«Беларускі Гаюн»: у Беларусь прыбыла 12-я калёна вагнэраўцаў, бронеаўтамабіляў яшчэ болей

Прадстаўнікі ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі».
Прадстаўнікі ПВК «Вагнэр» на палігоне «Берасьцейскі».

12-я калёна з тэхнікай ПВК «Вагнэр» зайшла ў Беларусь праз пункт пропуску Панятоўка (РФ) — Зьвянчатка (РБ) і рухаецца па трасе Р122 да Чавусаў (Магілёўская вобласьць) у суправаджэньні ДАІ Беларусі.

Пра гэта паведамляе праект маніторынгу ваеннай актыўнасьці «Беларускі Гаюн».

У калёне мінімум 50 адзінак аўтамабільнай тэхнікі, у тым ліку 5 бронеаўтамабіляў «Щука» («Чекан»), 3 бэнзавозы, 17 фураў, мінімум 3 тралы, якія перавозяць экскаватар, бэнзавоз і бронеаўтамабіль «Щука» («Чекан»), 6 КамАЗаў.

«Беларускі Гаюн» піша, што гэта як мінімум другая калёна ПВК «Вагнэр», якая зайшла ў Беларусь з бронеаўтамабілямі «Щука» («Чекан»).

25 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў пра 11-ю калёну вагнэраўцаў, у складзе якой было ня менш за 29 адзінак аўтамабільнай тэхнікі.

14 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі заявіла аб выпрацоўваньні сумесна з кіраўніцтвам ПВК «Вагнэр» «дарожнай мапы на найбліжэйшую пэрспэктыву па падрыхтоўцы і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных родаў войскаў». У той жа дзень прэсавая служба міністэрства апублікавала відэасюжэт, зь якога вынікала, што вагнэраўцы трэнуюць у Беларусі падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў.

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» пойдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што байцоў беларускіх войскаў тэрытарыяльнай абароны цяпер трэнуюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр» — кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэра».

​
XS
SM
MD
LG