На думку Матэвуша Маравецкага, кантроль над ПВК усё роўна захоўвае кіраўніцтва Расеі, і яно можа выкарыстоўваць яе для далейшых правакацый. Пра гэта ён сказаў на адмысловай прэс-канфэрэнцыі, якую слухаў reform.by.
«Кантроль над групай „Вагнэра“ ажыцьцяўляецца непасрэдна прэзыдэнтам Пуціным. Зараз хай кожны адкажа на пытаньне: ці становіць група „Вагнэра“, якая знаходзіцца сёньня ў Беларусі, большую ці меншую пагрозу.
Для мяне гэта рытарычнае пытаньне. Група „Вагнэра“, якая цяпер знаходзіцца пад куратарствам і наглядам Пуціна і ягоных людзей, яшчэ больш, чым раней, або ў той жа ступені, як раней, будзе выкарыстоўвацца як інструмэнт правакацый, шантажу, нападаў і рознага кшталту сытуацый у рамках парушэньня палітыкі бясьпекі і дэстабілізацыі дзяржаў, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю», — заявіў Маравецкі.
- ПВК «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не знаходзіцца ў прамым падпарадкаваньні Мінабароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць ці бралі ўдзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Яўгеній Прыгожын неаднаразова публічна крытыкаваў Міністэрства абароны Расеі і асабіста Сяргея Шайгу, у тым ліку за адмову выдаваць боепрыпасы.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў пра паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне». «Той, хто арганізаваў і рыхтаваў вайсковы мяцеж, хто падняў зброю на баявых таварышаў, — здрадзілі Расеі. І адкажуць за гэта», — сказаў ён.
- 23 жніўня расейскія ўлады паведамілі пра сьмерць кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.