, які бачыў апошнія хвіліны майго таты. Гэта цяжка вытрымаць любому чалавеку, нават таму, хто не мае дачыненьня да гэтага працэсу. Так, цяжка, так, балюча, але я павінна прайсьці гэты шлях, грамадзтва павінна ведаць пра зьверствы, якія адбываюцца ў Беларусі, якая рэпрэсіўная машына існуе. Праз 24 гады мне прадставілася такая магчымасьць, і мы дойдзем да канца і зробім усё магчымае, каб паўплываць на тое, што цяпер адбываецца ў маёй краіне», — сказала Алена Захаранка.

Напрыканцы судовага паседжаньня Гараўскі выступіў з апошнім словам. Яго фрагмент публікуе «Медуза».

«Я глыбока шкадую аб сваёй ролі ў гібелі гэтых людзей, — ціха і хутка прачытаў з ліста Гараўскі. — Я быў маленькай шасьцярэнкай, якая выконвала каманды. З гадамі я ўсё ўсьвядоміў. Я лічу сваім маральным абавязкам, нягледзячы на рызыку для жыцьця, больш не маўчаць на публіцы. Я спадзяюся, што сваякі прымуць мае прабачэньні і, магчыма, іншыя людзі заявяць аб далейшых несправядлівасьцях у іншых краінах».

Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка падзяліўся з «Новым Часам» сваімі думкамі аб гучным працэсе над Гараўскім.

«Гэты працэс вельмі важны для Беларусі і беларусаў. Гэта ўвогуле адна з першых спробаў у сьвеце праводзіць крымінальнае разьбіральніцтва ў адносінах да людзей, якія ажыцьцявілі злачынствы не на тэрыторыі краіны, якая разглядае справу — шляхам унівэрсальнай юрысдыкцыі», — сказаў юрыст.

Паводле экспэрта, гэта першы выпадак, калі гутарка ідзе пра судовае слуханьне аб палітычных злачынствах, зьдзейсьненых на тэрыторыі Беларусі.

«Гэта таксама і сур’ёзны ўрок для ўсіх тых, хто займаецца гэтым працэсам. Вымагае вялікіх высілкаў падрыхтоўка па-сапраўднаму пераканаўчых доказаў, збор фактаў і іншай інфармацыі для таго, каб такая справа разглядалася ў судзе. Працэс Гараўскага мае без перабольшваньня гістарычнае значэньне», — падсумаваў Павал Сапелка.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG