Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся новыя дэталі пра цягнік Пуціна: вагон з хамамам і кабінэтам касмэтоляга, апарат ШВЛ


Уладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Уладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Састаў сакрэтнага спэццягніка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна складаецца з 22 вагонаў, уключаючы тры вагоны-рэстараны і спартыўна-аздараўленчы вагон.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным расьсьледаваньні Цэнтру «Дасье», CNN, Süddeutsche Zeitung, Westdeutscher Rundfunk і Norddeutscher Rundfunk.

Расьсьледавальнікі вывучылі дакумэнты Фэдэральнай службы аховы, Расейскай чыгункі і зьвязаных зь ёю структур. У прыватнасьці, размова ідзе пра дакумэнты кампаніі «Циркон Сервис», якая зрабіла для Пуціна спартыўна-аздараўленчы вагон.

Унутры гэтага вагона, як высьветлілі журналісты, ёсьць кабінэт касмэтоляга, трэнажорная заля і хамам (турэцкая лазьня). У кабінэце касмэтоляга, акрамя апаратаў для касмэталягічных працэдур, ёсьць апарат для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, асьпіратар для санацыі верхніх дыхальных шляхоў, дэфібрылятар і манітор пацыента, з дапамогай якога мэдыкі сочаць за пульсам, ціскам і іншымі парамэтрамі падчас анэстэзіі ці вэнтыляцыі лёгкіх. Гэты кабінэт абаронены ад праслухоўваньня, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Суседняе памяшканьне абсталяванае пад трэнажорную залю, у ім ёсьць лава для прэса, трэнажор для гіпэрэкстэнзіі, стэп-плятформа, гімнастычны мат і гантэлі вагой да васьмі кіляграмаў. Каналы на ўсіх тэлевізарах настроеныя ў такім жа парадку, як яны разьмешчаныя ў тэлевізары ў асноўным вагоне Пуціна. Для таго каб сыгнал не перарываўся, Маскоўскі навукова-дасьледчы інстытут радыёсувязі, паводле зьвестак расьсьледавальнікаў, распрацаваў уласную сыстэму буфэрызацыі: сыгнал спачатку загружаецца на спэцыяльнае абсталяваньне, а адтуль трансьлюецца на экран.

Усяго ў прэзыдэнцкім саставе 22 вагоны, але ня ўсе яны выкарыстоўваюцца адначасова, адзначаюць журналісты. Звычайна ў спэццягніку Пуціна каля 10 вагонаў. Восем вагонаў вырабілі яшчэ ў савецкі час ці неўзабаве пасьля распаду СССР — гэта ў асноўным тэхнічныя вагоны: гаражы, вузлы сувязі, дызэль-электрастанцыя, а таксама рэстараны. Вагоны спэцыяльна для Пуціна пачалі вырабляць у 2004 годзе. З 2014 году, згодна з выяўленымі расьсьледавальнікамі цэнтру кантрактамі, абслугоўваньне спэццягніка абышлося бюджэту ў 1,45 млрд расейскіх рублёў (каля 15 мільёнаў даляраў ЗША).

Расьсьледавальнікі мяркуюць, што, магчыма, у выключных выпадках вагоны з гэтага саставу падаюць для выкарыстаньня іншым высокапастаўленым палітыкам і службоўцам. Напрыклад, вагон-гараж з нумарам 017-79925 заўважылі ў 2010 годзе падчас візыту патрыярха Кірыла ва Ўкраіну. У ім перавозіліся два аўтамабілі маркі Cadillac.

Уласьнікі самога цягніка невядомыя. На вагонах бачная эмблема кампаніі «Гранд Сервис Экспресс», зьвязанай зь сябрам Пуціна Юрыем Кавальчуком. Згодна з дакумэнтамі «Циркон Сервиса», якія вывучыў Цэнтар «Досье», уласьнікаў некалькі. Так, уласьнікамі двух вагонаў зьяўляюцца РЖД, уласьнік аднаго вагона засакрэчаны, а ўласьнікамі яшчэ двух вагонаў значыцца кампанія «ВЕМИНА Авиапрестиж», якая выконвае падрады для ФСБ і абслугоўвае самалёты спэцатраду «Россия», якімі карыстаецца Пуцін.

Паводле расьсьледавальнікаў, «Циркон Сервис» цяпер працуе яшчэ над некалькімі заказамі, у тым ліку над вагонам з мультымэдыяцэнтрам, яшчэ адным спартыўна-аздараўленчым вагонам, двума вагонамі «люкс» (у адным будзе чатыры купэ і бар, у другім — шэсьць купэ). У плянах кампаніі таксама два вагоны-рэстараны, абсталяваныя спэцсувязьзю, а таксама «счэп з двух службовых вагонаў» (адзін для адпачынку, другі для перамоваў) і вагон-заля.

У «Циркон Сервисе» на пытаньні Цэнтру «Досье» і партнэраў па расьсьледаваньні не адказалі. У прэс-службе Крамля сказалі CNN, што спартыўна-аздараўленчага вагона ў Уладзіміра Пуціна няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG