Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэзыдэнт ня меў на ўвазе інтэрнаваньне»: улады Чэхіі растлумачылі словы аб «пільным назіраньні спэцслужбаў» за расейцамі


Пэтр Павэл на Радыё Свабода, 14 чэрвеня 2023 году.
Пэтр Павэл на Радыё Свабода, 14 чэрвеня 2023 году.

Офіс прэзыдэнта Чэхіі растлумачыў словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што грамадзяне Расеі, якія жывуць у краінах Захаду ва ўмовах вайны, якую Расея вядзе ва Ўкраіне, павінны быць «пад пільнай увагай спэцслужбаў».

Гэтыя словы прагучалі напярэдадні ў англамоўным інтэрвію прэзыдэнта Чэхіі Пэтра Павэла для Радыё Свабода і выклікалі вялікі рэзананс у расейскамоўным асяродзьдзі ў Чэхіі, а таксама бурную рэакцыю расейскай прапаганды.

Пэтру Павэлу, у прыватнасьці, задалі наступнае пытаньне (на 20:00 у відэа): «Як вы ставіцеся да грамадзян Расеі, якія жывуць у Эўропе і сьцьвярджаюць, што яны не падтрымліваюць пазыцыю Крамля? Ці дазволяць ім працягваць візы і віды на жыхарства? Ці павінны быць дадзеныя студэнтам з Расеі магчымасьці для атрыманьня адукацыі і пабудовы кар’еры або бізнэсу ў Эўрапейскім Зьвязе?

Павэл адказаў:

«Я лічу, што, як і ў выпадку з шэрагам сусьветных канфліктаў у мінулым, падчас вайны меры бясьпекі ў дачыненьні да расейскіх грамадзян павінны быць больш строгімі, чым у звычайны час. Так што за ўсімі грамадзянамі Расеі, якія жывуць у заходніх краінах, трэба сачыць значна больш пільна, чым раней, таму што яны грамадзяне нацыі, якая вядзе агрэсіўную вайну. Мне можа быць шкада гэтых людзей, але ў той жа час, калі мы азірнёмся назад, у часы, калі пачалася Другая сусьветная вайна, — тады ўсё японскае насельніцтва, якое жыло ў Злучаных Штатах, таксама знаходзілася пад строгім рэжымам назіраньня. Гэта проста цана вайны».

«Калі вы кажаце „пад рэжымам назіраньня“, што менавіта вы маеце на ўвазе?» — удакладніў інтэрвіюер.

«Я маю на ўвазе знаходжаньне пад пільнай увагай спэцслужбаў», — растлумачыў прэзыдэнт.

У гады Другой сусьветнай вайны ўлады ЗША інтэрнавалі ня менш за 125 тысяч асоб японскага паходжаньня, у тым ліку дзясяткі тысяч японцаў, якія былі грамадзянамі ЗША, у «вайсковыя цэнтры перамяшчэньня», якія цяпер многія называюць канцэнтрацыйнымі лягерамі. З 1948 году ЗША выплачвалі кампэнсацыі вязьням лягераў, якія выжылі, а ў канцы 1980-х афіцыйна выбачыліся перад імі.

Інтэрвію Пэтра Павэла працытавалі як многія сусьветныя СМІ, пачынаючы з Reuters і выданьня Politico, так і расейскія прапагандысты, у прыватнасьці канал Уладзіміра Салаўёва.

Прэсавая сакратарка прэзыдэнта Чэхіі Маркета Рэхакава пасьля інтэрвію ў пісьмовым камэнтары Радыё Свабода падкрэсьліла, што «Прэзыдэнт ніякім чынам ня меў на ўвазе інтэрнаваньне або які-небудзь перасьлед» расейскіх грамадзян.

Яна патлумачыла, што рэжым «пільнага назіраньня спэцслужбаў», пра які казаў прэзыдэнт Чэхіі, адносіцца не да кожнага чалавека, які зьяўляецца грамадзянінам РФ і жыве за мяжой, а «да тых, у каго ёсьць фактары рызыкі». Спасылка на японскіх грамадзян у Злучаных Штатах падчас Другой сусьветнай вайны, паводле яе слоў, «была зроблена Пэтрам Павэлам у кантэксьце таго, што абмежавальныя меры ў адносінах да грамадзян варожых краін не зьяўляюцца чымсьці новым і прымяняліся ў мінулым, хоць і больш жорстка» .

Аднак яна падкрэсьліла, што пераважная большасьць жыхароў Расеі сёньня падтрымліваюць прэзыдэнта Пуціна, агрэсію супраць Украіны і нават напады на цывільныя аб’екты ва Ўкраіне.

«У гэтых умовах было б поўным правалам нашых уласных сілавых структур і пагрозай бясьпецы нашых грамадзян, калі б гэтыя [сілавыя] службы не аддавалі павышанай увагі расейскай грамадзе, якая жыве ў нашай краіне», — растлумачыла прэсавая сакратарка Пэтра Павэла.

Расейцы — значная па велічыні дыяспара ў Чэхіі. У сакавіку 2022 году, калі пачалася вайна ва Ўкраіне, у Чэхіі знаходзілася больш за 46 тысяч грамадзян РФ (на 10 зь невялікім мільёнаў насельніцтва). Аднак варта ўлічыць, што гэта тычыцца толькі расейцаў, якія жывуць у Чэхіі па візах і дазволах на жыхарства, а тысячы расейцаў маюць чэскае грамадзянства на дадатак да расейскага.

У апошнія гады ў Чэхіі адбылося некалькі буйных скандалаў, зьвязаных зь дзейнасьцю расейскіх спэцслужбаў у гэтай краіне. Найбуйнейшы з іх быў зьвязаны з датычнасьцю расейскага ГРУ да выбухаў на складзе боепрыпасаў у горадзе Врбэціцэ ў 2014 годзе, у выніку чаго загінулі некалькі грамадзян Чэхіі.

Прага пасьля гэтага выслала 18 расейскіх дыпляматаў. У адказ Расея выслала 20 супрацоўнікаў амбасады Чэхіі ў Маскве. У траўні 2021 году ўрад Расеі зацьвердзіў пералік недружалюбных краін, у які ўвайшлі толькі ЗША і Чэхія. Гэты статус захоўваецца за Чэхіяй да гэтага часу.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG