Пра гэта паведамляе партал Delfi.
«Фактар рызыкі прысутнічае, сытуацыя пагоршылася з-за разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі, але гэтыя людзі з іх цяперашнім баявым патэнцыялам рэальнай ваеннай пагрозы не ўяўляюць», — сказаў агенцтву ELTA Кашчунас.
«Давайце захоўваць годнасьць і самапавагу. Гаворка ідзе аб групе ў тысячу-дзьве лёгкаўзброеных байцоў, якія цяпер нібыта кагосьці навучаюць: або імітуюць навучаньне, або на самай справе навучаюць. Несумненна, іх перамяшчэньне, відэазапісы, якія яны загружаюць, у нейкай ступені ўплываюць на інфармацыйнае поле, але гэта — лёгкаўзброеныя людзі» — падкрэсьліў палітык.
Паводле яго прысутнасьць наймітаў «Вагнэра» у Беларусі стварае пэўную рызыку, тым ня менш ён мяркуе, што яна больш выкарыстоўваецца як інфармацыйны інструмэнт для выкліканьня пэўнай рэакцыі.
«Гэтыя трэніровачкі, якія больш нагадваюць нейкую паказальную акцыю, мне здаецца, гэта больш правакаваньне нас усіх, каб нам даводзілася кожны раз камэнтаваць тое, што там адбываецца», — сказаў ён.
Старшыня соймавага камітэту ў бясьпецы ня лічыць, што ў адказ на разьмяшчэньне ў Беларусі наймітаў «Вагнэра» Літва павінна сьцягваць вайскоўцаў да мяжы або прымаць іншыя ўзмоцненыя меры. Паводле яго слоў, найлепшым адказам было б узмацненьне прысутнасьці саюзьнікаў па NATO на ўсходнім флянгу Альянсу.
«Але разьведка NATO бачыць і адрозьнівае, калі гэтая група можа і здольная нешта зрабіць, а калі не. Ці выкарыстоўваецца яна для нейкай інфармацыйнай вайны або для сур’ёзных рэчаў. Мне зараз здаецца, што гэта інфармацыйная вайна», — дадаў ён.
Найміты ПВК «Вагнэр», якія прыбылі ў Беларусь, удзельнічаюць у сумесных з беларускім войскам вучэньнях на Берасьцейскім палігоне, разьмешчаным за 40 кілямэтраў ад мяжы з Украінай і за 30 кілямэтраў ад мяжы з Польшчай.