Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што звыш 100 наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр» перакінулі ў раён Сувалкскага калідору. Пра гэта палітык сказаў падчас візыту ў Глівіцы.
Ён упэўнены ў тым, што за гэтай перадысьлякацыяй можа пасьледаваць чарговая гібрыдная атака на польскую тэрыторыю. Маравецкі ўспомніў, што рэжым Лукашэнкі ў Беларусі ўжо два гады правакуе Польшчу, выкарыстоўваючы мяжу і мігрантаў на ёй, прыводзіць ягоныя словы агенцыя PAP.
«Цяпер сытуацыя яшчэ больш пагрозьлівая. Маем інфармацыю, што звыш 100 тысяч наймітаў „Вагнэру“ перасунулася ў бок Сувалкскага калідору, непадалёк Горадні ў Беларусі».
Маравецкі лічыць, што, імаверна, «вагнэраўцы» пераапрануцца ў форму беларускіх памежнікаў і будуць дапамагаць мігрантам нелегальна трапляць на тэрыторыю Эўразьвязу.
Ён таксама дапускае, што самі «вагнэраўцы» могуць пачаць удаваць мігрантаў, каб штурмаваць мяжу. І гэта «стварае дадатковыя рызыкі» для Польшчы.