«Прыезд вайсковага злачынцы Прыгожына ў Беларусь дадае яшчэ адзін элемэнт нестабільнасьці. Мы ня можам забыцца, як Лукашэнка арыштаваў 33 наймітаў „Вагнэра“ перад выбарамі 2020 году. Беларусі ня трэба больш злачынцаў і бандытаў, ёй патрэбная справядлівасьць, свабода і бясьпека для нашага народу», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў твітэры.
Ціханоўская лічыць, што Лукашэнка зноў зрабіў Беларусь «закладніцай чужых гульняў і войнаў».
«Ён спрабуе выкарыстаць свае звычайныя трукі, але мы ведаем, што яму нельга давяраць. Дыктатар ніколі ня будзе міратворцам, і яго месца толькі ў трыбунале, а не за сталом перамоваў», — заявіла яна.
Лідэр ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын адмовіўся ад «паходу на Маскву» і пагадзіўся зьехаць у Беларусь. За гэта ўлады Расеі вырашылі спыніць супраць яго крымінальную справу. Першай пра адмову ад мяцяжу паведаміла прэс-служба Лукашэнкі, заявіўшы, што менавіта ён пасьля доўгіх перамоваў спрычыніўся да спыненьня эскаляцыі.